Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч ў турме хварэе на грып і лекуецца з дапамогай «Бацькаўшчыны»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
Лідэры незарэгістраванай арганізацыі «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, якіх трымаюць у Жодзінскім СІЗА, пішуць на волю пра хуткі суд і пра тое, як перамагаюць цяжкасьці ў зьняволеньні.

3 лютага маладзёвая актывістка Тацяна Шапуцька атрымала чарговыя лісты з Жодзінскага ізалятара — ад Зьмітра Дашкевіча, якога зь сярэдзіны сьнежня трымаюць за кратамі паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

Разам з Дашкевічам у жодзінскім ізалятары знаходзіцца і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў — яму таксама пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Нібыта ён на пару з Дашкевічам напаў на мінака ў Менску.

Ад адваката Паўла Сапелкі, які наведаў Дашкевіча ў панядзелак, 31 студзеня, вядома, што Зьміцер вінаватым сябе не прызнае. Тое самае і адносна Лобава.

Маладыя людзі пішуць на волю, што сьледчыя дзеяньні зь імі ўжо фактычна спыніліся і, спасылаючыся на сьледчага, паведамляюць, што хутка пачнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, якая ў канцы лютага можа трапіць ў суд.

Тацяна Шапуцька: «Прыйшло мне адразу два лісты. Ён піша, што збольшага ў яго ўсё нармальна. З нашых лістоў ён зразумеў, што ня ўсе ягоныя лісты даходзяць да яго і гэтаксама ня ўсе ад нас яму перадаюць. Выбарачна дазваляюць ліставаньне.
Газэты яму таксама перадаюць выбарачна. Тыя, дзе ёсьць пра яго інфармацыя, не перадаюць.
Газэты яму таксама перадаюць выбарачна. Тыя, дзе ёсьць пра яго інфармацыя, не перадаюць, а астатнія — перадаюць. Таксама напісаў пра допыты. Што было некалькі допытаў, а зараз ужо ціха. Чакае не дачакаецца, калі крымінальную справу перададуць у суд. Бо, як ён піша, у Менску хоць нейкі рух, а тут поўная ізаляцыя. Мяркуючы па ўсім, ён ня ведае, што адпусьцілі з турмы КДБ пад хатні арышт Халіп і Някляева, а Радзіну і Вазьняка — пад падпіску. Але ведае, што мусіў быць суд пра зьмену меры стрыманьня для Насты Палажанкі, і спадзяецца, што яе выпусьцяць. І перадае ёй прывітаньне».

Таксама Зьміцер Дашкевіч напісаў, што захварэў на грып, моцна кашляў, але цяпер ужо пачуваецца лепей. Нядаўна вязень атрымаў пасылку ад таварыства беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» — ад кіраўнікоў арганізацыі Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай. Дашкевіч ім вельмі ўдзячны за падтрымку. Таксама Зьміцер перадае падзяку ўсім, хто зь ім салідарны.

Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, супрацоўнікі КДБ у Жодзінскай турме спрабавалі схіліць Дашкевіча і Лобава да супрацоўніцтва. Прыкладам, Дашкевічу ў абмен на вызваленьне Насты Палажанкі нібыта прапаноўвалі даць падрабязную інфармацыю пра «Малады фронт», пераказвае Наста Лойка ліст Дашкевіча. Падобным чынам спэцслужбы спрабавалі апрацоўваць і Эдуарда Лобава.

Пра Эдуарда Наста Лойка распавяла: «Атрымала я ад яго адзін ліст. Ён піша, што акрамя тых „наездаў“ з боку КДБ больш нічога падобнага не было. На ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца, мяркую, зь ягонай вайсковай падрыхтоўкай гэта можна вытрымаць».

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў занесеныя сьледчымі ў лік сьведак па справе аб падзеях 19 сьнежня. Між тым, актывісты былі затрыманыя за некалькі дзён да дня выбараў і ў акцыі пратэсту ў дзень выбараў ня ўдзельнічалі.

Паводле праваабаронцаў, крымінальную справу пра злоснае хуліганства, якую вядуць у дачыненьні да актывістаў, могуць пачаць разглядаць у судзе ужо ў сакавіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG