Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўка — на вэнэсуэльскую нафту азэрбайджанскага разьліву


Ад сёньня праз трубаправод Адэса-Броды пачнуцца сталыя пастаўкі азэрбайджанскай нафты для Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Паводле такой схемы мяркуецца прапампаваць блізу 4 мільёнаў тон сыравіны. Як спадзяюцца ў беларускім урадзе, Мазырскі НПЗ на працягу 2011 году будзе загружаны на поўную моц.

Тэхнічна схема выглядае так: танкерам нафта з Азэрбайджану дастаўляецца ва ўкраінскі порт "Паўднёвы", а далей трубаправодам Адэса – Броды да нафтаперапрацоўчага прадпрыемства ў Мазыры. На транзыт першай партыі з 80 тысяч тон нафты з Адэсы ў Мазыр запатрабуецца некалькі дзён. Усяго ж гадавы кантракт паміж Беларускай нафтавай кампаніяй і Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азэрбайджану прадугледжвае пастаўку 4 мільёнаў тон сыравіны.

Хоць намінальна нафта і азэрбайджанская, але насамрэч яна папросту будзе замяшчаць вэнэсуэльскую сыравіну, пастаўкі якой, як нарэшце прызналі беларускія чыноўнікі, выходзяць не такія танныя, як спадзяваліся ў Менску. Праўда, кошт экспэрымэнту з такой схемай танкерных паставак праз акіян не называецца дагэтуль.

Цяпер, калі азэрбайджанская нафта будзе замяшчаць вэнэсуэльскую, Азэрбайджан зможа забіраць аналягічны аб'ём, зарэзэрваваны для Беларусі, у Вэнэсуэле, прадаючы яго потым у ЗША ці ў іншых краінах. Такая схема, на думку дзяржаўных экспэртаў, дазволіць аптымізаваць сыстэму паставак нафты з Вэнэсуэлы і зьнізіць яе сабекошт.

Генэральны дырэктар прадпрыемства "БНК Украіна" Мікалай Васілевіч пацьвярджае, што для рэгулярнага перапампоўваньня нафты ў Беларусь практычна ўсё падрыхтавана:
У дадатак да нафты, якая закупляецца ў Расеі, яна будзе даваць адчувальны прыбытак для беларускай дзяржавы...


"Трэба адзначыць, што азэрбайджанская нафта – гэта лёгкая нафта, гатунак нафты Azeri Light. Адпаведна, зь яе вельмі добры выхад сьветлых нафтапрадуктаў. Іншымі словамі, у дадатак да нафты, якая закупляецца ў Расеі, яна будзе даваць адчувальны прыбытак для беларускай дзяржавы".

Паводле плянаў, штомесяц у Беларусь будзе пастаўляцца каля 300 тысяч тон азэрбайджанскай нафты. Для гэтага танкер павінен прычальваць у порце "Паўднёвы" раз на тыдзень. Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех так ацэньвае новы кірунак нафтавых паставак у Беларусь:

"У першую чаргу пытаньне нафты сёньня – гэта палітычнае пытаньне. Натуральна, трэба заўсёды шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і, магчыма, гэта таксама варыянт. Але ж самае незвычайнае ў гэтай схеме, якая цяпер запускаецца, – тое, што нейкая азэрбайджанская нафта ідзе ўзамен нафты вэнэсуэльскай. Што гэта за разьлікі такія цікавыя? Вось пра што трэба казаць.
Паколькі схемы цалкам непразрыстыя, то заўсёды трэба мець на ўвазе, што тут ёсьць і карупцыйны складнік...


Гэта ўсё больш нагадвае нейкія чарговыя афэры. Рэч у тым, што калі вы дамаўляецеся з адным бокам, што ён будзе пастаўляць вам нафту, а потым нейкім чынам гэтую нафту пастаўляе ўжо іншы бок, то як будзе ісьці пераразьлік, застаецца пад пытаньнем. Паколькі схемы цалкам непразрыстыя, то заўсёды трэба мець на ўвазе, што тут ёсьць і карупцыйны складнік".

Варта нагадаць: нягледзячы на справаздачы беларускага ўраду пра тое, што для набыцьця расейскай нафты ўдалося вытаргаваць самыя ўдалыя ўмовы, ніякай пэўнасьці ў гэтым пытаньні насамрэч няма. Нядаўнія перамовы ў Маскве з удзелам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча выявілі шэраг нестыковак у пазыцыях бакоў.

У выніку Менск быў змушаны пайсьці на саступкі расейскім дастаўцам, якія замест чаканых унутрырасейскіх цэнаў запатрабавалі 46 даляраў так званых "прэміяльных" на кожнай тоне "чорнага золата". І тое, што ўлады ўпарта шукаюць альтэрнатыўныя варыянты паставак, лішні раз сьведчыць: расейская нафта абыходзіцца занадта дорага, каб набываць там увесь аб'ём.

Унутраныя патрэбы краіны ў нафце крыху перавышаюць 6 мільёнаў тон. Аднак штогод Беларусь набывае больш за 20 мільёнаў тон нафты, маючы немалыя дывідэнды ад рэалізацыі на Захад прадуктаў перапрацоўкі.

І калі раней Расея пастаўляла сыравіну ўзамен на віртуальныя саюзьніцкія адносіны і гаворка ішла пра звышпрыбыткі ад далейшай рэалізацыі бэнзіну ды саляркі, то зь пераходам на рынкавыя адносіны валютныя плыні істотна зьменшыліся. А калі з-за палітычнай сытуацыі ў Беларусі міжнародная супольнасьць ўрэшце будзе вымушаная ўвесьці супраць рэжыму Лукашэнкі эканамічныя санкцыі, то нафтавыя рэкі ў бюджэт могуць перасохнуць канчаткова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG