Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, 1991-2011. ч. 1. “Ваяўнічая сіла супраць народа”


Літоўцы абараняюць парлямэнт, 14 студзеня 1991 г. Фота С. Грыца
Літоўцы абараняюць парлямэнт, 14 студзеня 1991 г. Фота С. Грыца

Прыемна, калі праз дваццаць гадоў пасьля сустрэчы бачыш, што жанчына не страціла прыгажосьці. І нават набыла большую абаяльнасьць. Хаця, канешне, час уносіць свае зьмены. Жанчына можа выйсьці замуж, зьмяніць прозьвішча. Ці – стаць міністрам абароны.

– Вы проста як з неба зваліліся, я якраз прыгадвала, як тады сустракала беларусаў, – кажа мне Раса Юкнявічэне, і я здагадваюся, што словы пра “неба” ў яе вуснах не зусім мэтафара – апошнім часам спадарыня Раса бачыць, як падаюць з неба дэсантнікі ці бронетэхніка на розных манэўрах НАТО, дзе ў якасьціміністра абароны Літвы ёй давозіцца прысутнічаць.

Раса Юкнявічэне, міністар абароны Літвы
Па публікацыях сачыў за дзейнасьцю дэпутаткі Юкнявічэне, якая некалькі гадоў таму стварыла ў Сэйме Літвы парлямэнцкую групу падтрымкі беларускай дэмакратыі; дапамога беларуска апазыцыі з боку літоўскага кіраўніцтва (а ў Вільні, як вядома, працуюць ЭГУ, “дом правоў чалавека”, некаторыя іншыя ўстановы) – у немалой ступені і яе заслуга. Ведаў, што яна кажа пра зацікаўленасьцья ў далучэньні Беларусі (натуральна, у пэрспэктыве) – да НАТА. Але фотаздымкаў яе ня бачыў і ня мог уявіць, што гэта тая самая Раса (тады – Растаўскене), якая 15 студзеня 1991 году сустракала на мяжы нас, беларускіх дэпутатаў, якія ехалі падтрымаць літоўцаў.

І вось сустрэча праз дваццаць гадоў ў Вільні ў дні, калі Літва адзначае 20-годзьзе падзеяў студзеня 1991-году, і куды разам з Валянцінам Голубевым мы запрошаныя стпікерам Сейму.

Акт аб аднаўленьні незалежнасьці, прыняты Вярхоўным Саветам Літвы, быў моцным ударам па савецкай імпэрыі
... Акт аб аднаўленьні незалежнасьці, прыняты Вярхоўным Саветам Літвы 11 сакавіка 1990 году, быў моцным ударам па савецкай імпэрыі, і генэральны сакратар ЦК КПСС, прэзыдэнт СССР Гарбачоў рабіў ўсё магчымае, каб “вярнуць Літву у канстытуцыйнае рэчышча” і прымусіць літоўскіх дэпутатаў скасаваць сваё рашэньне. Пераконваў Бразаўскаса, заклікаў да “здаровага сэнсу” літоўскую дэлегацыю на з’езде народных дэпутатаў СССР, нарэшце, сам паехаў у Літву.

Першы сакратар ЦК кампартыі Літвы А. Бразаўскас і Генэральны сакратар ЦК КПСС М. Гарбачоў. Вільня. 1990 г.
“Нікуды вы не сыдзеце!” – заявіў Гарбачоў на сходзе партактыву, але разуменьня не пачуў.

“Вы ж хочаце жыць у абноўленым Саюзе?” – запытаў Гарбачоў на вуліцы ў звычайных людзей, перад якімі спыніўся ягоны картэж. “Не!” – хорам адказалі літоўцы.

Кінахроніка захавала разгубленасьць Гарбачова. Ніякіх палітычных аргумэнтаў у Крамля не заставалася.

І тады, 13 студзеня 1991-га, на вуліцах Вільні з’явілася бронетэхніка. Ландсбергіс спрабуе датэлефанавацца да Гарбачова – памочнік адказвае, што “Міхаіл Сяргеевіч сьпіць”. Захоплены тэлецэнтар, тэлевежа, Дом друку. Аўтаматчыкі бьюць мірных людзей прыкладамі “калашнікава” – з усёй сілы. Потым пачынаюць страляць. Забітыя трынаццаць чалавек.

Вільня, 13 студзеня 1991 г.
“Дзіўна, як у гэтай дзяржаве, па сутнасьці, нічога не мяняецца, -- пісаў у тыя дні Васіль Быкаў. -- Цячэ час, набліжаецца да завяршэньня ХХ стагодзьдзе, завяршаецца шосты год перабудовы, а звычкі роднага кіраўніцтва, яго ўстойлівы антыдэмакратызм застаюцца без устойлівых зьменаў. Ланцуг д’ябальскіх злачынстваў, паўтараючыся з зайздроснай рэгулярнасьцю, абяцае працягнуцца ў будучае стагодзьдзе. Угоршчына-56, Навачэркаск-62, Чэхаславаччына-68, Тбілісі, Баку... Цяпер вось Вільнюс. І зноў – грубая, ваяўнічая сіла супраць народа, кроў і чалавечыя сьмерці... У гэты цяжкі час я дасылаю братэрскае прывітаньне маім сябрам – літоўскім пісьменьнікам і вельмі жадаю ім пратрымацца. Беларуская інтэлігенцыя, БНФ у гэтыя дні – разам з Літвой, нашай братэрскай Летувай, і мы молімся за яе перамогу над спрадвечным злом і справядлівасьцю” (“Знамя юности”, 16 сатудзеня 1990 г.).

... Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў 363-ім пакоі Дому ўраду 13 студзеня адразу, як пачулі пра падзеі ў Вільні (асабіста для мяне крыніцай інфармацыі было радыё “Свабода”). Напісалі заяву з асуджэньнем дзеяньняў Крамля і падтрымкай літоўскай незалежнасьці:

“... Мы зьвяртаемся да народу Літоўскай Рэспублікі, яго законна абранага Вярхоўнага Савету і ўраду і выказваем падтрымку ў гэты цяжкі час. Мы ў жалобе па ахвярам, якія прынёс народ Літвы на алтар свабоды і незалежнасьці. Мы зьвяртаемся да ўсіх Вярхоўных Саветаў сувэрэнных і аўтаномных рэспублік з заклікам падтрымаць народ Літвы ў яго справядлівых памкненьнях.

“Патрабуем прызнаньня дэ-юрэ і дэ-факта ўсіх абвешчаных сувэрэнітэтаў рэспублік...”
Мы патрабуем ад Прэзыдэнта СССР:

- Вывесьці ўсе дэсантныя войскі з Прыбалтыйскіх рэспублік і неадкладна прыступіць да перамоў з законна абраным Вярхоўным Саветам і Ўрадам Літоўскай Рэспублікі па рашэньню спрэчных пытаньняў;

- Адстаўкі міністра абароны СССР, які санкцыяаваў гэтую правакацыю, што прывяла да чалавечых ахвяраў;

... Прызнаньня дэ-юрэ і дэ-факта ўсіх абвешчаных сувэрэнітэтаў рэспублік...

Народныя дэпутаты Беларускай ССР Садоўскі Пётра, Трусаў Алег, Вярцінскі Анатоль, Шут Аляксандар, Новік Уладзімер, Зданевіч Лявонцій, Голубеў Валянцін, Заблоцкі Уладзімер, Крыжаноўскі Мікалай, Пазьняк Зянон, Малашка Віталь, Навумчык Сяргей.”


Падпісаўшы гэты тэкст, наступнае, што я зрабіў – напісаў заяву аб выхадзе з КПСС (тады шмат хто з актывістаў БНФ быў членам партыі; членамі КПСС у свой час былі намесьнікі Пазьняка ў БНФ Міхась Ткачоў і Юры Хадыка, дэпутаты Апазыцыі Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў, Сяргей Папкоў; я ў КПСС уступіў у войску, наіўна спадзеючыся на абнаўленьне, перабудову і іншыя лёзунгі “сьвежага ветразя пераменаў”. Канешне, ні спадзяваньні, ні абставіны (войска) ніякім чынам ня могуць быць апраўданьнем).

На наступны дзень, калі распачалося чарговае паседжаньне сэсіі, мы прапанавалі прыняць заяву ў падтрымку Літвы Вярхоўнаму Савету.

Далей – цытаты з рэпартажаў тых дзён.

“Меркаваньні падзяліліся: адны прапаноўвалі прыняць заяву адразу, іншыя – пачакаць вяртаньня з Вільні і расповяду пра падзеі Старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцея (Дземянцей на просьбу Гарбачова выехаў ў Літву -- С.Н.). Перамагло, як звычайна, кампраміснае рашэньне: накіраваць у Вільню групу дэпутатаў і па яе вяртаньні разам з Дземянцеем вынесьці рашэньне. Пасьля прыняцьця такой фармулёўкі дэпутат Папкоў заявіў, што ня будзе працаваць на сэсіі да вырашэньня пытаньня пра Літву. Дэпутат Навумчык сказаў,што ў гэты момант амаральна абмяркоўваць нешта іншае, не абмеркаваўшы становішча ў Літве. І таксама пакінуў залю” (Віталь Цыганкоў, “Ззаду плянэты ўсёй?” Знамя юности, 16 студзеня 1991 г.

Валянцін Голубеў на трыбуне ВС, 1991 г.
… Яшчэ на калідоры пачуў, што тэлефон у пакоі апазыцыі звоніць няспынна. Паведамлялі з Вярхоўнага Савета Літвы (здаеца, нават сам Ландзбергіс) – над будынкам парлямэнту з’явіліся вайсковыя вэрталёты, пагроза штурму будынку рабілася ўсё больш рэальнай. Вярнуўся ў Авальную залю – ад мікрафону якраз прамаўляў Валянцін Голубеў. За ім, памятаю, была чарга жадаючых выступіць дэпутатаў, чакаць не выпадала. Падышоў да Голубева.

-- Валянцін, над Вярхоўным Саветам Літвы ўжо ваенныя верталёты.

Голубеў сказаў пра верталёты і пагрозу штурму і, як ён сам цяпер прыгадвае, пасьля гэтага рэплікі супраць дэлегаваньня дэпутатаў у Літву спыніліся.

“Склад дэлегацыі для праездкі ў Вільнюс прапанаваў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Ён быў прыняты без пярэчаньняў. У Вільнюс накіраваліся: Ніл Гілевіч – паэт, Валянцін Вялічка – у нядаўнім мінулым сакратар Гомельскага абкама партыі, цяпер – прафсаюзны лідэр вобласьці, Тацьцяна Анісенка – намесьнік дырэктара прадпрыемства таварыства глухіх, Валянцін Голубеў – гісторык, Генадзь Карпенка – старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета, Сяргей Шабашоў – дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі, і Міхаіл Сьлямнёў – старшыня пастаяннай камісіі.” (“Народная газета”, 16 студзеня 1991 г.).

У склад афіцыйнай дэлегацыі ўвайшоў толькі адзін дэпутат апазыцыі БНФ -- Валянцін Голубеў. Але мы вырашылі, што аднаго – недастаткова, і ў перапынку паміж паседжаньнем Апазыцыя БНФ сфармавала сваю дэлегацыю – Барыс Гюнтар, Ігар Пырх і аўтар гэтых радкоў.

Барыкады ля Вярхоўнага Савету Літвы, студзень 1991 г.
Такім чынам, у Вільню у той вечар выяжджала дзьве дэлегацыі беларускіх дэпутатаў: афіцыйная з сямі дэпутатаў і “апазыцыйная” – з трох. Але існуе меркаваньне, што ўсяго выехала адзінаццаць дэпутатаў – пра таго, хто не ўвайшоў у склад ніводнай дэлегацыі, крыху пазьней.

Мы з Гюнтарам и Пырхам вырашылі ехаць адразу, не чакаючы афіцыйнай дэлегацыі (для яе фармавалі картэж з аўтамабілямі суправаджэньня, што, ў прынцыпе, абсалютна апраўдана; нам выдзелілі дзяжурную “Волгу”).

Праз пару гадзін на мяжы нас сустрэла дэпутат Сэйму Раса Растаўскене:

-- Вам замоўлены гатэль і я магу вас туды праводзіць. Альбо іншы варыянт – паедзем адразу у Вярхоўны Савет. Але ёсьць вялікая пагроза штурму.

Уладзімер Кармілкін, Вільня, 16 студзеня 1991 г.
Натуральна ж, мы выбралі Вярхоўны Савет.

Вакол будынку літоўскага парлямэнту – дзесяткі, а мо і сотні тысяч людзей, яны выйшлі падтрымаць Вярхоўны Савет. Бэтонныя блёкі, барыкады з арматуры, паляцца вогнішчы, людзі трымаюцца за рукі і сьпяваюць песьні. Сярод жоўта-зялёна-чырвоных літоўскіх і нашыя, бел-чырвона-белыя сьцягі. Сярод абаронцаў літоўскай свабоды і беларусы – і тыя, што стала жылі ў Літве, і актывісты Народнага Фронту з Менску. Уладзімер Кармілкін гэтым разам не з фотапаратам, а з плякатам.

Нас правялі у залю пасяджэньняў Вярхоўнага Савету і пасадзілі непадалёку ад старшыні ВС БССР Мікалая Дземянцея, які выступаў там у ролі эмісара Гарбачова.

Калі Дземянцей нас пабачыў, ён зьмяніўся ў твары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG