Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея паказала, што ўмее „прасаваць“ сваіх партнэраў»


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Беларускія НПЗ заключылі кантракты на імпарт нафты ў студзені на ўмовах, прапанаваных расійскімі кампаніямі, гэта значыць з прэміяй 46 даляраў за тону. Чаму Беларусь вымушаная была пайсьці на расейскія ўмовы пастаўкі нафты? Як можна ацаніць словы прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна, што Расея датуе беларускую эканоміку на 4 мільярды даляраў? На гэтыя пытаньні адказвае з Масквы дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Як можна ацаніць факт падпісаньня кантракту на імпарт расейскай нафты ў Беларусь на расейскіх умовах? Ці быў ён непазьбежным і ці можна яго назваць выгодным для Менску?

Коктыш: Ён альбо непазьбежны альбо выгодны. Адначасова адно і другое не бывае. Вядома, ён непазьбежны, бо ўсе магчымасьці манэўру для Лукашэнкі былі згублены пасьля 19 сьнежня. Пасьля гэтага — даволі прадказальна, што Расея пачне эканамічнымі сродкамі выказваць свае нэгатыўныя адносіны да беларускага рэжыму.

На гэты раз Захад таксама будзе кансалідавацца, гледзячы на беларускі рэжым. Як я ўжо казаў, Аляксандар Лукашэнка пераўтварыўся ў чыньнік кансалідацыі Эўразьвязу, а таксама Эўразьвязу і Расеі.
Даволі прадказальна, што Расея пачне эканамічнымі сродкамі выказваць свае нэгатыўныя адносіны да беларускага рэжыму.


Цыганкоў: То бок вы гэтыя пагадненьні ацэньваеце выключна з палітычнага пункту гледжаньня, а не эканамічнага?

Коктыш: Калі Расея паказала, што ўмее «прасаваць» сваіх партнэраў па перамовах, то яна пачала выкарыстоўваць тую тактыку і стратэгію, якую раней выкарыстоўваў Менск. Зараз проста крыху зьмяніліся ролі і пачалася зваротная гульня.

Да таго ж беларускі прэзыдэнт прызвычаіў і Захад і Расею, што ён здольны гарантаваць нафтавую незалежнасьць Беларусі, дзякуючы вэнэсуэльскай нафце. Урэшце яму «паверылі». Таму ўсе ведалі, што Беларусь здолее мець нейкі запас трываласьці, заняць больш моцную пазыцыю на гэтых перамовах з Масквой. Але гэтага не адбылося.

Цыганкоў: Як тады можна ацаніць гучныя словы Ўладзімера Пуціна, які заявіў падчас візыту ў Маскву беларускага прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, што Расея будзе датаваць Беларусь на 4 зь лішкам мільярды даляраў.

Коктыш: Мы ня ведаем умовы і фармат гэтага датаваньня, які быў прапанаваны Менску. Магчыма, меліся на ўвазе нейкія крокі ў адказ беларускага боку. Таму мы можам толькі здагадвацца.

Цыганкоў: Можа, Пуцін сказаў «а», а не сказаў «б», што Расея адной рукой дае, а іншай забірае праз цану на нафту, праз забіраньне мытаў у свой бюджэт.

Коктыш: Ня думаю. Датаваньне азначае, што нейкія грошы даюцца, а ў адказ на гэта плата ідзе не грашыма, а чымсьці іншым. Магчыма, ляяльнасьцю, магчыма, уплывам. Але «датацыі» прадугледжваюць нематэрыяльную форму аплаты. Хутчэй за ўсё, мы проста ня ведаем, якія фарматы прапанаваліся. Але выглядае, што гэтыя фарматы Менск не задаволілі, прынамсі, на момант перамоваў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG