Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альбо — турма, альбо — эміграцыя…»


Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
Belarus - Belarusian-Lithuanian border, 19Jun2008
Многія дэмакратычныя актывісты пасьля 19-га сьнежня вырашылі пакінуць радзіму. Зьязджаць пачалі тады, калі пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, допыты і ператрусы. Хто і як уладкаваўся ў часовай эміграцыі, якія ў гэтых людзей спадзяваньні?

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Бяз мужа і бацькі вельмі цяжка нашай сям’і»

Адразу пасьля разгону Плошчы зь Беларусі зьехалі двое актывістаў «Гавары праўду» — Ігар Каваленка з Магілёва й Алег Мяцеліца зь Бялынічаў. Яны былі даверанымі асобамі кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Вяртаньня на радзіму актывісты чакаюць у Вільні.

Ігар Каваленка
Ігар Каваленка быў удзельнікам Плошчы. Па дарозе ў Магілёў вырашыў не гуляць зь лёсам і паехаў у Смаленск. Адтуль праз Санкт-Пецярбург і Фінляндыю дабраўся да Вільні.

«На той момант не было пагрозаў, але я разумеў, што раз „вырубілі“ Някляева, калі ён быў яшчэ кандыдатам на прэзыдэнцтва, то ўсё будзе разгортвацца вельмі жорстка. Каб не сядзець у турме, я вырашыў зьехаць за мяжу. У турме ты нічога ня зробіш ні для сяброў, ні для радзімы, а з замежжа можна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі. Жаданьне было выехаць на два-тры дні».

Вяртаньня Каваленкі чакаюць у Магілёве жонка й двое дзяцей. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у іхнай кватэры. Пакуль гэта адзіны выпадак, калі жонка на ўласныя вочы пабачыла, як працуюць спэцслужбы. Суседзі й блізкія з разуменьнем ставяцца да мужавага ад’еду, кажа Алена Каваленка. Наагул безь яго цяжка, прызнае яна:

«Ён жа наш кармілец асноўны. І безь ягонай падтрымкі дужа цяжка сям’і, безь яго, канечне, увогуле».

Алег Мяцеліца
Алега Мяцеліцу ў Бялынічах чакаюць жонка й двое непаўналетніх дзяцей. Ператрусаў у кватэры актывіста не было. У дачкі Яўгеніі, тым ня менш, участковы міліцыянт выпытваў, дзе тата. У хату дзяўчына яго не пусьціла, сказала, каб пакінуў нумар тэлефона, і тады бацька зь ім зьвяжацца. Паводле дачкі, дагэтуль у сям’і такой працяглай разлукі не было:

«І мама перажывае, і я, і брат малы. І па гаспадарцы таксама дужа цяжка безь яго. Мае знаёмыя таксама перажываюць і за тое, што адбылося 19 сьнежня, і за тое, што адбываецца цяпер у краіне, і што тата зьехаў, і што не адзін ён такі».

За плячыма Алега Мяцеліцы — семдзесят сутак адміністрацыйных адседак. Імі ўлада адзначыла ягоную актыўнасьць у папярэдніх выбарчых кампаніях. Да Вільні ён дабіраўся праз Расею і Эстонію. Чаму Вільня? Таму што сюды імкнецца большасьць беларускіх палітуцекачоў, тлумачыць актывіст.

«Вільня — гэта горад, блізкі да Беларусі. Тут унівэрсытэт ЭГУ, тут ёсьць Дом правоў чалавека. Ёсьць заўжды беларусы. Заўсёды сюды нехта прыяжджае. Такім чынам, тут можна пачынаць нешта рабіць. Што мы й пачалі зь першых дзён».

Алег Мяцеліца і Ігар Каваленка разам з калегамі зь іншых беларускіх рэгіёнаў ствараюць у Вільні «Беларускае бюро грамадзянскага й палітычнага прадстаўніцтва». Яно, мяркуюць актывісты, стане каардынацыйным цэнтрам узаемадзеяньня беларускай аб’яднанай апазыцыі зь літоўскімі палітычнымі й грамадзянскімі структурамі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Плянаваць будучыню пры гэтай уладзе надзвычай складана»

Зь Берасьця і рэгіёну зьехалі за мяжу пасьля падзей на Плошчы некалькі чалавек. Паплечнікі ня ведаюць, ці вернуцца іх сябры ў Беларусь.

Глеб Хамутоў, студэнт ЭГУ, і студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту Андрэй Шарэнда цяпер за мяжой, адпаведна ў Вільні і Варшаве. У сацыяльных сетках Глеб Хамутоў адзначыў, што жадае зьмяніць сваё жыцьцё, жахліва стаміўся ад таго, што адбылося. Сябры і паплечнікі ня ведаюць, ці вернуцца юнакі ў Берасьце, кажа сябра партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

«Болей, акрамя Глеба Хамутова і Андрэя Шарэнды, зь Берасьця ніхто не зьяжджаў. Цяжка сказаць, ці вернуцца яны пасьля сэсіі дадому, я пра гэта і ня ведаю».

Аляксандар Лукін з Кобрыня ўжо ня першы год працуе за мяжой. 19 сьнежня ён быў у офісе «Хартыі-97», калі там прайшоў ператрус і ўсіх прысутных затрымалі. Аляксандра асудзілі на 15 сутак, якія ён адседзеў у Жодзінскай турме. Пасьля адбыцьця пакараньня Аляксандар зьехаў у Францыю. Бізнэс і сваю нерухомасьць у Беларусі ён вырашыў прадаць:

Цяжка цяпер плянаваць сваю будучыню пры існай уладзе.
«Тое, што адбылося, — проста жах. Я ведаў, што ў краіне існуюць праблемы з дэмакратыяй. Але каб настолькі, я ня мог уявіць. На некаторы час я яшчэ вярнуся ў Кобрынь, каб прадаць сваю маёмасьць. Цяжка цяпер плянаваць сваю будучыню пры існай уладзе».

Аляксандар Лукін меў спадзяваньне, што пасьля выбараў сытуацыя зьменіцца. Цяпер ён вырашыў канчаткова зьехаць за мяжу:

«Тое, што адбывалася і адбываецца, паўплывала на мяне вельмі моцна. Я раней вагаўся з сваім рашэньнем застацца. Тым больш, мая дачка нарадзілася ў Францыі…».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Зьяжджалі таму, што некаторых у КДБ нават катавалі…»

Некаторыя актывісты з Гарадзеншчыны зьехалі за мяжу, яшчэ не дачакаўшыся, пакуль іх выклічуць на допыты ў КДБ. Іншыя зазналі хатнія ператрусы, выклікі на допыты і запалохваньні.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, калі размова зайшла пра людзей, якія пасьля ўдзелу ў Плошчы зьехалі за мяжу, распавёў, што такіх людзей можна падзяліць на некалькі катэгорый.

Зь яго слоў, шмат хто зьехаў адразу, пасьля вяртаньня з Плошчы. Са слоў Істоміна, іх, магчыма, напалохаў шквал інфармацыі, якая распаўсюджвалася ў дзяржаўных СМІ. Ён кажа, што шмат каго нават не пасьпеў уведаць асабіста — людзі прыходзілі і запісваліся ў партыю падчас выбарчай кампаніі.

Іншая катэгорыя людзей, са слоў спадара Істоміна, — тыя, хто непасрэдна працаваў у штабах, моладзевыя лідэры, якія ўжо не адзін год вялі актыўную апазыцыйную працу. Сярод іх: Зьміцер Бандарчук, кіраўнік штабу Някляева на Гарадзеншчыне, Аляксандра Васілевіч, актывістка АГП, а таксама Кірыла Семянчук, актывіст штабу Някляева. Яны зьехалі пасьля ператрусаў і неаднаразовых выклікаў у КДБ.

Істомін: «Зьміцер Бандарчук быў каардынатарам па вобласьці штабу Някляева. І менавіта ў адносінах да гэтых людзей, якія кіравалі штабамі Някляева, найбольш жорсткія рэпрэсіі. Што да Аляксандры Васілевіч, то ў нас была даволі сур’ёзная інфармацыя, што супраць яе зьбіраліся ўзбудзіць крымінальную справу, таму яна зьехала ў Эўропу».

Кірыла Семянчук, са слоў Істоміна, зьехаў некалькі дзён таму, каб шукаць палітычнага прытулку. Ён адседзеў 10 сутак у Горадні, яго затрымалі на чыгуначным вакзале, калі ён зьбіраўся ехаць на Плошчу. Спадар Семянчук ужо некалькі месяцаў ня мог знайсьці працу звычайным будаўніком, усюды адмаўлялі.
Калі ён зьяжджаў, то папярэдзіў нас, што на яго чынілі сур’ёзны ціск супрацоўнікі КДБ, калі яго ўтрымлівалі на сутках.


Істомін: «Калі ён зьяжджаў, то папярэдзіў нас, што на яго чынілі сур’ёзны ціск супрацоўнікі КДБ, калі яго ўтрымлівалі на сутках. І нават паведаміў пра тое, што падпісаў паперы аб супрацоўніцтве зь імі, бо вымушаны быў гэта зрабіць, паколькі да яго прымяняліся фізычныя катаваньні».

Актывісту руху «За свабоду» Сяргею Трафімчыку зь Бярозаўкі адміністрацыя шклозаводу «Нёман» не працягнула кантракт. Ён дапрацоўвае апошні месяц і кажа, што новай працы дагэтуль не знайшоў, бо ў іхнім маленькім гарадку зрабіць гэта немагчыма. Але яго падтрымліваюць сябры і радня.

Трафімчык: «Мае родныя заўжды да ўсяго гатовыя і ведаюць, чым усё можа скончыцца, але ні разу мне не сказалі: ня лезь туды, гэтым не займайся. Ніхто з маіх сваякоў ніколі не папракнуў, маўляў, дарэмна ты гэтым займаесься».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG