Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: «Гэта была царская інаўгурацыя»


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
Сёньня ў Менску ў Палацы рэспублікі прайшла чацьвёртая па ліку інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі. Сваімі ўражаньнямі ад цырымоніі мы папрасілі падзяліцца былога старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслава Грыба, які праводзіў першую інаўгурацыю Лукашэнкі ў 1994 годзе.

— Мечыслаў Іванавіч, ці істотна адрозьнівалася цяперашняя цырымонія ад таго, што было ў 1994 годзе?

Вельмі істотна. Калі б я параўноўваў, то сказаў бы, што ў 1994 годзе была інаўгурацыя прэзыдэнта Беларусі, а сёньня — цара. Якія выбары — такая і інаўгурацыя. Няма той адкрытасьці, няма той сьціпласьці, якая была раней і якая была прыгажэйшая, чым сёньня ўся гэтая расфарбаваная, разрумяненая, начапураная маніфэстацыя.

— Ці былі прысутныя на той цырымоніі канкурэнты Лукашэнкі на выбарах 1994 году? Ці віншавалі яны яго з заступленьнем на пасаду?

Я ня памятаю, былі яны ці не былі. Але віншаваньняў зь іхнага боку, мне здаецца, не было. Яны атрымалі паразу на тых выбарах, але крыўды на Лукашэнку зь іхнага боку не было. Можа, толькі Кебіч. Але ўсе астатнія прынялі вынікі такімі, якія яны былі. І іх ніхто не перасьледаваў, як цяперашніх кандыдатаў.

— Ці прысутнічалі тады замежныя дэлегацыі і амбасадары краін Эўропы?

Тады прысутнічалі замежныя дэлегацыі, іх было, праўда, няшмат. Зразумела, краіна бедная, грошай не было. А амбасадары ўсіх краін, якія прадстаўленыя амбасадамі ў Менску, усе былі і не зьяжджалі з краіны на дзень інаўгурацыі, як эўрапейскія амбасадары цяпер.

— Як мяркуеце, ці дорага каштавала бюджэту сёньняшняя цырымонія? Тады яна была бедная, вы кажаце, а цяпер?

Думаю, што цяперашняя інаўгурацыя даволі дарагая для Беларусі. Склікалі прадстаўнікоў з усёй краіны, запоўнілі залю Палаца Рэспублікі. Ім трэба сюды прыехаць, пераначаваць, трэба зрабіць такі вялікі канцэрт, заплаціць за гэта ўсё... Гэта даволі-такі дарагое мерапрыемства. Але хто гэта лічыць, калі гэта царскія траты?

— Вы паслухалі „каронную прамову“ Лукашэнкі. Што, на вашую думку, яна прадвяшчае Беларусі, чаго вы чакаеце?

Нічога новага я не заўважыў. Прамова была сёньня вельмі кароткая, яна заключалася ў тым, якія мы добрыя і разумныя, як мы добра і слаўна працавалі, памылак у нас не было і ня будзе і трэба ўсё трымаць пад кантролем.

— І нарэшце — як вы думаеце, ці шмат такіх інаўгурацый яшчэ будзе ў Лукашэнкі?

Хто яго ведае. Усё ў руках Божых. Як дасьць Бог, так і будзе. Выглядаў ён сёньня ня вельмі добра зьнешне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG