Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: за Лукашэнку — 51,1%


На сайце зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў апублікаваныя вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сьнежні 2010 году. Сацыёлягі канстатуюць: эканамічнае самаадчуваньне беларусаў пасьля выбараў 2006 года прыкметна пагоршылася; складваюцца няпростыя адносіны з уладай. Што да лічбаў, то за Лукашэнку на выбарах прагаласавала 51,1% апытаных, на другім месцы — Някляеў (8,3%), на трэцім — Саньнікаў (6,1%).

Як вынікае зь бягучага радка на сайце Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, «рэальныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў — сэнсацыйныя вынікі апытаньня НІСЭПД».

Кіраўнік інстытуту, прафэсар Алег Манаеў: «На сайце ўсе дакумэнты вывешаны: па рэпрэзэнтатыўнасьці, выбарцы, па арганізацыі саміх апытаньняў. Ніхто ніколі не абнародаваў падобнае: ніякія „экзыт-полстэры“. Ніхто і ніколі… А НІСЭПД выставіў. Вы проста пачытайце і прааналізуйце, там усё напісана».

У справаздачы напісана, што за Лукашэнку прагаласавала 51,1%, а ўсе астатнія апанэнты разам узятыя атрымалі 28,4%. Супраць усіх прагаласавала 5.1% апытаных, не захацелі адказваць на пытаньне 3,8%.

Сацыёляг Сяргей Нікалюк кажа, што яшчэ да выбараў 2010 году, калі ў яго пыталіся, што будзе, адказваў: гэтыя вынікі будуць недзе сярэднія паміж вынікамі, атрыманымі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 і выбарах 2006 году. Так і сталася, таму што, паводле словаў спадара Нікалюка, вынікі выбараў ніколі не бываюць вытворнымі:

«Яны ў агульным не залежаць ад нейкіх выпадковых фактараў, „выкрунтасаў“ у выбарчай кампаніі. Яны залежаць у цэлым ад стану беларускай эканомікі, а стан беларускай эканомікі ў многім вызначае стан беларускага грамадзтва. Таму ўсе індыкатары, што фіксуюць стан грамадзтва, сьведчылі пра тое, што самаадчуваньне грамадзтва крыху лепей, чым у 2001 годзе, але не дацягвае да стану 2006 году. Так усё і атрымалася. Цудаў тут не бывае».

Структура беларускага электарату істотна не мяняецца. Аб’ём, так бы мовіць, апазыцыйнай базы прыкладна адзін і той жа, перакананы сацыёляг Сяргей Нікалюк:
Калі прызначаць кандыдатам у прэзыдэнты, да прыкладу, маю жонку, яна зьбярэ той самы працэнт галасоў.

«Таму я заўсёды кажу: калі прызначаць кандыдатам у прэзыдэнты, да прыкладу, маю жонку, яна зьбярэ той самы працэнт галасоў. Калі будзе некалькі кандыдатаў, працэнт галасоў сумарны будзе той самы, але разьмеркаваньне галасоў унутры будзе залежаць ад таго, хто зь іх больш апазыцыйны, хто больш актыўна вядзе сваю кампанію. Больш актыўна яе вёў спадар Някляеў. Што было зафіксавана даўно. І што атрымалася ў выніку. Толькі так».

Паводле НІСЭПД, 19 сакавіка 2006 году Лукашэнка атрымаў 63,1% галасоў ад колькасьці тых, хто прагаласаваў, а тры ягоныя апанэнты — 30,3%. Такім чынам, згодна з апытаньнем НІСЭПД, Лукашэнка зноў выйграў выбары і, у прынцыпе, змог бы абысьціся без «пераразьмеркаваньня» 1 мільёна 350 тысяч галасоў і масавых рэпрэсіяў. НІСЭПД заяўляе, што лічбы шмат разоў праверылі як дублюючымі пытаньнямі, так і шматбаковым крос-аналізам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG