Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць лістоў у турму КДБ


Пісьменьнікі зь пяці краінаў-суседак Беларусі напісалі лісты вязьням менскай турмы КДБ, якія ўтрымліваюцца там пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.









Аляксандар Ірванец

Аляксандар Ірванец, украінскі паэт, празаік, перакладчык


СЯБРЫ! СЯБРЫ!

Напісаўшы гэтыя першыя словы, адразу ж зразумеў, што ніколі раней не адпраўляў лістоў у турму. Ды і сам ніколі не быў у зьняволеньні – калі не лічыць ленінградзкай «губы» – вайсковай гаўптвахце на вуліцы Садовай. Таму гэта нейкі зусім новы для мяне вопыт.

Тым часам, я пішу да вас з краіны, у якой вышэйшыя чыны пракуратуры сьпяваюць з тэлеэкранаў «Мурку», акампануючы сабе на раялі. Гэта бясспрэчна сьведчыць аб іх высокай унутранай культуры. Але мне пасьля такіх іх выступаў пачынае здавацца, што я пішу не ў турму, а толькі з адной камэры ў другую.

Тут варта было б сплюнуць тройчы і пастукаць па дрэве. Хоць наўрад ці гэта падзейнічае.

Як вядома, турма – гэта месца пазбаўленьня волі. Адсюль і далейшыя мае разважаньні.

Воля, свабода – вышэйшая каштоўнасьць ня толькі для чалавека, але і для ўсякай жывой істоты. Свабода – наша прыроджанае права і неабходнасьць. Пазбаўленьне волі – самае страшнае пакараньне. Неабгрунтаванае пазбаўленьне волі – гэта крыўда і боль, гэта калецтва маральнае і мука фізычная. Гэта зьдзек. А зьдзек у сёньняшнім сьвеце не павінен існаваць. Да чалавека павінны ставіцца годна і належна ўсе вакол, асабліва ж – дзяржава, грамадзтва.

Зрэшты, шматлікія дзяржавы ў сьвеце маюць іншы погляд на гэта. Сярод іх і ваша, і, на жаль, мая таксама. Таму я вельмі добра разумею ўсіх вас. І вельмі добра ўсьведамляю сваю бездапаможнасьць. Ні дапамагчы, ні выратаваць.

Шукаю для вас якіх–небудзь словаў падтрымкі. Перабіраю іх у мазгах, узважвае, ацэньвае, адкідае. Большасьць слоў падаюцца легкадумнымі і фальшывымі. Што і як можна сказаць зь цёплых сьцен утульнага жытла людзям, якія знаходзяцца ў халодных сьценах турмы, каб ня здацца пры гэтым недарэчным?

Знаходжу толькі адно–адзінае слова: ТРЫМАЙЦЕСЯ!

ТРЫМАЙЦЕСЯ! Альбо, у множным ліку – трымаймася! Трымаймася да апошняга! Пакуль б'ецца сэрца, пакуль кроў струменіцца ў жылах, пакуль лёгкія дыхаюць, а вочы бачаць – дык варта трымацца. Варта спадзявацца і чакаць.

Справа, дзеля якой жывём, справа, у імя якой вы цяпер пакутуеце – сумленная і высакародная. Справа свабоды – самая цудоўная з усіх, дзеля якіх варта жыць, пакутаваць і цярпець. Гэтая справа пераможа, раней, ці пазьней. Зрэшты, хацелася б, каб як мага раней.

ТРЫМАЙЦЕСЯ! ТРЫМАЙМАСЯ! МЫ ПАВІННЫ ВЫТРЫМАЦЬ!

Шчыра ваш –
Аляксандр Ірванец


Адам Паморскі

Прэзыдэнт польскага ПЭН-цэнтру Адам Паморскі


Ад імя польскага ПЭН-Цэнтру, аднаго з дваццаці зь лішнім нацыянальных цэнтраў міжнароднага руху ПЭН, які аб'ядноўвае найбольш знаных пісьменьнікаў і інтэлектуалаў сьвету, я маю гонар перадаць паклон, разам з выказваньнем болю, салідарнасьці і асабістай павагі ўсім беларускім палітвязьням, праваабаронцам, змагарам за грамадзянскія правы і дэмакратычны палітычны правапарадак ва ўласнай краіне.

За 90 гадоў існаваньня Міжнароднага ПЭН-клюбу ўпершыню ў эўрапейскай дзяржаве ўлады трымаюць у турме ганаровага прэзыдэнта мясцовага ПЭН Цэнтру. Я маю на ўвазе знакамітага беларускага паэта Ўладзімера Някляева, які да 2009 году зьяўляўся прэзыдэнтам беларускага ПЭН-цэнтру. Сярод дзясяткаў беларускіх палітычных зьняволеных ёсьць і іншыя сябры беларускага ПЭН-Цэнтру – Аляксандар Фядута і Павал Севярынец. Разам з усёй сусьветнай супольнасьцю ПЭН мы патрабуем неадкладнага вызваленьня нашых калег разам з усімі затрыманымі, зьняволенымі, зьбітымі і параненымі ахвярамі менскіх падзеяў 19 сьнежня і наступных палітычных рэпрэсіяў.

Беларусь зьяўляецца адзінай на сёньня эўрапейскай дзяржавай, у якой пануе дзяржаўны палітычны тэрор. Беларусь заслугоўвае лепшага: цудоўная краіна цудоўных людзей, а для нас, палякаў – нашых сяброў і суседзяў, ня можа надоўга патануць у ганьбе правінцыйнага гвалту. Я кажу гэта як перакладчык беларускіх паэтаў, як сябар маіх сяброў, са спадзяваньнем – насуперак усёй жорсткасьці цяперашняга часу.

У нядзелю, 16 студзеня, на варшаўскім канцэрце “Пачуй Беларусь”, у прысутнасьці Анны Камароўскай, жонкі прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, мы сьпявалі разам зь беларускімі сьпевакамі старую польскую песьню часоў “Салідарнасьці”, песьню, якую напісаў мой сябар Яцэк Карчмарскі. І паўтараем цяпер гэты прыпеў: “А сьцяна рухне”!

Сябры нашыя, трымайцеся! Жыве Беларусь!

Адам Паморскі,
прэзыдэнт польскага ПЭН-цэнтру.

Іева Колманэ

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Латвіі Іева Колманэ


Тое, што мы разумеем пад уладай, ніяк не асацыюецца з гвалтам. Улады мусяць быць мудрыя, гвалт звычайна бывае сьляпы. У латыскай мове слова “сьляпы” – сынонім словаў “дурны”, “неразумны”, “неразважны”. У сваю чаргу мудраю ўлада бывае тады, калі яна ажыцьцяўляецца праз моўную камунікацыю, перамовы, цывілізаваную дыскусію. Латыскім пісьменьнікам, якія за сваю свабоду слова змагаліся некалькі стагодзьдзяў, прычым зь пераменным посьпехам у залежнасьці ад гістарычнай сытуацыі, не ўсё роўна, што адбываецца з суседзямі. І рэч тут ня толькі ў тым, што Беларусь – суседняя краіна. Ужыцьцё гвалту супраць палітычнай апазыцыі падрывае сыстэму каштоўнасьцяў, якая ўжо даўно яднае Заходнюю цывілізацыю. І – я не скажу тут нічога новага – такі гвалтаўнік часта праз гвалт спрабуе схаваць сваю інтэлектуальную і маральную няздатнасьць.

Назіраць і караць – лягчэй, чым дамаўляцца і праз дамову прыходзіць да прымальнага рашэньня. Пісьменьнік, чыёй найвышэйшай місіяй заўсёды было ўзгадаваньне ўяўленьня і спрыяньне публічнаму дыялёгу, ня ёсьць і ня можа быць абыякавы да гвалтоўнага абмежаваньня свабоды слова і выказваньняў. Мы заклікаем беларускія дзяржаўныя ўлады павярнуцца тварам да мудрасьці, дыялёгу і годнасьці, каб беларусы, іх суседзі і ўсе іншыя народы сьвету маглі б гартаць старонкі сёньняшняй гісторыі з гордасьцю!

Іева Колманэ, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Латвіі

Ёнас Ліняўскас

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Літвы Ёнас Ліняўскас


Шаноўны Паэт Уладзімер Някляеў і ўсе зьняволеныя за свабоду,

Сёньня, калі я пішу гэтыя словы, 13 студзеня, уся Літва згадвае 20-годзьдзе Дня абаронцаў свабоды. У 1991 годзе ўся Літва стаяла плячо да пляча, сэрца да сэрца, сям'я да сям'і і тады мы абаранілі сваю Свабоду – свабоду жыць у незалежнай дзяржаве, свабоду слова і перакананьняў, свабоду на свабодныя сходы – усе свабоды дэмакратычнага сьвету. Мы змагаліся супраць акупантаў.

Цяпер у Беларусі свабода слова зачыненая ў турмы КДБ. Свабода выбараў разьбітая дручкамі АМОНу. Свабода жыцьця зьведвае псыхалягічны ўціск, перасьледуецца, каб бацька павярнуў супраць сына, а сын выракся бацькі. Пякельнае кола гісторыі яшчэ раз пераехала Беларусь. Свабода акупаваная, а без свабоды няма дзяржавы, ёсьць толькі краіна запалоханых людзей.

Мне сорамна, што кіраўнікі краін Эўропы і ўсяго сьвету зноў гуляюць у геапалітычныя шахматы паміж Масквой, Менскам, Бруселем і Вашынгтонам. Часам Вам, у цішыні камэр, можа падацца, што Вы засталіся адны.

Ад імя ўсіх пісьменьнікаў Літвы кажу: не сумнявайцеся, мы падтрымліваем Вас. Вашую рашучасьць, волю і веру. Вашае імкненьне да свабоды. Няхай Надзея Вас злучае і яднае, моцы Вам, вытрымкі Вашым сем'ям і блізкім. Праўда на Вашым баку!

З павагай,
ад імя пісьменьнікаў Літвы,
Старшыня Ёнас Ліняўскас


Уладзімер Войнавіч

Пісьменьнік Уладзімер Войнавіч


Шаноўныя палонныя ганебнага дыктатара!

Не магу не далучыцца да тых, хто ўжо зьвярнуўся да вас са словамі захапленьня, спачуваньня і падтрымкі. Жадаю вам перажыць з гонарам нягоды зьняволеньня і бесчалавечнага абыходжаньня і выйсьці на волю здаровымі і незламанымі. А што да вашага ганіцеля, то чым болей ён лютуе і пагарджае чалавечымі законамі, тым больш безнадзейным будзе ягоны ўласны лёс. Я думаю, што лава ў Гааскім трыбунале для яго знойдзецца і ўсьцеражэ яго ад найгоршага варыянту.

Уладзімер Войнавіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG