Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжкоў: "Трэба дамагацца вызваленьня палітычных закладнікаў Лукашэнкі"


Нягледзячы на фармальнае прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў, адносіны Крамля і афіцыйнага Менску застаюцца нацягнутымі. Ніхто з вышэйшых кіраўнікоў Расеі не атрымаў запрашэньня на інаўгурацыю Лукашэнкі. Масква абвясьціла, што зьбіраецца ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў пары з Астаной, а дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павал Барадзін абяцае арганізаваць сустрэчу арыштаванай журналісткі Ірыны Халіп з маленькім сынам.

Днямі міністар замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Лаўроў нечакана заявіў, што пазыцыя Масквы адносна Беларусі сугучная агульнаэўрапейскай. Гэта можна расцаніць і такім чынам, што — прынамсі кулюарна — Расея асуджае рэпрэсіі ў Беларусі і ня будзе асабліва пратэставаць, калі Эўразьвяз увядзе санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

На гэты выпадак, як лічаць экспэрты, беларускія ўлады трымаюць "закладнікаў". Вось ужо тры тыдні застаюцца марнымі высілкі расейскай амбасады, якая дамагаецца перагляду справы Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Грамадзяне Расеі, абвінавачаныя ў "арганізацыі масавых беспарадкаў", сваёй віны не прызнаюць, на падставе чаго дыпляматы патрабуюць вызваленьня расейцаў. Аднак усе аргумэнты саюзьнікаў беларускі бок ігнаруе.

Расейскі палітык Уладзімер Рыжкоў на просьбу Радыё Свабода так абмаляваў сваё бачаньне пэрспэктываў беларуска-расейскіх дачыненьняў:

"Што тычыцца адносін Расеі і Беларусі пасьля выбараў, то яны вельмі неадназначныя. З аднаго боку, прэзыдэнт Мядзьведзеў хоць і вельмі холадна, скрозь зубы, але прызнаў перамогу Лукашэнкі. Зь іншага боку, на інаўгурацыю не зьбіраецца ніхто з вышэйшых кіраўнікоў Расеі. Гэта азначае, што Расея ня любіць Лукашэнку, але пры гэтым не адважваецца разарваць зь ягоным рэжымам. І Расея будзе па-ранейшаму патрабаваць выкананьня тых шматлікіх абяцаньняў, якія даваў Лукашэнка — пачынаючы з Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі і заканчваючы продажам Расеі найбуйнейшых актываў беларускай эканомікі".

Карэспандэнт: "Расея можа паспрыяць хоць бы вызваленьню вязьняў? Сярод абвінавачаных — і расейцы…"

"Яшчэ раз паўтару, што, з аднаго боку, я не чакаю ніякага паляпшэньня адносін (адносіны будуць па-ранейшаму дрэнныя), зь іншага — не чакаю канчатковага разрыву паміж Крамлём і Лукашэнкам. Таму адзінае, на што захоўваю спадзяваньне і заклікаю наша кіраўніцтва, хоць вельмі яго не люблю, — гэта прынамсі праявіць волю ў гуманітарных пытаньнях, дабіцца вызваленьня палітычных закладнікаў і даць магчымасьць тым жа Андрэю Саньнікаву і Ірыне Халіп як мага хутчэй узьяднацца зь сям'ёй, з маленькім сынам".

Захады, каб арганізаваць спатканьне 3-гадовага Данілкі з бацькамі, былі зробленыя і з досыць нечаканага боку. Іван Макушок, кіраўнік прэсавай службы дзяржсакратара саюзу Расеі і Беларусі Паўла Барадзіна, ня выключыў, што такая магчымасьць будзе абмяркоўвацца днямі ў Менску:

"21 студзеня будзе інаўгурацыя прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, і я буду сустракацца з уплывовымі людзьмі, якія займаюцца, у тым ліку, і гэтым пытаньнем. Даю вам слова, што абавязкова перадам гэтую просьбу".

Бабуля Данілкі Люцына Юр'еўна, якой сёньня афіцыйна дазволена апекавацца ўнукам, кажа, што тут заслуга ня столькі Макушка, колькі расейскіх калегаў яе дачкі, журналісткі Ірыны Халіп:

"Так, я ведаю, што ў Маскве рабіліся захады, каб ён зь некім тут пагаварыў, гэта праўда. Ня ведаю, пра што і з кім ён зьбіраецца гаварыць, але што пэўныя захады маскоўскія калегі Ірыны рабілі — гэта я ведаю. Макушок пра гэта казаў у праграме Мацьвея Ганапольскага на "Эхо Москвы". Мяне за пару дзён да гэтага Мацьвей Юр'евіч таксама запрашаў да ўдзелу, але я адмовілася, бо ў той дзень несла дачцэ перадачу ў ізалятар. І не змагла, бо для мяне важней аднесьці туды перадачу. Ну, і там быў Макушок, мне пра гэта казалі. Паглядзім, што насамрэч будзе 21-га, пару дзён засталося".

Можна пачуць меркаваньне, што Крэмль не выступае супраць Лукашэнкі, у прыватнасьці, пад гнётам таго, што ў самой Расеі нібыта надзвычай моцныя пралукашэнкаўскія настроі. Аднак, як кажа публіцыст Дзьмітрый Быкаў, насамрэч расейскі народ глядзіць на Лукашэнку як на карыкатурнага палітыка, зь якога можна ўволю кпіць:

"Ня думаю, што Аляксандар Лукашэнка выклікае ў Расеі асаблівую сымпатыю. Перш за ўсё таму, што сам вобраз яго, манеры яго ня вельмі адпавядаюць вобразу "чалавекалюбнага дыктатара". Гэта крышачку ня тое. Мяркую, што Сталін зь яго ня вельмі атрымліваецца. Вялікай частцы насельніцтва падабаецца Сталін, але ці трэба казаць, што Сталін выглядаў меней карыкатурна і радзей адпускаў гамэрычныя афарызмы. Вядома, пры ўсёй сваёй фантастычнай вываротлівасьці, Лукашэнка абсалютна не валодае адным — сымпатычнасьцю. У ім няма прывабнасьці, ён ня ўмее прывабліваць сэрцы. Таму ўсе размовы пра тое, што ён папулярны ў Расеі, мне падаюцца вельмі сур'ёзным перабольшаньнем".

Пра тое, што ў адносінах паміж дзьвюма краінамі ня ўсё гладка, сьведчыць і эканамічны складнік. За тры тыдні нічога не праясьнілася ў перамоўным працэсе пра пастаўкі расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Пры канцы мінулага году бакі падпісалі пакет пагадненьняў аб фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы, у адпаведнасьці зь якімі Расея абавязалася пастаўляць бязмытную нафту ўзамен на тое, што беларускі бок будзе пералічваць у расейскі бюджэт экспартнае мыта на нафтапрадукты, выпрацаваныя зь яе нафты. Аднак ад пачатку году нафта не пайшла. 20 студзеня вырашыць спрэчную сытуацыю паспрабуе прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. У іншым выпадку праз тыдзень-другі ў заводаў скончацца запасы сыравіны — Мазырскі НПЗ ужо перайшоў на мінімальную загрузку ўстановак перапрацоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG