Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцак Пратасевіч: «Эўразьвяз у справе Беларусі мае адзіную пазыцыю»


Напярэдні дэбатаў па Беларусі ў Эўрапейскім парлямэнце наш карэспандэнт Валер Каліноўскі пагутарыў з адным з распрацоўшчыўкаў праекту рэзалюцыі з прапановай увядзеньня санкцый адносна беларускіх уладаў, кіраўніком дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Яцкам Пратасевічам.

Карэспандэнт: «Спадар Пратасевіч, наколькі вялікі ў Эўрапарлямэнце інтарэс да заўтрашніх дэбатаў па сытуацыі ў Беларусі?»

Пратасевіч: «Ёсьць вялікая зацікаўленасьць сярод дэпутатаў. Будзе шмат выступоўцаў, ёсьць шмат ахвотных узяць слова, ад кожнай палітычнай групы. Прадстаўнікі кожнай палітычнай групы выявілі вялікую зацікаўленасьць да сёньняшняй сустрэчы ў справе выпрацоўкі тэксту рэзалюцыі па Беларусі.

Карэспандэнт: «Ці вядома, колькі ўжо дэпутатаў запісалася ў сьпіс выступоўцаў на заўтрашнія дэбаты?»

Пратасевіч: «Наколькі я ведаю, запісалася ўжо каля 50 эўрапейскіх дэпутатаў».

Карэспандэнт: «Колькі ўсяго было вылучана варыянтаў праекту рэзалюцыі па Беларусі ад розных фракцый?»

Пратасевіч: «Было 5 праектаў, пададзеных ад імя кансэрватараў, сацыялістаў, лібэралаў, зялёных, а таксама эўраскептыкаў».

Карэспандэнт: «Цяпер вы ўжо маеце адзіны супольны параект?»

Пратасевіч: «Пакуль увесь час мы яшчэ працуем над гэтым супольным праектам, стараемся узгадніць адзіны кампрамісны тэкст, які будзе прадметам дэбатаў, а потым галасаваньня ў Эўрапарлямэнце».

Карэспандэнт: «Я чытаў той праект, які быў зроблены ў тым ліку за вашым подпісам, ад імя Эўрапейскай народнай партыі, гэта такі жорсткі праект. Ці можна сказаць, што супольны праект рэзалюцыі будзе блізкі да вашага варыянту праекту?»

Пратасевіч: «Так, мяркую, што ён будзе блізкі да той прапановы, якая была зроблена Эўрапейскай народнай партыяй».

Карэспандэнт: «Такім чынам, кампрамісны праект будзе такім жа жорсткім, як і ваш?»
У цяперашняй сытуацыі Эўрапарлямэнту складана заняць іншую пазыцыю, як асуджэньне таго, што мела месца ў Менску.


Пратасевіч: «Гэта напэўна. Бо ў цяперашняй сытуацыі Эўрапарлямэнту складана заняць іншую пазыцыю, як асуджэньне таго, што мела месца ў Менску, і заклік да Эўрапейскай камісіі, а таксама да міністраў замежных спраў краін Зьвязу аб вяртаньні да санкцыяў у адносінах да беларускіх уладаў, таму што арышты і рэпрэсіі такога маштабу, якія маюць месца ў Беларусі ад 19 сьнежня, не могуць быць успрынятыя Эўрапейскім Зьвязам».

Карэспандэнт: «Такім чынам вы лічыце, што за рэзалюцыю па Беларусі прагаласуе большасьць Эўрапарлямэнту?»

Пратасевіч: «Перакананы, што будзе абсалютная большасьць, думаю, больш, чым дзьве траціны дэпутатаў падтрымае гэты праект, а хто ведае, можна нават і нашмат-нашмат болей».

Карэспандэнт: «На вашу думку, тая рэзалюцыя, якая будзе ўхваленая Эўрапарлямэнтам, наколькі яна будзе ўспрынятая і рэалізаваная Эўракамісяй і ўрадамі розных эўрапейскіх дзяржаў?»

Пратасевіч: «Гэта пэўна, што вынікам дзеяньняў і рашэньняў беларускіх уладаў, зробленых у сьнежні мінулага году, сталася тое, што цяпер Эўразьвяз у справе Беларусі мае адзіную пазыцыю. Раней былі розныя думкі: ці размаўляць з рэжымам, ці толькі падтрымліваць апазыцыю, ці праводзіць больш мяккую палітыку, ці лічыць пасьпяховай палітыку санкцыяў? Дыскусіі былі розныя, думак было шмат. Але тое, што здарылася 19 сьнежня і пазьней у Менску і іншых гарадах Беларусі, прывяло да таго, што, магчыма, па-за нешматлікімі выключэньнямі, Эўрапейскі Зьвяз цяпер гаворыць адным голасам. І ў сувязі з гэтым я перакананы, што тыя прапановы, якія ў чацьвер Эўрапарлямэнт вылучыць у сваёй рэзалюцыі, будуць рэалізаваныя як Эўракамісіяй, гэтак і нацыянальнымі ўрадамі дзяржаў-сябраў Эўразьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG