Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Гарадзеншчыны далучаюцца да акцыі паручэньня


Ад сёньняшняга дня акцыю на Гарадзеншчыне распачынаюць сябры БНФ. Сябры партыі, а таксама ўсе ахвотныя змогуць паставіць свой подпіс пад блянкамі асабістага паручэньня за вязьняў, якія знаходзяцца цяпер у турме КДБ, каб на час сьледзтва іх адпусьцілі на волю.

Актывіст абласной структуры БНФ Максім Губарэвіч кажа, што сябры партыі падтрымліваюць рашэньне Сойму і таму ўзяліся за гэтую справу. Са слоў Губарэвіча, ён бачыў, як у Менску сотні звычайных грамадзян ставяць свае подпісы пад такімі блянкамі:

«Гэта важна ня толькі ў пляне юрыдычным. Мы добра разумеем, у якой краіне жывём, што ў ёй далёка ня ўсё залежыць ад закону. Але ж гэта важна ў пляне салідарнасьці з тымі людзьмі, якія сёньня знаходзяцца ў зьняволеньні, і каб сілавыя структуры, якія іх трымаюць, бачылі, што ёсьць звычайныя людзі, неабыякавыя да лёсу палітвязьняў».

Максім Губарэвіч распавядае, што подпісы яны зьбіраюць за ўсіх палітвязьняў, незалежна ад партыйнай ды іншай прыналежнасьці.

У Слоніме акцыю паручэньня таксама падтрымалі сябры раённай арганізацыі БНФ. Кіраўнік структуры Іван Шэга распавядае, што дагэтуль сябры партыі пішуць лісты і дасылаюць паштоўкі вязьням «амэрыканкі». Што да акцыі паручэньня, ён лічыць, што гэта трэба рабіць, хаця ў нашых умовах наўрад ці выйдзе нейкі плён:
Так, гэта праяўленьне салідарнасьці зь вязьнямі, але гэта нагадвае аб’яўленьне галадоўкі, якая ні на што не паўзьдзейнічае.

«Гэта ж не дэмакратычная дзяржава, дзе такімі мэтадамі можна нечага дабіцца. Так, гэта праяўленьне салідарнасьці зь вязьнямі, але гэта нагадвае аб’яўленьне галадоўкі, якая ні на што не паўзьдзейнічае, паколькі ў нас абсалютна амаральная ўлада».

Яшчэ адзін сябра слонімскіх актывістаў, Алесь Масюк, лічыць, што цяпер якраз той момант, калі трэба выкарыстоўваць усе магчымыя мэтады для вызваленьня вязьняў:

«Думаю, што цяпер усё ж неабходна выкарыстоўваць любую форму падтрымкі і салідарнасьці з палітвязьнямі — усё, што мы можам. Іншае, вядома, пытаньне, як яно спрацуе, але пры нашым сёньняшнім рэжыме ў нас невялікі выбар».

Актывіст са Смаргоні Алесь Дзергачоў лічыць, што акцыю паручэньня варта распаўсюджваць па ўсёй краіне, не абмяжоўваючыся адной Гарадзеншчынай:

«У дадзенай сытуацыі ўсе законныя мэтады маюць сэнс. І гэта таксама адзін з рэальных варыянтаў вызваленьня палітвязьняў. Праўда, агаваруся, што ён змог бы спрацаваць у дэмакратычнай краіне, і даволі рэальна…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG