Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры журналіста, які пісаў пра справы Бябеніна і Байковай, правялі ператрус


Віктар Федаровіч
У кватэры супрацоўніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, журналіста інтэрнэт-газэты Naviny.by Віктара Федаровіча і ў доме яго бацькоў 15 студзеня прайшлі ператрусы.

Як паведаміў Федаровіч БелаПАНу, у 10 гадзін раніцы да яго ў кватэру патэлефанавалі людзі ў цывільным, якія адрэкамэндаваліся супрацоўнікамі КДБ. «Аказалася, што за дзьвярыма знаходзіліся два падпалкоўнікі КДБ, адзін капітан гэтага ведамства і двое панятых — як я зразумеў, настаўніцы, якіх тэрмінова сарвалі з заняткаў, каб правесьці вобыск. Пастанова на вобыск мне была прад’яўлена. У ёй указана, што вобыск праводзіцца ў сувязі з крымінальнай справай аб масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску», — сказаў Федаровіч.

Пры гэтым журналіст адзначыў, што ніякага дачыненьня да падзей 19 сьнежня на вуліцах Менску ён ня меў.

У Федаровіча, паводле яго слоў, забралі ноўтбук, сыстэмны блёк кампутара, дыктафон, флэшкі, рабочыя нататнікі, дакумэнты і запісы па справе сьледчай Сьвятланы Байковай, а таксама іншыя рабочыя матэрыялы, што тычацца яго журналісцкай дзейнасьці. «Сьледчыя нават паспрабавалі забраць усе візыткі, на якіх намаляваны герб „Пагоня“, у тым ліку і старую візытку кіраўніка Саюза пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца. Аднак перадумалі і забралі візытку Дзьмітрыя Бандарэнкі, сябра Алега Бябеніна, пра акалічнасьці сьмерці якога я пісаў», — паведаміў Федаровіч.

Журналісту незразумела, у сувязі з чым правялі вобыск у доме яго бацькоў. «Там таксама забралі нейкія паперы і нейкі дыск. Бацька зусім ні пры чым да маёй дзейнасьці! Яму 73 гады, у яго тры інфаркты, ён інвалід першай групы», — сказаў Федаровіч.

Як паведаміў журналіст, ён мае намер абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, якія праводзілі вобыск, ва ўсіх магчымых інстанцыях. «У абавязковым парадку я накірую скаргу генпракурору, кіраўнікам КДБ і МУС. Акрамя таго, я запатрабую растлумачыць, на якой падставе вобыскі праводзяцца супрацоўнікамі КДБ, калі крымінальная справа аб масавых беспарадках распачата МУС. Я буду патрабаваць вяртаньня мне тэхнікі, паколькі яна — мой працоўны інструмэнт, і, забраўшы яе, мяне пазбавілі кавалка хлеба. Я цяпер не магу працаваць і зарабляць», — заявіў Федаровіч.
Скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі ад мяне будуць сыпацца з пэрыядычнасьцю раз у дзьве гадзіны.


«Скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі ад мяне будуць сыпацца з пэрыядычнасьцю раз у дзьве гадзіны. Я заўсёды казаў, што я па натуры анархіст-адзіночка, не прымыкаў ні да якой апазыцыі. Але тым, што сёньня адбылося, асабліва ў дачыненьні да майго бацькі, улада сама зрабіла мяне апазыцыянэрам. І зараз у мяне два шляхі — або ў апазыцыю, або ў эміграцыю», — падкрэсьліў журналіст.

Віктар Федаровіч — адзін з самых вопытных журналістаў Беларусі ў галіне журналісцкіх расьсьледаваньняў. Ён вядомы сваімі матэрыяламі аб крымінальнай справе ў дачыненьні да старшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай і аб акалічнасьцях сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Акрамя таго, Федаровіч дапамог аднавіць справядлівасьць у дачыненьні да двух жыхароў Менску, Жанны Бусевай і Міхаіла Плюты, якія былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пакараньню нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 19 сьнежня, хоць на самой справе яны ні ў якім мітынгу не удзельнічалі і былі затрыманыя на прыпынку грамадзкага транспарту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG