Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэтрын Фіцпатрык: Абуральная хлусьня беларускага КДБ


Амэрыканская праваабаронца, перакладчыца і журналістка Кэтрын Фіцпатрык зьняпраўдзіла інфармацыю газэты «Советская Белоруссия» пра тое, што яна нібыта заплаціла беларускай апазыцыі 211 тысяч даляраў.

Газэта пачала сёньня друкаваць «некаторыя рассакрэчаныя дакумэнты пра падзеі 19 сьнежня.

Фіцпатрык: «На вялікі жаль, апазыцыі я такога гранту не давала. Я ўвогуле не давала нічога ні „Хартыі-97“, пра што крычыць артыкул, ні якой-небудзь іншай арганізацыі ці асобным людзям. Я проста ня маю грошай, якія б хоць аддалена нагадвалі такую суму, і ня ў стане выдаваць гранты (а шкада!).

У артыкуле таксама гаворыцца, што я з „Амэрыканскай Хэльсынкскай назіральнай службы“ — гэта назва арганізацыі, дзе я працавала ў 1980–1990 гг. і якая цяпер вядомая як „Служба назіраньня за правамі чалавека“ (Human Rights Watch). Гэта арганізацыя, якая грантаў не выдае ўвогуле і не працуе ў Беларусі», падае ліст Кэтрын Фіцпатрык «Наша ніва».

«Дзіўна тое, што такая дакладная лічба — 211 тысяч даляраў. Мне цікава, адкуль яны яе ўзялі.

Я дакладна не давала ніякіх грантаў і, шчыра кажучы, сумняюся, што нехта гэта рабіў — „Хартыя-97“ і іншыя ініцыятывы ў Беларусі атрымалі на выбарчыя кампаніі вельмі сьціплую падтрымку».

Фіцпатрык таксама адзначае, што «далей у артыкуле зноў ідуць спэкуляцыі і крыкі пра фінансаваныя ўрадам ЗША Нацыянальны фонд за дэмакратыю (NED) і Міжнародны рэспубліканскі інстытут — арганізацыі, якія даюць гранты на навучаньне і перадвыбарныя трэнінгі і робяць гэта законна і легальна, не зважаючы на павуціну паклёпаў, якой беларускія ўлады спрабуюць іх спавіць.

Такая нахабная хлусьня пра мяне асабліва фатальная, таму што калі называецца чыёсьці рэальнае імя і дакладная лічба, і нават назва, якая проста падобная да назвы сапраўднай арганізацыі, многія людзі ў гэта вераць, і гэта цяжка аспрэчыць.

Абуральная хлусьня беларускага КДБ — канечне ж, частка фантастычных тэорый пра падзеі 19 сьнежня, якія старанна выпрацоўваюцца тым самым КДБ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG