Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ваеннае становішча ў Беларусі?" Канфэрэнцыя ў Варшаве


У Варшаве, у будынку Сэйму праходзіць канфэрэнцыя “Ваеннае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што далей?”

У канфэрэнцыі, мэта якой – пазнаёміць польскую і міжнародную грамадзкасьць з тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў, бяруць удзел дэпутаты польскага парлямэнту, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, а таксама госьці зь Беларусі – сваякі палітвязьняў, прадстаўнікі штабоў незалежных кандыдатаў на прэзыдэнта, грамадзкія актывісты, праваабаронцы ды палітыкі.

Сярод іх – Юлія Бандарэнка (дачка Зьмітра Бандарэнкі), Дар’я Корсак (жонка Аляксандра Атрошчанкава) лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір, старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімер Колас, прадстаўнік партыі “Справядлівы сьвет” Валер Ухналёў, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Да прысутных, адкрываючы паседжаньне, зьвярнуўся сьпікер польскага Сэйму Гжэгаж Схэтына:

“Жадаю вам ніколі не здавацца. Гэта самае важнае ў барацьбе за свабодную і незалежную Беларусь, за тое, каб Беларусь магла жыць нармальна і быць часткаю агульнай Эўропы. Жадаю вам усяго найлепшага і перамогі!”

Спадар Схэтына паабяцаў дэмакратычным сілам Беларусі ўсемагчымую дапамогу і падтрымку.

На канфэрэнцыю былі запрошаныя таксама Мілана Міхалевіч і Тацяна Севярынец, аднак машыну, у якой ехала жонка Алеся Міхалевіча, перахапілі каля Баранавічаў ды эскартавалі назад у Менск, а ў маці Паўла Севярынца ўлады забралі пашпарт.

Пасьля заканчэньня канфэрэнцыі беларускія госьці запрошаныя на спатканьне ў МЗС Польшчы.

Канфэрэнцыя арганізаваная тэлеканалам Белсат, радыё Рацыя, фундацыяй “Свабода і дэмакратыя”, а таксама Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў варшаўскага ўнівэрсытэту, дзе навучаюцца беларускія студэнты па праграме Каліноўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG