Майго суразмоўцу завуць Глеб, ён вучыцца ў 11-й клясе адной зь менскіх школ. Глеб узяў зь мяне абяцаньне не называць ягонага прозьвішча, хаця гэтае прозьвішча ўжо прагучала ў фільме "Плошча. Железом по стеклу", які паказалі па Першым канале Беларускага тэлебачаньня 9 студзеня і празь дзень паўтарылі. Навошта пасьля гэтага хавацца? Глеб кажа, што ня быў на мітынгу і не зьбіраўся на яго, што проста маці перапужалася і пазваніла ў міліцыю, а ў выніку цяпер праз гэтую гісторыю ў яго ўзьніклі праблемы.
Глеб: "Так, маці званіла ў міліцыю, але званіла толькі каб мяне затрымалі, каб я ня ўдзельнічаў у мітынгу. А ўсе словы, зьвязаныя з выбухоўкай – гэта поўнае трызьненьне".
Карэспандэнт: "Гэта маці прыдумала?"
Глеб: "Яна не магла гэтага прыдумаць. Гэта цалкам мантаж. Яна гэтага не казала. У пратаколе не было нічога пра выбухоўку".
Маглі б мяне проста снайпэрам зьняць, і ўсё. Сын – "тэрарыст-сьмяротнік". Жудасныя рэчы
Карэспандэнт: "А ты фільм глядзеў?"
Глеб: "Глядзеў".
Карэспандэнт: "І што, гэта ня матчыны словы?"
Глеб: "Яна гаворыць, што не казала такіх словаў, і я мяркую, што не магла казаць. Ну, вы самі ўявіце: "Сын ідзе на плошчу, абвязаўся выбухоўкай". Гэта што азначае? Маглі б мяне проста снайпэрам зьняць, і ўсё. Сын – "тэрарыст-сьмяротнік". Жудасныя рэчы. Вось цяпер у мяне вялікія праблемы. Зь Міністэрства адукацыі зрабілі запыт, настаўнікі цяпер на мяне характарыстыкі пішуць".
Карэспандэнт: "Але ты ў маці высьвятляў, і яна цьвердзіць, што такога не казала?"
Глеб: "Так. І мне падаецца, што гэта "бэтэшны" мантаж".
Карэспандэнт: "Але яна была ў такім, відаць, стане, што магла і не запомніць, што казала ў той момант?"
Глеб: "Усё роўна я перакананы, што яна б мяне не падставіла гэткім чынам. Тым больш я ёй казаў, што мы проста зь сябрам пойдзем у цэнтар гораду, сходзім у "Макдоналдз". Да таго ж мы прыехалі туды а 19-й гадзіне. А акцыя была заплянаваная на 8 вечара. І нас там затрымалі. Вядома, ніякіх абвінавачаньняў мне ці майму сябру ня выставілі. Праглядзелі ўсе мае тэлефонныя званкі. У кватэры маёй і майго сябра правялі ператрусы. Нічога не знайшлі. Нават 20-га Аляксандар Лукашэнка казаў на прэсавай канфэрэнцыі, што быў званок ад маці, што быццам тэрмас быў і ў тэрмасе выбухоўка, але хлопцаў знайшлі, нічога не было. Такім чынам, маці хацела адвесьці сына ад удзелу ў мітынгу. Хто яму сказаў пра гэты тэрмас, адкуль узяўся гэты тэрмас – невядома. Маглі б праслухаць усе тэлефонныя званкі – пра тэрмас нічога не было".
Без рашэньня пракурора ня мелі права абнародаваць гэты званок
Карэспандэнт: "А ці можна паразмаўляць з тваёй маці?"
Глеб: "Яна ня будзе з вамі размаўляць. Я б увогуле не хацеў, каб маё імя і прозьвішча гэтак часта фігуравалі ў мэдыях. І без таго ужо засьвяціўся вышэй за дах. Учора і пазаўчора падчас паказу гэтага фільму было сказана пра мяне, што мы быццам пайшлі на плошчу, абвязаўшыся выбухоўкай. Гэта было заяўлена як факт, і нічога не было сказана пра наш далейшы лёс. Ці знайшлі нас, ці знайшлі ў нас выбухоўку, як мы яе выкарысталі, ці нас затрымалі, дзе мы цяпер? Рэч у тым, што узьнікаюць гэтыя пытаньні. Вось і карэспандэнтка "Камсамолкі" званіла, пра гэта пыталася".
Карэспандэнт: "А які момант ты хацеў бы падкрэсьліць? Што ў вас не было ніякай выбухоўкі?"
Глеб: "Так, гэта найперш. І яшчэ тое, што без рашэньня пракурора ня мелі права абнародаваць гэты званок. Тым больш павінны былі схаваць адрас і прозьвішча. А так – назвалі адрас, адразу Мінадукацыі "прабіла", які раён, якая школа, дзе вучань навучаецца, які ён? Вось зараз і ў маці могуць быць праблемы на працы. Яны ж ня мелі права бяз нашай згоды ці згоды пракурора! А пракурора яны не маглі і бачыць, бо не было заведзена ніякай крымінальнай справы. Быў толькі факт затрыманьня. Мы напісалі тлумачэньне, і ўсё. І вось праз 20 дзён выходзіць гэты фільм, і пасьля гэтага раскручваецца такая цікавая гісторыя зь першым званком. Цяпер ужо ў блогах пішуць, што падставай для затрыманьня і зьбіцьця Някляева нібыта стаў першы званок, які ўсіх разварушыў. Маўляў, шукалі падлетка з выбухоўкай, а знайшлі тры машыны Някляева. Цяпер з гэтага можна "выгрузіць" шмат гісторый...".
Абяцалі, што ня будзе ніякіх наступстваў, але ўсё склалася па-іншаму
Нагадаю, паводле аўтараў фільму пра выбухоўку распавяла міліцыянтам Глебава маці. А стала вядома пра гэта раней за фільм – ад Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонай прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня, на другі дзень пасьля выбараў:
"Паступіў званок: ратуйце дзіця. Дзіця пайшло з дому, узяло тэрмас, у тэрмасе выбухоўка. Вядома, мне адразу пра гэта даклалі. І паколькі прэзыдэнт узяў пытаньне на кантроль, я сказаў: шукайце. Літаральна празь нейкі час мы знайшлі гэтага хлопца. Ніякай выбухоўкі там не было. Пачалі разьбірацца: чаму так? “А, дзякуй вам, што знайшлі, я гэтак хацела абараніць сваё дзіця, каб ён ня трапіў у гэты натоўп".
Маці Глеба Алена ўсё ж узяла слухаўку, але адмовілася камэнтаваць, ці яе голас гучыць у фільме, калі ідзе гаворка, што сын пайшоў на плошчу нібыта з выбухоўкай. Жанчына працуе на дзяржаўнай службе і непакоіцца, што ў выніку гэтай гісторыі ў яе могуць узьнікнуць праблемы на працы, прынамсі сапсавацца адносіны "паміж ёй і калегамі". Спадарыня Алена крыўдуе на таго, хто абяцаў ёй не абнародаваць яе дадзеных, але не стрымаў свайго слова:
"Я, вядома, цяпер зусім раздушаная, разумееце? Абяцалі, што ня будзе ніякіх наступстваў, але ўсё склалася па-іншаму..."