Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў і партыя БНФ заклікаюць паручацца за палітвязьняў


Партыя БНФ пры падтрымцы былога кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва распачала кампанію за вызваленьне палітвязьняў, арыштаваных пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Менску. У адмысловым звароце кіраўніцтва БНФ заклікала грамадзян не спыняць акцыю салідарнасьці і прадоўжыць справу вызваленьня праз асабістае паручальніцтва за кожнага палітзьняволенага.

Кіраўнікі партыі БНФ перадусім падзякавалі валянтэрам і ўсім неабыякавым людзям, якія празь сядзібу партыі перадавалі дапамогу зьняволеным, а таксама працягваюць падтрымліваць вызваленых. Былы кандыдат на прэзыдэнта і таксама былы палітвязень Рыгор Кастусёў выказаў асабістую падзяку ўсім, хто ахвяраваў свой час і сродкі, у тым ліку на ягоную сям'ю:

Рыгор Кастусёў, у часе акцыі падтрымкі на Акрэсьціна
"Я хачу падзякаваць усім і за тую ўвагу, якая была аказаная асабіста маёй сям'і. Як ведаеце, учора быў вызвалены мой сын, які 15 сутак адседзеў у турме ў Жодзіне. Натуральна, што я туды ня здолеў бы наезьдзіцца, і падтрымка самых розных людзей была ў гэтыя дні вельмі дарэчы. Зараз я на волі, але я добра ведаю, у якіх умовах зараз знаходзяцца арыштаваныя ці затрыманыя людзі ў сьледчых ізалятарах і турмах. Зразумела, што на свабодзе я павінен зрабіць усё ад мяне залежнае, каб гэтыя людзі былі вызваленыя як найхутчэй".

Акрамя таго, хваля рэпрэсіяў адносна прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці ў Беларусі не зьмяншаецца: пасьлядоўна праводзяцца ператрусы, адбываюцца затрыманьні і запалохваньні. Таму грамадзянская салідарнасьць з палітрэпрэсаванымі не павінна аслабець — гэтак патлумачыў новую кампанію за вызваленьне палітвязьняў старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
"Дзясяткі чалавек па-ранейшаму застаюцца ў турме. І людзі, якія працягваюць да нас прыходзіць, запытваюць: чым мы зараз можам дапамагчы? І мы лічым, што ў кожнага грамадзяніна, які хоча выявіць сваю салідарнасьць зь людзьмі, якія зараз знаходзяцца ў турме, ёсьць такая магчымасьць дапамагчы праз напісаньне асабістага паручальніцтва".

Паручальніцтва аб зьмене меры стрыманьня — гэта юрыдычная працэдура, прадугледжаная беларускім заканадаўствам, якая дазваляе хадайнічаць аб вызваленьні зьняволенага пад асабістую адказнасьць ня менш як двух паручальнікаў. Гэта ня цягне за сабой аўтаматычнага вызваленьня палітвязьняў, але спрыяе іх вызваленьню і дэманструе грамадзянскую салідарнасьць, кажа намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў
"Кожны чалавек бярэ на сябе адказнасьць, падпісваючы хадайніцтва. Яно павінна быць падпісана чалавекам асабіста і на кожнага з затрыманых паасобку. Гэткім чынам мы даем магчымасьць людзям выявіць асабістую салідарнасьць з кожным зьняволеным асабіста: гэта 27 чалавек у турме КДБ і 2 чалавекі ў сьледчым ізалятары на Валадарскага".

Кіраўніцтва партыі БНФ праз адмысловы зварот заклікала грамадзян, палітычныя і грамадзкія арганізацыі Беларусі далучацца да кампаніі паручальніцтва. Сёньня яна можа тычыцца 29 чалавек, зьняволеных паводле падзеяў 19 сьнежня. Падпісацца пад хадайніцтвам аб вызваленьні палітвязьняў можна на сядзібе партыі БНФ у Менску, а таксама ў прадстаўнікоў партыі ў рэгіёнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG