Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамляюць пра 698 адміністрацыйна затрыманых


Пачалі выходзіць на волю першыя з арыштаваных паводле адміністрацыйных працэсаў за ўдзел у падзеях 19 сьнежня і наступных дзён.

Адам адбыў 6 дзён ў Жодзінскім ізалятары і выйшаў на волю 26 сьнежня. Вязьні, якія адбывалі зь ім пакараньне, папрасілі пазваніць дамоў іхным сваякам. Адам паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што ўжо выканаў некалькі просьбаў, але для вялікай размовы пакуль ня мае дастаткова часу.

Праваабаронцы «Вясны» падсумавалі зьвесткі пра асуджаных на суткі, аштрафаваных і тых, хто ў выніку брутальных дзеяньняў міліцыі пры разгоне мітынгу на плошчы Незалежнасьці пацярпеў і трапіў у шпіталь. Праваабаронцы налічылі 698 чалавек. Зь іх − прыкладна 50 чалавек аштрафаваных, і столькі ж трапілі ў шпіталі, а астатнія адбываюць пакараньні ў двух менскіх ізалятарах, а таксама ў жодзінскім СІЗА. Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, шмат людзей былі асуджаныя на 10 дзён, таму 29-га іх будуць выпускаць на волю. Ці рыхтуецца іх сустрэча?
Гэтыя ўстановы ня хочуць казаць, у які час яны будуць вызваляць людзей. Але мы будзем даведвацца і сустракаць.

«Праблема толькі ў тым, што мы ня ведаем дакладна, які час ім напісалі ў пратаколах. І гэтыя ўстановы ня хочуць казаць, у які час яны будуць вызваляць людзей. Але мы будзем даведвацца і сустракаць».

Паводле Насты Лойкі, у вязьняў ізалятараў Менску і Жодзіна ўжо пачаліся праблемы са здароўем з-за адсутнасьці вітамінаў і прагулак. «Мы рыхтуемся да таго, што тым, хто выйдзе на волю, тэрмінова прыйдзецца аказваць мэдычную дапамогу», − кажа праваабаронца.

Паводле праваабаронцаў, сярод затрыманых болей як 50 атрымалі траўмы. Мая Абрамчык 29-га сьнежня пайшла б сустракаць з Акрэсьціна свайго сябра Андрэя, але ня можа — 19 сьнежня на вуліцы Валадарскага амапавец зламаў ёй нагу, ударыўшы дубінкай пасьля таго, як яна папрасіла ня біць Андрэя. Хлопец пад наглядам міліцыянтаў аднёс Маю на руках у аўтазак. Потым яе адвезьлі ў шпіталь, а яго — за краты. Дзяўчыне зрабілі складаную апэрацыю. «Цяпер нага зажывае», — кажа Мая Абрамчык. Я спытаў, ці можна назваць прозьвішча Андрэя?

«Ня ведаю. Ён ужо не студэнт, ужо працуе. Зь ім я пасьля таго не размаўляла. Можа, ён і ня супраць, але безь яго я не магу гэта вырашыць».

27 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе разглядаліся скаргі грамадзян Расеі, якіх затрымалі падчас падзей 19 сьнежня і асудзілі на адміністрацыйны арышт. Паводле зьвестак, 9 скаргаў не задаволеныя, скаргі яшчэ 2 чалавек плянуецца разгледзіць 30 сьнежня. Паводле прадстаўніка амбасады Расеі Вадзіма Гусева, амбасада не задаволеная рашэньнем Менскага гарадзкога суду і зьбіраецца зьвярнуцца ў Вярхоўны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG