Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча: нянавісьць і любоў


Першы тэкст пра Плошчу - "Лілея" Андрэя Адамовіча - зьявіўся раніцай, калі сьвежы сьнег яшчэ не пахаваў пад сабой сьляды крыві на месцы "масавых беспарадкаў", калі міліцыя яшчэ ламалася ў кватэры недалоўленых грамадзянаў. За два дні зьявіліся літоўскі і расейскі пераклады гэтай першай імпрэсіі. Мастацкую хроніку падзеяў або іх асэнсаваньне зьмясьцілі гэтымі днямі ў сваіх блогах і камэнтарах іншыя творцы. У нашай новай анталёгіі "Сэнсы Плошчы" мы будзем зьбіраць мастацкі плён - прозу, паэзію і эсэістыку - новай культурнай сытуацыі.

Андрэй Адамовіч. Лілея

Учора, калі мы ўжо сыйшлі з плошчы, мы сядзелі ў сябра. Ён падарыў мне малюначак, які ўначы, у адным са спальных раёнаў набыў у дзяўчынкі, з выгляду аўтысткі. Яна прасіла за сваю інсітную акварэль сто рублёў, але ён даў тысячу....

Міхаіл Падаляк. Кроў на сьнезе

Беларусь - мая нянавісьць да баяьзлівых нягоднікаў, якія нападаюць з-за спіны і якія носяць клеўрэцкія адзежыны безыменных апрычнікаў. Беларусь - мая любоў да тых, хто ламае ў сабе свой самы жудасны страх і ўсё роўна стаіць на шляху адмарозкаў з афіцыйным блаславеньнем ад Лукашэнкі. Дзве краіны? Не.

Віктар Марціновіч. Бяссоньніца

Алюзіі з Расеяй пасля сілавога перавароту даходзяць да абсурду: палова гораду (усе тыя, каго можна было б аднесці да арыстакратыі, інтэлектуальнай, фінансавай, дзелавой) сур'езна кажа аб ад'ездзе.

Канстанцін Чарухін. Тварам да сьцяны

Залезла муха ў будзільнік. Стрэлкі: цік-так, зубчастыя колцы: тук-тук. Зазьвінеў будзільнік, і адбарабаніў малаточак па цікаўнай мушынай галаве. Мы з жонкай маёй людзі не гераічныя. Гэта нас дзяржаўная машынка проста сваім колцам падчапіла. І павалакла - з зубца на зубец.

Уладзімер Мацкевіч. Нацыя прыніжаная!

Я больш не магу толькі аналізаваць і разважаць. Усё, што адбываецца, заклікае да сумленьня і сэрца, развага павінна саступіць душы і сумленьню. Нематываваная жорсткасьць і подласьць рэжыму выплюхнулася праз край.

Сяргей Дубавец. Мы ляжым снапамі на таках...

Як казаў Камю, “мы занадта доўга жывем”, каб гэтак настойліва не заўважаць зьменаў. Маю на ўвазе ня новабудоўлі і, на жаль, ня зрухі насельніцтва ў кірунку ператварэньня ў нацыю, культуру, народ. Маю на ўвазе такую дробязь, як эвалюцыя ўласнага разуменьня таго, што з намі адбываецца. Асабліва пасьля апошніх прэзыдэнцкіх “выбараў”.

Блогерка volja. Пасьля19тае

Я ня ведаю як усё далей будзе разьвівацца ў Беларусі. Адно што рэальнасьць за гэтыя апошнія тыдні пачала ўяўляць сабой ваеннае становішча. Ідэальная карцінка дала трэшчыну і ў нейкага наверсе зямля выходзіць з-пад ног.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG