Цыганкоў: Сёньня прагучала некалькі ўзаемавыключальных заяваў. З аднаго боку — антылукашэнкаўскія ад Жырыноўскага, зь іншага — пралукашэнкаўскія ад Сурыкава. Чаму Дзьмітры Мядзьведзеў, у адрозьненьне ад некаторых кіраўнікоў цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў, дагэтуль не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь «перамогай»? Гэта нешта азначае ці проста тэхнічны момант?
Коктыш: Гэта азначае, што Масква пакуль яшчэ прымае рашэньне. Трэба разумець, што цяпер Жырыноўскі значна бліжэй да пункту прыняцьця рашэньня, чым любы расейскі пасол. Так што калі былі заявы Жырыноўскага, то гэта вельмі слушны маркер таго, што сыстэма пакуль думае і прымае рашэньне. Гэта не тэхнічны момант, гэта момант, калі працягваецца вызначэньне пазыцыі.
Цыганкоў: Вы лічыце, што нават тэарэтычна магчымы варыянт, што Масква ў нейкай форме ня ўхваліць афіцыйныя вынікі выбараў?
Зусім ня выключана, што Расея так ці інакш зойме пазыцыю, блізкую да пазыцыі Эўразьвязу.
Коктыш: Тэарэтычна гэта зусім ня выключана. Зусім ня выключана, што Расея так ці інакш зойме пазыцыю, блізкую да пазыцыі Эўразьвязу, калі адносіны падтрымліваюцца, але легітымнасьць рэжыму ў поўнай ступені не прызнаецца.
Міжнароднае права дазваляе такі варыянт. Ня ўсё ж зводзіцца да белага ці чорнага — «альбо прызнаю, альбо не прызнаю». Існуюць нейкія нюансы, і, магчыма, зараз якраз ідзе пошук гэтых нюансаў, аналіз той інфармацыі, якая ёсьць. Можа,тут будзе і рэакцыя на затрыманых у Менску расейскіх грамадзянаў.
Як бы там ні было, затрымка зь віншаваньнем азначае, што сыстэма працягвае думаць, працягвае абмяркоўваць розныя варыянты рашэньня.
Цыганкоў: Гэты працэс прыняцьця рашэньня неяк можа ўключаць у сябе перамовы зь беларускім бокам? Ці магчыма, што зараз ідуць нейкія схаваныя перамовы паміж Лукашэнкам і Масквой, калі кіраўніку Беларусі кажуць — «мы вас прызнаем, а вы зробіце тое і тое»?
Коктыш: Я ня веру ў такую таемную дыпляматыю пры тым узроўні даверу, які існуе паміж сёньняшнім крамлёўскім і беларускім кіраўніцтвам. У іншых выпадках гэта было б магчыма, але не пры тым узроўні даверу, які існуе паміж Лукашэнкам і Мядзьведзевым.