Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік мітынгу: "Мы не рыхтаваліся змагацца”


Спадар Васіль з Гомельскай вобласьці, чалавек паважнага ўзросту, быў сярод дэманстрантаў на плошчы Незалежнасьці. Ён распавядае пра падзеі 19 сьнежня.

Васіль: “Арганізацыя была б, канечне, лепшай, калі б Някляева загадзя ня вывелі з шэрагаў. Проста зьбілі!

У іх, напэўна, была задумка, каб мы пачалі штурмаваць Дом ураду. А мы ня йшлі туды. Ніхто нічога не зьбіраўся браць. Тады запусьцілі вось гэтых правакатараў, якія то цягнуць некага (паказваюць па тэлевізары), то шчыты выцягваюць. Гэта — звычайная падстава. Людзі іх адразу раскусілі, што гэта — правакатары. Дык яны адразу й зьбеглі. І міліцыя адразу сышла, зь якой такія ж правакатары распачыналі бойку.

Потым ужо ўсё пайшло паводле сцэнару ўладаў. Запусьцілі армію — узялі ў аблогу, запусьцілі АМАП. Апошні й стаў выштурхоўваць, выштурхоўваць нас з плошчы. Тых, што былі ля трыбуны, акружылі. Бачна было, што іх білі.

Мы не рыхтаваліся змагацца. Ніякіх прутоў для біцьця шкла, нічога такога не было. Нават добрага кія не было. Вуды тэлескапічныя былі толькі для сьцягаў. Усё астатняе, што паказваюць, было насыпана, навалена, як кажуць.

Калі б мы толькі пачалі, там бы ня выратаваўся ніхто”.

На пытаньне, чаму людзі пайшлі на плошчу Незалежнасьці, спадар Васіль адказаў:


“Пашлі, уласна кажучы, таму, што гэта нібыта сыходзіла ад кандыдатаў. Пойдзем, заявім ЦВК, што гэта ня выбары, што ўсё гэта незаконна.

Паказалі ўсяму сьвету, што пра дэмакратыю ў краіне й гаварыць не даводзіцца. Няма дэмакратыі, калі можна на свой народ накіроўваць армію, АМАП і зьбіваць не аднаго, а нават некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Відавочна, уладу ён не аддасьць, прыватызаваную гэтую ўладу. У нас улада як бы прыватызаваная адным чалавекам. Але я думаю, што народ рана ці позна прачнецца — і ўсё стане на сваё месца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG