Кіраўнік віцебскай суполкі «Маладой Беларусі» Тарас Сурган паведаміў, што каля дома, дзе ён жыве, ужо суткі дзяжурыць міліцэйская машына. Па тэлефоне яму загадалі ў 17 гадзін зьявіцца ў міліцыю, аднак ён адмовіўся ісьці туды без позвы.
Тарас Сурган знаходзіцца пад прэвэнтыўным міліцэйскім наглядам, бо раней быў не аднойчы асуджаны за крадзяжы, а потым – за акцыі зь бел-чырвона-белымі сцягамі.Ён кажа, што з крымінальным мінулым усё скончана, і ўжо некалькі год як ён стаў перакананым апазыцыянэрам.
Міліцыянты, якія дзяжураць у машыне, уночы некалькі разоў правяралі, ці знаходзіцца ён дома. Цяпер, кажа Тарас Сурган, супрацоўнікі міліцыі суправаджаюць іх з братам, Алегам Сурганам, па горадзе – сочаць, ці не паедуць яны ў Менск на Кастрычніцкую плошчу.
Абодва не выключаюць прэвэнтыўнага затрыманьня, бо іх неаднаразова каралі за несанкцыянаваныя акцыі. Алег Сурган толькі паўгода таму выйшаў з-пад арышту, які адбываў паводле абвінавачаньня за напад на міліцыянта падчас затрыманьня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга.