Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч зьвярнуўся да афіцэраў


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч у сваім відэазвароце заклікаў вайскоўцаў і афіцэраў сілавых структур захаваць гонар і ня даць уцягнуць сябе ў злачынствы.

"Я зьвяртаюся да вас не як кандыдат у прэзыдэнты, а як афіцэр, як падпалкоўнік запасу, які добра разумее вашу сытуацыю", — заявіў Статкевіч на пачатку свайго відэазвароту, які быў перададзены БелаПАН кіраўніком выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Сяргеем Марцалевым.



"Улада рыхтуецца ўцягнуць вас у свае небясьпечныя гульні, зрабіць саўдзельнікамі сваіх злачынстваў. Адзін чалавек спрабуе пераканаць вас, што ён галоўнакамандуючы, што ён прэзыдэнт і мае права аддаваць любыя загады. Гэта ня так. Гэтае права ён страціў у 1999 годзе (афіцыйны тэрмін заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, без уліку вынікаў рэфэрэндуму 1996 году, калі адлік прэзыдэнцкіх тэрмінаў пачаўся нанава), а потым, пайшоўшы на выбары, сфальсыфікаваў іх. Ён цяпер — былы галоўнакамандуючы і былы прэзыдэнт", — заявіў Статкевіч.

Статкевіч зьвярнуўся да афіцэраў сілавых структур з заклікам успомніць, што ў 1999 годзе былі "выкрадзеныя, катаваныя і забітыя Віктар Ганчар, Юры Захаранка". "Афіцэры і салдаты, якія выканалі гэты злачынны загад, — яны апынуліся крайнімі. Хтосьці зь іх схаваны на 20 гадоў у турму. Хтосьці зьнік, напэўна, назаўсёды. Хтосьці спрабуе хадзіць сярод нас з аховай. Але гэта ахова не ад нас — гэта ахова ад тых, хто даваў яму каманду забіваць сьведак. Вы ня думайце, што ўлада ў чымсьці арыгінальная. У нас у краіне адпачывае былы прэзыдэнт Бакіеў. Ён таксама аддаў каманду вайскоўцам страляць, і яны стралялі. Яны выканалі загад, і яны думалі, што яны паступаюць паводле статуту. А зараз іх судзілі. Асудзілі і вельмі жорстка пакаралі. А ён тут, адпачывае. Або вось яшчэ прыклад: суседняя Польшча. Спэцназ атрымлівае загад страляць у шахцёраў. І ён гэты загад выконвае. І нядаўна іх судзілі — праз 20 зь нечым гадоў. Яны таксама жорстка пакараныя. Да гэтага часу ў Чылі сядзяць 500 афіцэраў за тое, што яны выконвалі загады Піначэта. Пераварот у Чылі, я нагадваю, здарыўся ў 1973 годзе. Піначэт памёр у цёплай пасьцелі. А яны да гэтага часу сядзяць", — падкрэсьліў Статкевіч.

"Часам дастаткова, каб захаваць гонар і вернасьць прысязе, проста выконваць законы. Напрыклад, датэрміновае галасаваньне. Сяржанты і афіцэры міліцыі ахоўваюць скрыні. На вашых вачах будзе зьдзяйсьняцца злачынства. Гэта ўжо было ў 2008 годзе. Але з шасьці з паловай тысяч участкаў і адпаведнай колькасьці сяржантаў і афіцэраў міліцыі толькі адзін падпалкоўнік знайшоўся, падпалкоўнік Казлоў, які паступіў паводле закону: спрабаваў далажыць аб злачынстве. Зрабіце тое ж самае! У рэшце рэшт, зафіксуйце факт злачынства і асоб, якія яго зьдзяйсьнялі", — заклікаў Статкевіч.

"І, нарэшце, 19 сьнежня тысячы грамадзян Беларусі, вашых суседзяў, знаёмых, можа, нават сяброў выйдуць на плошчу ў Менску. Калі яны даведаюцца, што выбары зноў сфальсыфікаваныя, яны будуць пратэставаць. А ўлада зноў прыкрыецца вамі. Падумайце, у якой сытуацыі вы можаце апынуцца. Захавайце свой гонар. Ня дайце ўцягнуць вас у злачынствы. Служыце, як вы прысягалі, Канстытуцыі і народу", — заявіў Статкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG