Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас забралі права на выбар, на кіраваньне сваёй краінай "


"Як вы ацэньваеце сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў параўнаньні з суседнімі краінамі?" Адказваюць жыхары гораду Івацэвічы.

Спадар: "Некаторыя газэты шмат пішуць пра тое, што ў нас парушаюцца правы чалавека. Пішуць пра тое, што ў нас кіраўнік краіны сядзіць ва ўладзе шмат тэрмінаў, і гэтым самым ён найперш парушае правы людзей. Бо такім чынам ўлада забірае ў людзей права на выбар, права на кіраваньне сваёй краінай. Пастаянна парушаюцца нашы дэмакратычныя правы. Ды і ўвогуле, варта дадаць пра факты зьнікненьня вядомых палітыкаў. Гэта немагчыма схаваць і ўтойваць".

Спадарыня: "Я не магу параўноўваць, бо практычна не была нідзе за мяжой. Але мне падаецца, што ня так усё і кепска ў нашай краіне, як і паўсюль, напэўна. Справядлівасьці ўсё роўна нідзе няма. Хто знаходзіцца вышэй, заўсёды прыніжае таго, хто сядзіць ніжэй".

Спадар: "Я ацэньваю адносна здавальняюча. Ёсьць шмат мінусаў, але ёсьць і плюсы".

Спадарыня:
"Хто сьмелы, той здольны адстойваць свае правы пры любым палітычным ладзе ў любой краіне. Але тычыцца гэта ня кожнага грамадзяніна — толькі тых, хто мае сваю пазыцыю і мае моцны характар. Калі казаць агулам, то зьнешне сытуацыя ў нас выглядае адносна добра і спакойна, хаця, вядома, і адмоўных, і станоўчых прыкладаў можна адшукаць даволі шмат".

Спадарыня: "Я лічу, што калі ў нас у пэўнай сытуацыі і не выконваюцца правы чалавека, то існуе магчымасьць абараніць свае правы. Было б толькі жаданьне".

Спадар:
"Не магу дакладна сказаць. Але перакананы, што ў параўнаньні зь іншымі, заходнімі краінамі, у нас сытуацыя нашмат горшая. Хаваюць інфармацыю, замоўчваюць. Узяць, напрыклад, гэтыя зьнікненьні палітычных лідэраў. Вось адсюль і атрымліваецца негатыўная карціна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG