Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць кандыдаты на прэзыдэнта аб прапанове Някляева здымацца з выбараў?


Уладзімер Някляеў падчас пікету 9 сьнежня выказаў прапанову кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі супольна зьняцца з выбараў і гэтым дамагчыся непрызнаньня выбараў, якія ўлада рыхтуецца сфабрыкаваць. Ужо вядома, што ініцыятыва Някляева не была падтрыманая. А што дакладна казалі пра яе іншыя кандыдаты?

Кандыдат ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў: «Пытаньне аб супольным зьняцьці павінна заставацца на парадку дня. Я гатовы да гэтай ініцыятывы станоўча паставіцца, гатовы да перамоў, але здыманьне павінна быць супольным, без аніякіх хітрыкаў».
Кандыдат Віталь Рымашэўскі: «Я палітык, а не палітоляг. На парадку дня стаіць пытаньне аб барацьбе за зьмену ўлады, за тое, каб людзям даць права выбару, за свабоду і дэмакратыю».
Кандыдат Алесь Міхалевіч: «Я параіўся са сваёй камандай, і ўсе кажуць, што гэта ня ёсьць выхадам з сытуацыі. Таму пакуль маё рашэньне такое — я ня буду здымацца».
Кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус: «Здымацца з выбараў няма сэнсу. Лепш, каб усе кандыдаты працавалі на тое, каб людзі ведалі, што адбываецца ў краіне, і дамагаліся зьменаў у выбарчы кодэкс».
Кандыдат Віктар Цярэшчанка: «Зараз 9 кандыдатаў на прэзыдэнта дамаўляюцца паміж сабой, іх каманды працуюць на кожнага пэрсанальна. Тут няма пройгрышу. Калі будзе адзін на дзевяць, будзе лепш, чым адзін на адзін».
Кіраўнік штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец: «Ад пачатку ў Андрэя быў настрой ісьці да перамогі, і штаб працягвае працаваць у штатным рэжыме, мы працуем на кампанію Андрэя Саньнікава».
Кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук: «Я скептычна стаўлюся да ідэі такіх паводзін. Усе выдатна разумеюць, што сярод 9 чалавек ёсьць людзі, якія ніколі ня будуць здымацца».
Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч: «Мяркую, што гэта крок няправільны, хаця кожны з кандыдатаў мае на яго права. Што да мяне, я здымацца ня буду. Як кажуць, „не дачакаецеся“. Я да канца адпрацую ўсе гэтыя магчымасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG