Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаталаў: Пытаньне аб павышэньні мыта на нафтапрадукты яшчэ не закрыта


Дыскусія аб магчымым падвышэньні экспартнага мыта на нафтапрадукты яшчэ не завершана.

Пра гэта паведаміў статс-сакратар, намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў на канфэрэнцыі па разьвіцьці падатковай сыстэмы ў Расеі, перадае Інтэрфакс.

"Пытаньне, па якім дыскусія яшчэ ня скончана, хоць пагадненьне павінна быць падпісана 9 сьнежня (у рамках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу), — гэта пытаньне пра экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты".

Паводле Шаталава, пакуль экспартнае мыта ўнутры Мытнага саюзу яшчэ дзейнічае, але ад 1 студзеня 2011 году яно, хутчэй за ўсё, будзе адменена і паўстане пытаньне, якім чынам вывазное мыта будзе дзяліцца паміж дзяржавамі, калі тавары вывозяцца за мяжу Мытнага саюзу.

"І, вядома, нафта і нафтапрадукты зьяўляюцца тут самымі балючымі тэмамі".

Намесьнік міністра разьлічвае на станоўчае заканчэньне перамоў, але не выключае, што прыняцьце рашэньня будзе суправаджацца некаторым павышэньнем экспартнага мыта на нафтапрадукты, якое вызначае Расея.

"Падставы для такога павышэньня ёсьць — сёньня розьніца паміж экспартным мытам на нафту і нафтапрадукты вельмі вялікая".

У сярэднім па кошыку цёмных і сьветлых нафтапрадуктаў экспартнае мыта складае каля 55% ад экспартнага мыта на нафту, пры гэтым на цёмныя — каля 40%, на сьветлыя — каля 70%.

"Па вялікім рахунку, гэта датацыі з боку бюджэту нафтаперапрацоўчым кампаніям", — адзначыў Сяргей Шаталаў.

Паводле Шаталава, калі экспартнае мыта на нафтапрадукты будзе павышана, то павялічацца аб'ёмы экспарту нафты і крыху скароціцца перапрацоўка на ўнутраным рынку.

"Гэта можа мець глябальныя наступствы", — сказаў ён.

Паводле Шаталава, 9 сьнежня ў рамках сустрэч кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу плянуецца падпісаць шэраг пагадненьняў, якія тычацца нафтагазавага сэктару, натуральных манаполій, чыгунак, газаправодаў, здабычы газу, адзіных правілаў канкурэнцыі, адзіных правілаў наданьня прамысловых субсыдый і адзінага антыманапольнага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG