Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Някляеву трэба паказаць, што ён фаварыт сярод іх"


Кірыла Пазьняк
Кірыла Пазьняк
Ці ўразіў Уладзімер Някляеў сваім другім тэлевізійным выступам? Да каго ён зьвяртаўся — да дэмакратычнага электарату альбо да больш шырэйшай аўдыторыі? Ці перадаў ён слухачам упэўненасьць у перамозе? Тэлевыступ Уладзімера Някляева ацэньваюць наш аглядальнік Віталь Цыганкоў і кіраўнік інтэрнэт-праекту "Мы" Кірыл Пазьняк.



Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Спачатку скажу пра форму тэлезвароту. Уладзімер Някляеў зноў стаяў — і гэта зноў вылучала яго сярод іншых кандыдатаў, "гаворачых галоў". Аднак гэтыя ўсплёскі голасу, як у тэатры, яны часам гучалі надта моцна. Навізна першага выступу трошкі сьцерлася, і цяпер гэтыя паэтычныя перапады голасу — ад ціхага да вельмі гучнага — часам нават трошкі раздражнялі.

Пазьняк: Калі чалавек прамаўляе стоячы, ён пачувае сябе больш натуральна, і жэстыкуляцыя становіцца больш натуральнай. Што да манэры Някляева гаварыць, то тут ёсьць і плюс, і мінус. Экспрэсія — гэта файна, але залішні артыстызм, прафэсійнае паэтава — гэта ўжо кепска. Тое, што спрацавала першым разам, другі раз ужо рабіла ўражаньне паўтору.

Цыганкоў: Ня ведаю, ці выйгрышна тое, што ён найперш казаў пра палітычную рэформу, настойваў, што менавіта ад гэтага залежыць эканоміка і сацыяльная сфэра. Магчыма, гэта так і ёсьць, але часта гучаць меркаваньні, што сярэдняга выбаршчыка цяпер найперш цікавіць эканоміка і сацыяльная сфэра. Як вам здаецца, такі ўціск на палітыку быў плюсам ці мінусам?

Пазьняк: Я думаю, гэта хутчэй мінус. У двух выступах Някляеў вельмі мала казаў пра сваю праграму. Магчыма, экспрэсія выступу дыктавала пэўную заклікавасьць, крытыку існага рэжыму. Таму з праграмы мы пачулі толькі некалькі тэзаў — пра мацярынскі капітал, і пра тое, што мэтар жыльля будзе каштаваць, як сярэдні заробак.

Плюсам я б адзначыў тое, што Някляеў паспрабаваў наладзіць завочныя дэбаты з Лукашэнкам тут і цяпер. У прыватнасьці, згадаў праграму кіраўніка дзяржавы і сказаў, што яна пазычаная ў ягоных супернікаў, заявіў, што сам Лукашэнка няздольны яе ажыцьцявіць. Пракамэнтаваў ён і сьвежыя абвінавачваньні з боку Лукашэнкі пра фінансаваньне Някляева з боку Расеі.

Цыганкоў:
Можна ў якасьці плюсаў таксама адзначыць тое, што Някляеў гаварыў як кандыдат, які мае шанцы на перамогу. Заявіў пра тое, што мае рэйтынг 20 працэнтаў. Гаварыў пра тое, што стрымае ўсе свае абяцаньні, што іншыя кандыдаты ад дэмакратычных сілаў знойдуць месца ў яго камандзе. "Мы вернем ільготы, будзем выплачваць мацярынскі капітал. Паверце, што мы пераможам". Такім чынам Някляеў стараўся паказаць, што 19 сьнежня нічога ня скончыцца, імкнуўся гаварыць пра тое, што будзе з краінай у выпадку ягонай перамогі. Гэта мусіла ўсяліць веру ў выбаршчыкаў. Ці ўсяліла?

Пазьняк: Мне здаецца, Някляеў усё ж больш натхняў свой электарат, у тым ліку таму, што ён казаў шмат пра Плошчу. Усё ж складаецца ўражаньне, што галоўная мэта Някляева — "заслупіць" лідэрства ў апазыцыі пасьля 19 сьнежня. Паколькі на Плошчу выйдуць некалькі кандыдатаў, Някляеву трэба паказаць, што ён фаварыт сярод іх.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG