Ужо хутка будзе адзначацца 200-годзьдзе вайны 1812 году, якая для нас была, як вядома, не такой, як для Расеі. Скажыце, калі ласка, наколькі рэальным сталася аднаўленьне пад эгідаю Напалеона нашай дзяржаўнасьці?
Казімір, настаўнік гісторыі
Тая вайна ў нашай гісторыі насамрэч мела кардынальна іншы характар, чым ува ўсходніх суседзяў. Для Літвы-Беларусі, што толькі нядаўна патрапіла ў кіпцюры дзьвюхгаловага арла, яна не была айчыннай. Аднак гэтае азначэньне, дадзенае імпэрскай расейскай гістарыяграфіяй, дагэтуль тыражуецца беларускімі падручнікамі і энцыкляпэдыямі (на жаль, прысутнічае і ў Энцыкляпэдыі гісторыі).
Не адна эліта, але і шырокія колы жыхарства былых земляў Вялікага Княства Літоўскага зьвязвалі з паходам Напалеона надзеі на адраджэньне сваёй дзяржавы. Сяляне спадзяваліся на вызваленьне ад прыгону.
Ужо праз чатыры дні пасьля пачатку баявых дзеяньняў французаў радасна вітала Вільня. Першым пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў колішнюю сталіцу ўвайшоў уланскі полк князя Дамініка Радзівіла. Намер запісацца ў Вялікую армію Банапарта выказалі амаль усе студэнты Віленскага ўнівэрсытэту й сотні месьцічаў. У Менску ўрачыста сустракалі маршала Даву. У Магілёве Напалеону прысягнуў праваслаўны япіскап Варлам. У Віцебску адбылася трагікамічная гісторыя. Ключы ад гораду францускаму імпэратару перадала дваранская дэпутацыя, ачоленая адстаўным армейскім брыгадзірам і былым кацярынінскім фаварытам графам Храпавіцкім. Ягоная жонка ўвесь дзень стаяла на парозе дому, частуючы афіцэраў і жаўнераў віном. Праз тры дні граф ці то ад празьмернай радасьці, ці то ад старэчай рэўнасьці зьвіхнуўся з розуму…
Да жніўня Вялікая армія заняла амаль увесь беларускі абшар, які афіцыйна называўся «вызваленым ад расейскага прыгнёту». Напалеон абвясьціў пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага з сталіцаю ў Вільні. Яго тэрыторыя складалася з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губэрняў і Беластоцкай вобласьці, перайменаваных у дэпартамэнты. Ваенная ўлада ў Княстве належала генэрал-губэрнатару, цывільная — Часоваму ўраду. У ягонай структуры было сем камітэтаў (харчаваньня і магазінаў, паліцыі, фінансаў, вайсковы, судовы, унутраных справаў, народнай асьветы і рэлігіі). Камітэты ўзначалілі вядомыя ў краі дзеячы: былы літоўскі маршалак Станіслаў Солтан, граф Язэп Серакоўскі, князь Аляксандар Сапега, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Ян Сьнядэцкі.
Дзеля падтрыманьня ў краіне парадку фармаваліся аддзелы нацыянальнай гвардыі і жандармэрыі, а затым пачалося стварэньне ўзброеных сілаў Княства. Шляхцічы- добраахвотнікі склалі ў імпэратарскай гвардыі кавалерыйскі полк. Пасьпяхова дзейнічаў эскадрон выведнікаў зь беларускіх татараў.
У некаторых гісторыкаў існуе меркаваньне, што на выпадак палітычнага гандлю з Расеяй Банапарт меў намер стварыць у Прыдзьвіньні і Падняпроўі яшчэ адну падуладную яму дзяржаву пад назовам Беларусь.
Аднак рэальнае адраджэньне нашай дзяржавы валадара Эўропы цікавіла мала. Ён выкарыстоўваў патрыятычныя настроі ў сваіх мэтах. Назавем рэчы сапраўднымі імёнамі: Часовы ўрад быў марыянэткавым. Ён ня меў права прымаць пастановаў бяз згоды францускага камісара і мусіў займацца ў першую чаргу зборам падаткаў для Вялікай арміі. За абяцаньне вярнуць дзяржаўнасьць імпэратар вымагаў стотысячнага войска і велічэзных паставак фуражу і харчу. У жніўні ён падпісаў указ, паводле якога нашы губэрні павінны былі даць 528 тысяч тонаў збожжа, 100 тысяч тон аўса і 53 тысячы кароў. Гэта пагражала краіне голадам.
За абяцаньне вярнуць дзяржаўнасьць імпэратар вымагаў стотысячнага войска і велічэзных паставак фуражу і харчу.
Настроі ў грамадзтве мяняліся. З Часовага ўраду выйшаў нядаўні заўзяты банапартыст Аляксандар Сапега, які няраз выконваў асабістыя даручэньні францускага імпэратара. Дачакаўшыся не скасаваньня прыгоннага права, а рэквізыцыяў і рабункаў, сялянства бралася за косы і сякеры…
Далейшыя падзеі добра вядомыя.
Ліцьвінскія палкі, у якіх налічвалася 25 тысяч нашых суайчыньнікаў, з баямі адступалі разам зь Вялікай арміяй праз Польшчу і Нямеччыну да самай Францыі. Забітымі й палоннымі яны страцілі пераважную большасьць жаўнераў і афіцэраў. Яны гінулі не за свае інтарэсы. За чужую Айчыну гінулі і дзясяткі тысяч ліцьвінаў, што служылі тады ў расейскім войску. На пачатку вайны іх было 130 тысяч. Братоў прымусілі біцца з братамі, і тая вайна атрымала рысы грамадзянскай.
Часовы ўрад Княства пакінуў радзіму. Чатыры ягоныя паседжаньні адбыліся ў Варшаве, восем — у Кракаве, тры — у Дрэздэне. Там у ліпені 1813 году «міністры» сабраліся апошні раз.
Але ідэя адраджэньня Вялікага Княства не загінула. Яна натхняла ўдзельнікаў вызвольных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя, дзеячоў нашага Адраджэньня братоў Луцкевічаў…
А я пад ейным узьдзеяньнем, упершыню прыляцеўшы пятнаццаць гадоў таму ў ЗША, у картцы прыбыцьця адважна пазначыў родную краіну як VKL. І праз два тыдні вярнуўся дадому зусім не таму, што мяне дэпартавалі.