Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: Заклікаю пайсьці па вуліцах Беларускай Атлянтыды


Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук падчас прэзэнтацыі «Беларускай Атлянтыды»
Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук падчас прэзэнтацыі «Беларускай Атлянтыды»
1 сьнежня ў кнігарні менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя другой кнігі Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда», выдадзенай паводле дзесяцігадовай аднайменнай праграмы. Яна сталася дваццаць чацьвёртым выданьнем кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

Падчас прэзэнтацыі выступалі героі і суаўтары гэтай кнігі. Думкі адносна самой перадачы і тэзаў, якія ў ёй гучаць, можна сказаць, што не супадалі, а часам былі нават вострыя дыскусіі, зьвязаныя канкрэтна зь некаторымі мітамі Менску і іншых беларускіх гарадоў. Напрыклад, філёзаф Валянцін Акудовіч сказаў, што цяпер задача стаіць ня столькі выцягваць новую невядомую беларускую Атлянтыду, колькі захоўваць адкрытую, бо кола нацыянальнага катастрафічна звужаецца. Моладзь больш цікавіцца глябальнымі рэчамі. Таму, на яго думку, трэба пашыраць здабытае, у тым ліку і Беларускай Атлянтыдай.

Паэт Генадзь Бураўкін сказаў, што зробленае Вячаславам Ракіцкім – гэта сур'ёзна, надоўга, і пажадаў яму яшчэ тамоў пяць. Натуральна, выцягваючы новыя міты.

Яшчэ адзін аўтар, палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка ў сваім выступе падкрэсьліў, што на ягоную думку ранавата дарэшты разбураць некаторыя нават хай сабе і накінутыя міты. Некаторыя зь іх яшчэ паспрыяюць нацыятворчасьці.

Было яшчэ шмат цікавых выступаў. У прыватнасьці актора тэатра імя Горкага Віталя Краўчанкі, мовазнаўцы і дыплямата Пятра Садоўскага і многіх іншых.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» Аляксандар Лукашук так ацаніў посьпех дваццаць чацьвёртага выданьня гэтай кніжнай сэрыі:

"Вячаслаў Ракіцкі зь сябрамі робяць справу, якой немагчыма зрабіць: яны вычэрпваюць мора чужых мітаў, бліскучае, цяжкае і сьлізкае, як ртуць, і такое ж небясьпечнае.

Як прысохлы бінт з раны, яны зрываюць з гісторыі прасякнутыя сваёй крывёю чужыя сьцягі, і так паўстаюць іх харугвы.

І разыходзіцца мора на два бакі, і йдуць яны сваёй грамадой агромністай па вуліцах беларускай Атлянтыды, дзе ляціць Пагоня, дзе старыя багі яшчэ маладыя, дзе ахвяры недарэмныя, а слава вечная, як памяць, салодкая, як сьляза, і блізкая, як вырай.

За імі я заклікаю пайсьці ўсіх слухачоў "Свабоды", хто слухаў гэтую перадачу, тых, хто зараз на сайце Радыё Свабода можа адкрыць і прачытаць яе ў фармаце PDF, а таксама запрашаем вас напісаць на наш адрас, і мы абавязкова пастараемся выслаць гэтую кнігу ўсім тым сябрам "Свабоды", хто хацеў бы яе мець".

Прэзэнтацыя кнігі Вячаслава Ракіцкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:57 0:00


Пра кнігу распавядаюць Сяргей Харэўскі, Глеб Лабадзенка, Алесь Краўцэвіч, Міхась Скобла

Вячаслаў Ракіцкі. "Беларуская Атлянтыда". Кніга другая. (Спампаваць, PDF 2 Mb)
Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. — 2006. — 504 с.: іл.
Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе

Выступае Вячаслаў Ракіцкі.
Выступае Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук і Вячаслаў Ракіцкі.
Валянцін Акудовіч.
Аўтограф ад Вячаслава Ракіцкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG