Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: "Калі будуць доказы, Някляева і Саньнікава здымем з выбараў"


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сёньня на просьбу "Свабоды" пракамэнтавала ўчорашняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што выбарчая кампанія кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава фінансуецца Расеяй.

На наша пытаньне, як будзе рэагаваць ЦВК на словы Аляксандра Лукашэнкі, Лідзія Ярмошына дала наступны адказ:

"У Цэнтральнай камісіі няма афіцыйнай інфармацыі, у выглядзе папер альбо іншых афіцыйных паведамленьняў, пра тое, што выбарчая кампанія кандыдатаў Някляева і Саньнікава фінансуецца за кошт іншай дзяржавы. Адной заявы недастаткова, паколькі гэта, найхутчэй, зьяўляецца неафіцыйнай інфармацыяй, якая стала вядома кіраўніку дзяржавы.

Што тычыцца парушэньняў, калі гэта будзе пацьверджана і падобныя матэрыялы будуць прадстаўленыя ў Цэнтральную камісію, то гэта стане вельмі сур'ёзным парушэньнем выбарчага заканадаўства. Нават самым сур'ёзным. І ў гэтым выпадку ў Цэнтральнай камісіі няма права на нейкую альтэрнатыву. Мы павінны будзем скасаваць рэгістрацыю гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты".
XS
SM
MD
LG