Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарыня Ярмошына прыме рашэньне, у якім яна цалкам упэўненая. І паедзе ў Парыж


Тым, хто па неабдуманасьці пасьпяшаўся паверыць у тое, як быццам гэтыя прэзыдэнцкія выбары праходзяць дэмакратычна, раю пачытаць артыкул «Камсамолкі» чатырохгадовай даўніны пра выбары-1994, калі Бацькам называлі кандыдата ад улады прэм'ер-міністра В.Ф. Кебіча, а Лукашэнка быў незалежным, апазыцыйным кандыдатам, за выкананьнем чыіх правоў строга сачылі назіральнікі ад Эўразьвязу.

Кіраўнік міжнароднай місіі назіральнікаў наракаў тады на «злоўжываньне ўладай», гаворачы пра тое, што прэм'ер-міністру прысьвяцілі на тэлебачаньні каля двух гадзінаў, тады як ягоны галоўны апанэнт атрымаў усяго (!) каля гадзіны. Гаворка пра звычайны эфір, на агітацыю адводзілася па 2,5 гадзіны тэлеэфіру кожнаму кандыдату.

Апроч гэтага часу на тэлебачаньні, аб якім цяперашнім апазыцыйным кандыдатам застаецца толькі марыць, за 10 дзён паміж двума турамі выбараў адбыліся: «Прамая лінія» кандыдата ад апазыцыі Лукашэнкі з чытачамі газэты «Звязда», прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі з рэдактарамі шматтыражак (і артыкулы ў кожнай газэце), сустрэча кандыдата ад апазыцыі з супрацоўнікамі КДБ і з акадэмікамі ў вялікай залі Акадэміі навук, нарэшце - тэледэбаты апазыцыйнага кандыдата з тагачасным «Бацькам».

Кожнаму кандыдату было дадзенае месца ва ўсіх дзяржаўных газэтах, уключна з раёнкамі. У назіраньні за падлікам галасоў, арганізаваным Грамадзкай кантрольнай камісіяй, якая падтрымлівала ўсіх кандыдатаў, апроч кандыдата ад улады, бралі ўдзел 20 тысячаў назіральнікаў ад апазыцыйнага кандыдата Лукашэнкі. Ня кажучы ўжо аб тым, што апазыцыйны кандыдат быў дэпутатам парлямэнту, дзе ўзначальваў антыкарупцыйную камісію, дзейнасьць якой была асуджаная на ўвагу СМІ і папулярнасьць у народзе.

«Апроч старасьці і хваробаў, у мяне ёсьць яшчэ бяда. Паміраць нельга. Унуку, кругламу сіраце, 16 гадоў. І нікому ён не патрэбны. Прыйдзе да ўлады непрадказальны Лукашэнка, тады нам усім, вэтэранам Вялікай Айчыннай, наогул капец. Галасую за Кебіча, на яго ўся надзея».

Гэтак пісаў у 1994-ым годзе ў дзяржаўную газэту нехта П. Сарокін. Марна. Беларускі народ не пашкадаваў ані круглага сірату, ані вэтэранаў, бессаромна абраўшы менавіта непрадказальнага Лукашэнку. Але ці здолеў бы Лукашэнка ўзору 1994-га году перамагчы Лукашэнку ўзору 2010-га? Пытаньне можна лічыць рытарычным. Пачнем з таго, што ў 2010-ым годзе Лукашэнка-апазыцыянэр не ўзначальваў бы антыкарупцыйнай камісіі ў парлямэнце, ён нават ня быў бы дэпутатам. Ну і далей па сьпісе. Вы можаце ўявіць, каб цяперашнім кандыдатам ад апазыцыі дазволілі сустрэцца з супрацоўнікамі КДБ ці акадэмікамі на іхнай тэрыторыі? Ха-ха.

Добра памятаючы аб тым, у якіх умовах калісьці стаў прэзыдэнтам Аляксандр Лукашэнка і аб тым, што адбылося далей - «абіралі прэзыдэнта - абралі цара», паводле трапнай заўвагі Віталя Рымашэўскага - немагчыма не злавацца на сёньняшнія размовы пра слабасьць апазыцыйных кандыдатаў, іхную нібыта паталягічную няздольнасьць канкураваць зь дзейным прэзыдэнтам. Я не кажу пра штатных дзяржпрапагандыстаў, зь імі ўсё зразумела, мяне злуюць вольналюбівыя і вальнадумныя блогеры. Чые вальнадумнасьць і вольналюбівасьць марнуюцца на ўпартае высьмейваньне апазыцыі, калі яна чарговым разам «аблажаецца». Учора на «рэпэтыцыю плошчы» ня выйшлі сотні тысячаў чалавек, не ўзялі банк, тэлеграф і вакзал - ізноў апазыцыя «аблажалася», ясная рэч. Што да кандыдатаў, да іх блогеры высоўваюць патрабаваньні, выканаць якія ў стане хіба што антычныя героі, багі з машыны. Звычайны чалавек з вуліцы, а ўсе апазыцыйныя палітыкі ўжо шмат гадоў выстаўленыя на вуліцу, ня можа за гадзіну радыё- і гадзіну тэлеэфіру на плоскім фоне дэпрэсіўнага сіняга колеру, заціснуты ў статычны плян так, што і не паварушыцца, аднамамэнтна скалануць асновы.

Калі, як піша zmit, «яны ўсе ГОРШЫЯ за Лукашэнку!!!», хаця я з такім цьверджаньнем катэгарычна нязгодны, гэта не таму, што Лукашэнка сапраўды валодае нейкімі выбітнымі ўласьцівасьцямі, якімі апазыцыйныя кандыдаты не валодаюць. Яны пастаўленыя ў непараўнальна горшыя ўмовы. Ім даводзіцца канкураваць з чалавекам, які ня толькі 16 гадоў не вылазіць з тэлевізара, застаючыся нязьменнай і безальтэрнатыўнай зоркай палітычнай сцэны, але і адзінаасобна стаіць на раздачы шчодрасьцяў у той самы час. Мы ня ведаем, наколькі моцным ён аказаўся б сам па сабе, голенькі, без падтрымкі ўсёй каралеўскай раці, у сумленным, адкрытым двубоі. Тое, што сама магчымасьць такога двубою даўным-даўно зьнішчаная, сьведчыць хутчэй пра яго слабасьць і баязьлівасьць.

Аднак блогеры замест таго, каб прызнаць відавочнае і патрабаваць сумленнага двубою, а насамрэч сумленным ён быў бы без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, аддаюць перавагу вышукваньню і крытыцы недахопаў у «слабых» апанэнтаў прэзыдэнта. Падобна, трымаючы ў галаве за ўзор нейкіх апантаных аратараў-мэдыюмаў, здольных гіпнатызаваць натоўпы людзей. Аратар з адпаведнымі характарыстыкамі, які ўспамінаецца першым, прымушае сказаць: «Цур мяне, цур».

Калі кандыдатаў ня проста цкуюць, іх абмяркоўваюць такім чынам, нібыта мы знаходзімся дзе-небудзь у Швэйцарыі. Дзе палітычны выбар можа быць абумоўлены мікроннымі значэньнямі кшталту формы носа ці якой-небудзь закавыкі ў праграме. Што, канечне, ёсьць недарэчнай і небясьпечнай ілюзіяй.

Спадарыня Ярмошына ў інтэрвію паўсталаму зь нябыту спадару Казіятку, урывак зь якога я прачытаў у журнале hurnievic, сьмяецца вам у твар, спадарове блогеры:

Юры Казіятка: Адзін з кандыдатаў запрасіў вас у Парыж. Паедзеце?
Лідзія Ярмошына: Паеду. Ён верыць у гэта, кандыдат.
Ю.К.: Незалежна ад выніку выбараў?
Л.Я.: Не, ён лічыць, што мы правядзём выбары так, што мммм.... эээээээ...ыыыыыы ўсе мае абмежаваньні скончацца і я змагу ўбачыць Парыж і памерці.
Ю.К.: Захад носам не падлезе?
Л.Я.: Менавіта... Я цалкам упэўненая ў выніку выбараў, таму што ўжо цяпер бачны ўвесь палітычны расклад. Ён проста ляжыць на паверхні.
Ю.К.: Давайце расшыфруем вашую ўпэўненасьць у выніку выбараў. Хто пераможа?
Л.Я.: Я не магу. Суд ніколі не гаворыць пра рашэньне, якое ён прыме. Любая мая здагадка можа расцэньвацца як агітацыя.
Ю.К.: Вашая ўпэўненасьць таксама можа так расцэньвацца.
Л.Я.: Ну, хто яго ведае... А мо я стаўлю на аўтсайдэра. Ха-ха-ха.


Спадарыня Ярмошына прыме рашэньне, у якім яна цалкам упэўненая, і паедзе ў Парыж. А да наступных «выбараў», глядзіш, ужо не застанецца ніякіх кандыдатаў. Дый навошта? Палітычны расклад і без таго зразумелы. Таму сьпяшайцеся атрымліваць асалоду ад абсмоктваньня пінжакоў, гальштукаў, артаэпіі і артафоніі гэтых, можа стацца, апошніх з магіканаў. Прыемнай вам гаварыльні!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG