Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода веравызнаньня ў Беларусі. Рэакцыі на даклад Дзярждэпу ЗША


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан
Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб сытуацыі са свабодай рэлігіі ў амаль 200 краінах сьвету. 17 лістапада яго агучыла кіраўніца гэтага ведамства Гілары Клінтан. Беларусь залічаная да краінаў, у якіх няма поўнай свабоды для ўсіх веравызнаньняў.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту гаворыцца: «Урад працягваў абмяжоўваць свабоду веравызнаньня з выкарыстаньнем палажэньняў Закону аб рэлігіі, каб ускладніць дзейнасьць групаў іншых, чым Беларуская праваслаўная царква (БПЦ), якая мае адмысловы статус дзякуючы дамове з урадам».

Вось як гэта камэнтуе рэдактарка парталу «Царква» Наталка Васілевіч:

Наталка Васілевіч
«Дзярждэпартамэнт ЗША ў адрозьненьне ад эўрапейскіх структур спыняе ўвагу на істотнай праблеме: на праблеме дзейнага закону ў гэтай сфэры. Але, мне падаецца, традыцыйна не зусім слушна ставяцца акцэнты. Бо гэты закон абмяжоўвае дзейнасьць усіх рэлігійных арганізацый, у тым ліку і Беларускай праваслаўнай царквы. Мне падаецца не зусім карэктным будзе казаць, што абмяжоўваюцца правы толькі нейкіх нетрадыцыйных канфэсій. Безумоўна, можна канстатаваць тое, што паміж вышэйшымі герархамі каталіцкай і праваслаўнай цэрквы існуюць пэўныя дамоўленасьці, якія ствараюць ілюзію таго, што правы гэтых буйных канфэсій не парушаюцца. У рэальнай жа практыцы гэтыя абмежаваньні датычаць усіх».

У справаздачы гаворыцца, што ўлады перасьледавалі і штрафавалі сябраў некаторых рэлігійных групаў, якіх лічаць носьбітамі замежнага культурніцкага ўплыву або палітычнай накіраванасьці. Урад працягваў адмаўляць у рэгістрацыі суполак зь нетрадыцыйных канфэсій, у асноўным пратэстанцкіх груп, такіх як «Царква Новае Жыцьцё» і Беларуская эвангелісцкая царква. Камэнтар юрыста царквы «Новае жыцьцё» Сяргея Луканіна:

Сяргей Луканін
«Я згодны з тым, што выкладзена ў справаздачы Дзярждэпартамэнту. На жаль, ня першы год адбываюцца такія справаздачы, і ня першы год у падобным кантэксьце згадваецца і нашая царква „Новае жыцьцё“. Згодны таксама, што падобнае становішча тычыцца ня толькі нашай царквы ці эвангельскіх цэркваў у Беларусі. Ад уладаў дастаецца і каталікам, і праваслаўным. Калі казаць пра канкрэтыку, то варта канстатаваць, што ў нашай краіне амаль не магчыма ці вельмі складана зарэгістраваць рэлігійную суполку. І гэта эфэктыўная мера з боку ўладаў, каб не адмаўляць вернікам наўпрост і пасьпяхова кантраляваць колькасьць рэлігійных суполак у Беларусі».

У справаздачы Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што замежныя місіянэры сутыкаліся зь перашкодамі з боку ўраду, уключна з дэпартацыяй і адмовай у выдачы візы або яе ануляваньнем. Былі паведамленьні пра злоўжываньні або дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігійных перакананьняў, прыналежнасьці, альбо практыкі. Шмат якія з гэтых паведамленьняў датычылі актаў вандалізму і падпалаў рэлігійных аб’ектаў, будынкаў і помнікаў«. Гаворыць актывіст у стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец:

Павал Севярынец
«Амэрыканцы — гэта адна з самых рэлігійных нацыяў, і яны падрабязна асьвятляюць стан рэлігійных свабод. Таму большасьць інфармацыі ў справаздачы Дзярждэпартамэнту адпавядае рэчаіснасьці і аб’ектыўна ацэньвае становішча ў Беларусі. Я магу толькі паўтарыць усьлед за штогадовымі высновамі Дзярждэпартамэнту, што свабоды веравызнаньня ў Беларусі няма». Не зважаючы на ўсе заявы ўладаў, што ў нас талеранцыя, і няма міжрэлігійных канфліктаў, у нас ёсьць глябальны канфлікт паміж хрысьціянамі і бязбожнай уладай. У рэальнасьці сёньняшняя ўлада застаецца спадкаемніцай камуністычнай улады, якая разглядала царкву і вернікаў як ворагаў. Таму ні пра якую свабоду веравызнаньня ў Беларусі казаць не даводзіцца«.

Прадстаўляючы гэты дакумэнт журналістам, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан падкрэсьліла: «Гэтая справаздача зьяўляецца важным інструмэнтам для актывістаў, якія змагаюцца за правы чалавека ва ўсім сьвеце, для журналістаў і навукоўцаў, якія адсочваюць парушэньні правоў чалавека і паведамляюць пра тых, хто за іх змагаецца, і для ўрадаў, уключна з нашым уласным, у стратэгіі падтрымкі абароны правоў чалавека для большай колькасьці людзей у большай колькасьці краінаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG