Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што задэкляравалі патэнцыйныя кандыдаты?


Міністэрствы ўнутраных спраў, па падатках і зборах ды іншыя афіцыйныя арганізацыі ў гэтыя дні правяраюць дакумэнты патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Па выніках праверак стане вядома, хто з 11 прэтэндэнтаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду атрымае афіцыйнае пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты. Іхнія імёны абвесьцяць у Палацы Рэспублікі 18 лістапада. Што задэкляравалі палітыкі, якія прэтэндуюць на вышэйшую пасаду ў Беларусі?

Усе неабходныя для афіцыйнай рэгістрацыі дакумэнты кандыдаты здалі ў Цэнтральную выбарчую камісію. Аднак, як тлумачыць «Свабодзе» сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, сама камісія не займаецца праверкай:

Мікалай Лазавік
«Мы накіроўваем запыт у адпаведныя дзяржаўныя органы. Калі, напрыклад, правяраецца наяўнасьць аўтамабіляў, матацыклаў, запыт накіроўваецца непасрэдна ў ДАІ. Калі правяраецца наяўнасьць дамоў, лецішчаў, зямельных участкаў, запыт ідзе ў Дзяржкамітэт па маёмасьці. Тут працуе цэлая сыстэма дзяржаўных органаў. І кожнае зьвяно гэтай сыстэмы працуе адпаведна са сваёй кампэтэнцыяй».

У Цэнтравыбаркаме ня будуць агучваць дадзеныя пра прыбытак і маёмасьць кандыдатаў да ўручэньня афіцыйных пасьведчаньняў. Тут зыходзяць з таго, што да моманту афіцыйнай рэгістрацыі прэтэндэнты застаюцца прыватнымі асобамі. І дадзеныя пра іхні прыбытак нельга пакуль абвяшчаць.

Яраслаў Раманчук
Таму мы зьвярнуліся з пытаньнем «А што вы ўнесьлі ў свае дэклярацыі?» да некаторых прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. І тут высьветліліся некаторыя цікавыя рэчы. Так, Яраслаў Раманчук, мабыць, адзіны з кандыдатаў, хто ня мае ўласнага аўтамабіля:

— Так, сапраўды, у мяне аўтамабіля няма. Можа, яшчэ ў кагосьці няма. Не люблю я аўтамабіляў, таму і ня бачу неабходнасьці купляць.

— Можа, здароўе перашкаджае?

— Не. Абсалютна, не. У мяне нават правы ёсьць.

Кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка тлумачыць «Свабодзе», чаму ў дэклярацыі ён паказаў, што ня мае заробку:

Віктар Цярэшчанка
«Пра прыбыткі ў 2009-м годзе я напісаў наступнае: „Не было“. Цягам году я займаўся навуковай дзейнасьцю. Пісаў кнігу „Жыцьцё. Улада, Палітыка“. Гэта другая рэдакцыя, і яна будзе ў вельмі вялікім аб’ёме. Таксама я падрыхтаваў дапаможнік. Яны зьявяцца сёлета і ў наступным годзе. А цягам гэтага году я штатна не працаваў».

Разам з тым менавіта ў спадара Цярэшчанкі самы «сьвежы» аўтамабіль — «Додж Караван» 2008 году выпуску. У Віталя Рымашэўскага, напрыклад, «Міцубісі Спэйс Вэган» 1999 году «нараджэньня». А Рыгор Кастусёў — уладальнік мінівэну «Лянча» 1997 году выпуску. Алесь Міхалевіч карыстаецца «Шкодай-Фэліцыяй» 2000 году выпуску.

А самы вялікі прыбытак з тых кандыдатаў, зь якім сёньня давялося паразмаўляць, прыпадае на Алеся Міхалевіча — каля 70 мільёнаў беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG