Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Немагчыма змагацца з карупцыяй, калі вакол здрада"



Сёньня заканчваецца тэрмін азнаямленьня са справай сьледчай Сьвятланы Байковай, якая год таму расьсьледавала справу аб карупцыі на мяжы і трапіла ў "распрацоўку" КДБ, а потым і за краты.

Болей за тры месяцы Сьвятлана Байкова знаходзіцца пад хатнім арыштам, кантактаваць зь ёй дазволена толькі сьледчым і адвакату Міхаілу Воўчаку. Пра вынікі азнаямленьня са справай адвакат кажа, што яно праходзіла без праблем.

"Скаргаў няма. Заканчваем азнаямленьне, усю працу завершым 15-га лістапада".

Пасьля азнаямленьня зь некалькімі тамамі матэрыялаў справы меркаваньне адваката адносна справы не зьмянілася.

"Трэба закрываць з-за адсутнасьці ў дзеяньнях Байковай складу злачынства", — кажа Міхаіл Воўчак.

Тры тыдні таму Міхаіл Воўчак паскардзіўся ў генэральную пракуратуру на сьледзтва, якое вялі супраць ягонай падабароннай у КДБ. Паводле адваката, сьледчыя ведалі пра грубыя парушэньні закону з боку аднаго з калегаў Байковай, але нічога не зрабілі, каб іх спыніць. Міхаілу Воўчаку стала вядома, што супрацоўнік міліцыі паведамляў аднаму з фігурантаў справы, якую вяла Байкова, пра магчымыя дзеяньні сьледчай і гэтым перашкаджаў сьледзтву.

У пракуратуры Беларусі гэтыя прэтэнзіі адваката Воўчака камэнтаваць адмовіліся, таксама не паведамілі і пра тое, ці вядзецца праверка па скарзе адваката. Міхаіл Воўчак кажа, што дагэтуль адказу на сваю скаргу не атрымаў.

Праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што ў нармальным судзе справа Байковай "абавязкова рассыплецца", але, улічваючы залежнасьць беларускіх судзьдзяў, можна прагназаваць іншы вынік. Спадар Паганяйла мяркуе, што дзейснасьці барацьбы з карупцыяй у Беларусі перашкаджае тое, што сьледчыя розных сілавых структур самі ўжываюць падчас расьсьледаваньня недазволеныя законам мэтады.

"Справа Байковай — гэта сапраўды замоўленая справа, вельмі груба зробленая. Чаму яе гэтак "здала" родная пракуратура, мне незразумела. Але можна пэўна казаць, што прагніла беларуская праваахоўная сыстэма. Яна ўся абапіраецца на незаконныя мэтады расьсьледаваньня, якія стымулююцца і МУС, і КДБ, і пракуратурай."

Цягам пяці дзён пасьля азнаямленьня ў пракуратуры мусяць прыняць рашэньне пра далейшы лёс справы: накіраваць яе ў суд, адправіць на новае расьсьледаваньне ці закрыць.

Сьледчая Сьвятлана Байкова была арыштаваная ў лютым, яе абвінавачваюць ў службовых злачынствах: нібыта сьледчая незаконна вызваліла ад адказнасьці чалавека, які ўчыніў злачынства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG