Як вядома, Вы ня толькі пішаце кніжкі, але і займаецеся гістарычнай мітатворчасьцю. Цяпер Вас зноў заносіць — культывуеце міт, нібыта ў нашай гісторыі нейкую асаблівую ролю адыгралі жанчыны. Ды ўсюды роля ў іх была, канечне, надзвычай важная, але прыкладна аднолькавая: нараджаць дзяцей, захоўваць сямейнае гняздо. А выключэньні бывалі ўва ўсіх народаў. У нас — Эўфрасіньня Полацкая, у французаў — Жанна д’Арк. Я, вядома, ня ўлічваю ХХ стагодзьдзе з эмансыпацыяй, фэмінізацыяй ды наш час з цэлай плеядай жанчын-прэзыдэнтаў. Дык навошта Вам гэтыя міты?
Л. Борскі
Буду стаяць на сваім. Гістарычныя заслугі нашых жанчын, скажам так, большыя за сярэднеэўрапейскія.
Хіба міт — тое, што Рагнеда выратавала княскую дынастыю Рагвалодавічаў, якая потым больш за два вякі адстойвала незалежнасьць Полацку ад Кіева, раднілася зь бізантыйскімі імпэратарамі ды дацкімі каралямі? Хто ведае, ці была б сёньня Беларусь на палітычнай мапе сьвету, каб у тую, захаваную летапісамі ноч Рагнеда не ўзяла б у рукі меч, каб адпомсьціць князю Ўладзіміру за спалены родны горад і выразаную сям’ю?
Калі вы згадалі Эўфрасіньню, паспрабуйце назваць у эўрапейскай гісторыі ХІІ стагодзьдзя іншых асьветніц такога ж маштабу.
Законы Вялікага Княства Літоўскага стаялі на варце маёмасных і спадчынных правоў жанчын, што таксама абумовіла іхнюю вагу ў тагачасным грамадзтве, якую, дарэчы, нават немагчыма параўноўваць са становішчам прыдушаных «Дамастроем» жыхарак Масковіі.
Нашыя жанчыны і Радзіму бараніць умелі. Як, скажам, Настасься Слуцкая, хоць гэтая асоба сапраўды даволі міталягізаваная (праўда, абсалютна без майго ўдзелу). Альбо як адна з кіраўнікоў (ці, лепей сказаць, кіраўніц?) вызвольнага паўстаньня 1831 году Эмілія Плятэр, што стварыла аддзел з трохсот стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх сотняў касінераў і, пераапрануўшыся ў мужчынскае адзеньне, павяла іх на Дынабург-Дзьвінск. Яе называлі нашай ліцьвінскай Жаннаю д’Арк, а на яе сьмерць адгукнуліся дзясяткі эўрапейскіх паэтаў ад Ангельшчыны да Італіі.
Нашыя жанчыны стваралі тэатры, як Уршуля Францішка Радзівіл.
Адчынялі першыя мануфактуры, як іншая прадстаўніца гэтай фаміліі Ганна Кацярына.
Былі ў ліку першых літаратурных клясыкаў, заснавальнікаў першых палітычных партыяў, арганізатараў першага нацыянальнага зьезду, міністраў першага незалежніцкага ўраду, як Цётка й Палута Бадунова.
Станавіліся для ўсёй краіны бясспрэчнымі маральнымі аўтарытэтамі, як Ларыса Геніюш і Ніна Мацяш.
Давалі й даюць узор служэньня Беларусі на эміграцыі, як незабыўная Зора Кіпель, як Ала Орса-Рамана, як старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла…
Урэшце, чаму так сталася? Можа, нашым мужчынам цягам стагодзьдзяў хранічна не хапала нейкіх якасьцяў і, усьведамляючы гэта, яны давалі сваім «палавінкам» большую прастору для разгарненьня? А мо рэч у тым, што беларускія жанчыны — самыя прыгожыя? Едзеш, бывае, у мэтро на эскалятары, глядзіш на суседні і думаеш: няўжо недзе побач скончыўся конкурс прыгажосьці?
Мой добры знаёмы і калега, пісьменьнік з Таронта Кастусь Акула, які пабачыў шмат краінаў і жанчын, калісьці сказаў мне, што ў Эўропе нашы — дакладна на першым месцы, а ў сьвеце — на другім, пасьля філіпінак. Ня ведаю, ня быў.
Можаце і наступныя словы лічыць мітатворчасьцю. Але я ўсё адно мару пра час, калі ў прэзыдэнта Беларусі будзе жаночае імя.
Кандыдаткі падрастаюць…