Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Аўтуховіча пераклалі на кінамову


Мікалай Аўтуховіч. Кадар зь фільму.
Мікалай Аўтуховіч. Кадар зь фільму.
У менскай штаб-кватэры БНФ адбылася прэзэнтацыя фільму рэжысэра Вольгі Мікалайчык «Падарожжа па бясконцай вайне», прысьвечанага палітвязьню, ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу.

Імпрэзу зладзіла грамадзкая ініцыятыва «Рух салідарнасьці «Разам», кіраўнік якой актывіст Вячаслаў Сіўчык сам шмат разоў адбываў пакараньні ў розных беларускіх турмах. Прагляду фільму Вольгі Мікалайчык папярэднічала грамадзкае віншаваньне сябра Аўтуховіча Ўладзімера Асіпенкі, які вызваліўся 5 лістапада. Уладзімер Асіпенка наперш падзякаваў грамадзкасьці за падтрымку:

Уладзімер Асіпенка
«Без падтрымкі палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў, простых людзей, якія выказвалі з намі салідарнасьць зь першых дзён сьледзтва, мы б, вядома, атрымалі тыя тэрміны, якія прасіў для нас прадстаўнік пракуратуры».

Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць старшыні аблвыканкаму Гарадзенскай вобласьці Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Камянко, а таксама супраць кіраўнікоў Ваўкавыскага раёну, якіх Аўтуховіч і Асіпенка падазравалі ў карупцыі. Аўтуховічу і Асіпенку пагражала пажыцьцёвае зьняволеньне, і, хаця суд абвінавачаньні ў падрыхтоўцы тэракту адкінуў, прадпрымальнікі былі пакараныя 5 і 3 гадамі. Уладзімер Асіпенка мяркуе, што пасьля ягонага вызваленьня яшчэ да выбараў мусіць выйсьці на волю і Мікалай Аўтуховіч: калі атрымаецца арганізаваць моцную кампанію ў ягоную падтрымку.

Магчымыя кандыдаты на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў і Мікалай Статкевіч, якія прыйшлі на імпрэзу, каб таксама павіншаваць Уладзімера Асіпенку з выхадам на волю, запэўнілі, што ў сваіх выбарчых сустрэчах будуць патрабаваць вызваленьня Аўтуховіча. Мікалай Статкевіч згадаў свае пачуцьці ў зьняволеньні, тое, што цяпер кожны дзень адчувае Мікалай Аўтуховіч:

«Зьняволеньне цяжкае найперш ня ўмовамі нялюдзкімі, ня тым, што няма добрай ежы, паветра, неба, але найперш прыніжэньнем».

Мікалай Статкевіч мяркуе, што і беларусы, якія жывуць на волі, насамрэч знаходзяцца ў пэўнай зоне, у якой адной з прыкметаў ёсьць зьдзек з закону і зьнявага чалавека. Палітык пажадаў найхутчэйшага выхаду на волю ўсяго беларускага грамадзтва.

Уладзімер Асіпенка і Аляксандар Казулін
Таксама Ўладзімера Асіпенку віншавалі былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Аляксандр Казулін, праваабаронца Алег Воўчак, адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў. Паводле Алеся Макаева, у беларускіх турмах цяпер знаходзяцца болей за 15 тысяч прадпрымальнікаў, і шмат зь іх — паводле надуманых ці вельмі ня значных парушэньняў.

Фільм «Падарожжа па бясконцай вайне» рэжысэра Вольгі Мікалайчык пачаўся з кадраў, зьнятых у апошні дзень працэсу над Аўтуховічам і Асіпенкам, калі людзі на ганку суду патрабавалі для вязьняў свабоды. Шмат хто ў залі ўбачыў на экране сябе. Вось што Вольга Мікалайчык сказала перад паказам фільму:

Вольга Мікалайчык
«Натхняла тое, што ў Беларусі сёньня ёсьць свае героі, і што ёсьць людзі, якія здолелі гэтых герояў абараніць, ня даць ім памерці ў турмах. Любая сучасная нацыя ганарылася б такімі героямі і такімі абаронцамі герояў».

Фільм Вольгі Мікалайчык можна будзе пабачыць у інтэрнэце і на дысках. Аўтар марыць зьняць працяг фільму, калі Мікалай Аўтуховіч выйдзе на волю.

Вольга Мікалайчык ня першы раз прэзэнтуе ў штаб кватэры БНФ свае дакумэнтальныя фільмы. Летась кінадакумэнталістка прэзэнтавала фільм пра праваабаронцу з Салігорску Яну Палякову, якая з-за ціску ўладаў скончыла жыцьцё самагубствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG