Цыганкоў: Сёньняшняя агульная прэсавая канфэрэнцыя часткі апазыцыйных кандыдатаў засьведчыла той факт, што на цяперашні момант апазыцыя — часова ці не — здымае пытаньне пра вылучэньне адзінага кандыдата. Ці можна заяўляць, што пытаньне адзінага кандыдата назаўжды зьнятае з парадку дня, ці апазыцыйныя прэтэндэнты вернуцца да яго пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты?
Пазьняк: Мне падаецца, што верагоднасьць выхаду на адзінага была мізэрнай ужо далёка да выбараў. Цяпер тое, што перамовы прабуксоўваюць, толькі лішняе сьведчаньне гэтага факту.
Чыста тэарэтычна, калі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў застанецца меней, нібыта шанцаў на магчымасьць дамовіцца болей. Але мы бачым тое, як яны ставяцца да гэтых перамоваў і іхнія камэнтары наконт гэтай працэдуры — усё гэта сьведчыць, што адзінага бадай што ўжо ня будзе. Цяпер інтрыга палягае ў тым, ці здолеюць кандыдаты хаця б дамовіцца пра сумесныя дзеяньні, і падчас назіраньня, і ўвечары 19 сьнежня.
Цыганкоў: Ужо пасьля прэсавай канфэрэнцыі з асобнай заявай выступіў Уладзімер Някляеў. Ён заявіў, што «калі апазыцыя выбары прайграе, то адказныя за гэта будуць тыя, хто паміж агульнай мэтай, інтарэсамі палітычных партый і асабістымі амбіцыямі выбраў партыі і амбіцыі… Сёньня, аднак, стала зразумелым, што адзінства шукаць ніхто не зьбіраецца».
Што азначае гэта заява? Ці гэта крык роспачы кандыдата, які ўсё зрабіў, каб «адзіны» быў, ці гэта проста такая выбарчая тактыка?
Пазьняк: Як мне здаецца, гэта абсалютна іміджавая заява. Ня толькі Някляеў кажа, што «адзіны» патрэбны, але мы бачым, што працэс не прасоўваецца. Цяпер — бадай, за выключэньнем Міхалевіча — усе апазыцыйныя кандыдаты кажуць, што адзіны патрэбны, аднак выніку мы ня бачым.
Такія заявы робяцца для таго, каб унутры Беларусі і за яе межамі выглядаць строгім прыхільнікам «ідэальнага» сцэнару. Аднак казаць пра тое, што на такіх перамовах вырашаецца лёс выбараў, зусім наіўна, бо калі і будзе параза на гэтых выбарах, то чыньнікі яе палягаюць зусім у іншай прасторы.