Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатаў у прэзыдэнты зарэгіструюць праз 10 дзён


Сёньня раённыя выбарчыя камісіі завяршаюць праверку подпісаў, якія сабралі ў сваю падтрымку кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі. Аднак толькі пасьля 13-га лістапада стане вядома, хто з 11 прэтэндэнтаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду афіцыйна пераадолеў 100-тысячны бар'ер.

Непасрэдна праверку подпісаў вядуць раённыя выбарчыя камісіі. Аднак, пачынаючы з 9-га лістапада, закон прадугледжвае яшчэ пяць дзён, калі абласныя камісіі могуць сыстэматызаваць дадзеныя з раёнаў. Таму толькі пасьля 13-га лістапада стане вядома, хто з патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты справіўся з заданьнем.

Ёсьць і яшчэ адна абставіна, з прычыны якой Цэнтральная выбарчая камісія можа назваць імёны афіцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты толькі пасьля 13-га лістапада, адзначае старшыня камісіі Лідзія Ярмошына:

Лідзія Ярмошына
"Да 13-га лістапада ўключна ва ўсіх кандыдатаў ёсьць права прадставіць дакумэнты. Пакуль ня будуць прадстаўленыя ад усіх кандыдатаў дэклярацыі аб прыбытку і маёмасьці, анкеты, заявы аб згодзе балятавацца, ніякія праверачныя мерапрыемствы на праўдзівасьць дадзеных гэтых дакумэнтаў ня могуць ажыцьцяўляцца".

У ЦВК кажуць, што пакуль 10 кандыдатаў з 11, акрамя віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Правальскага, ня страцілі шанцаў трапіць у выбарчыя бюлетэні. Выбракоўваюць подпісы пераважна зь дзьвюх прычынаў: калі гэта ксэракопіі і калі ў падпісных аркушах ёсьць прозьвішчы выбарцаў, якія пражываюць па-за межамі раёну.

Віктар Цярэшчанка
Кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка сёньня сказаў "Свабодзе", што ўпэўнены ў якасьці працы сваіх зьбіральнікаў. Ён нагадаў, што ў камісіі перададзеныя 122 520 подпісаў у ягоную падтрымку:

"Канечне, не 122 тысячы, а дзесьці 117—115 тысяч будзе праўдзівых подпісаў, ня менш".



Леў Марголін
Леў Марголін, кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, таксама перакананы ў якасьці сабраных подпісаў. А іх на карысьць кандыдата ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі здадзена 128 699:

"Зьвесткі, якія да нас даходзяць зь некаторых раённых камісіяў, добрыя. Пакуль вялікіх праблем у нас няма. На жаль, агульнай карціны мы ня маем. Мы карыстаемся некаторай інфармацыяй з рэгіянальных сайтаў, ад нашых людзей у раённых камісіях. І пакуль ніякіх трывожных сыгналаў у нас няма".

Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты папярэдне заплянаваная на 18-га лістапада. З гэтай нагоды Лідзія Ярмошына адзначае:

"Калі мы будзем рэгістраваць 18-га, то не пазьней чым на наступны дзень мы вымушаныя выдаць ім пасьведчаньні. Але я думаю, што мы зробім гэта падчас рэгістрацыі. Навошта нам пасьля рэгістрацыі іх зноў шукаць? Правядзем лёсаваньне эфірнага часу. Дарэчы, у прэтэндэнтаў зьявілася права, якога раней не было, — прызначыць сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG