Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ён заўжды быў з усьмешкай, вясёлы..."


Аляксандар Міхаевіч
Аляксандар Міхаевіч
Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. "Свабода" працягвае цыкл рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.



Міхаевіч Аляксандар Міхайлавіч (1976—2010 гг.)


Жыхар Пінску Аляксандар Міхаевіч быў станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў. Гэта найбольш складанае месца працы на вытворчасьці. Працаваў шмат і старанна, быў бацькам двух малых дзяцей. За тры дні да трагедыі перавёўся зь іншага цэху.

Двое дзяцей сямі- і трохгадовага ўзросту засталіся бяз бацькі. Аляксандрава жонка Аксана кажа, што разьлічваць цяпер няма на каго:

"Харошы быў чалавек. Харошы бацька, харошы муж, работнік харошы ён, хвалілі яго ўсюды. А на "Пінскдрэве" ён толькі тры месяцы адпрацаваў. Увогуле ён працаваў у іншым цэху. Толькі тры дні прайшло, як ён перавёўся на тую лінію. Уладкаваўся, пасьля на бальнічным быў. Зусім мала там адпрацаваў".

Тым ня менш калегі Аляксандра Міхаевіча запомнілі яго за гэтыя тры дні. Гаворыць Тацьцяна Маўчун — кладаўшчыца, якая была ў цэху падчас выбухаў, трапіла ў Пінскі шпіталь у цяжкім стане і нядаўна была выпісана:

"Калі яго прасілі пра нешта, заўсёды гэта рабіў. Ён заўжды быў з усьмешкай, вясёлы.Мы ніколі ня бачылі, каб ён быў няветлівы. Да іншага, бывала, падыдзеш, дык ён скажа нешта непрыемнае, паглядзіць нядобра. А Аляксандра калі б пра што ні папрасіў — заўсёды з прыемнасьцю".

Аляксандар зь сям'ёй жыў у бацькавым доме, плянаваў выхоўваць дзяцей, рос прафэсійна, кажа ўдава:

"Павінен быў зараз у лістападзе вось на чацьверты разрад здаваць. Ён нядаўна здаў на трэці, і яму ня трэба было чакаць паўгода, сказалі, каб здаваў на наступны. Заўсёды і сам, і разам будавалі пляны".

Адміністрацыя заводу адмаўляецца даваць афіцыйныя камэнтары, але для "Свабоды" адзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва сказаў, што нікога з пацярпелых і родных загінулых не пакінуць сам-насам зь бядой:

"Мы цяпер такое цяжкае пачуцьцё віны нясем, як ніхто іншы. Не адмовім у дапамозе, ніякі нармальны чалавек ня зможа застацца абыякавым да такога гора, а ў нас нармальныя людзі працуюць. Кожнаму з родных, на жаль, нябожчыкаў будуць выплачаныя грашовыя кампэнсацыі, пацярпелыя таксама атрымаюць грашовыя выплаты".

Удава Аксана не асабліва давярае гэтым словам, але дапамога на самой справе вельмі патрэбная:

"Абяцаюць шмат. Сказалі, што выплацяць дзесяцігадовы заробак. Шмат абяцаньняў, а што будзе — невядома".

Сям'я Аляксандра Міхаевіча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG