Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Што тычыцца сфэры СМІ, то выбары ўжо можна лічыць недэмакратычнымі"


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
"Беларуская асацыяцыя журналістаў" распаўсюдзіла маніторынг асьвятленьня першага этапу прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ.

Дасьледчыкі заяўляюць, што сёлетняе асьвятленьне выбараў афіцыйнымі мэдыямі ідзе паводле сцэнару мінулых гадоў. Напрыклад, пра апазыцыйных кандыдатаў на Беларускім тэлебачаньні гаварылася ўсяго некалькі сэкундаў, пра Аляксандра Лукашэнку — у тысячу разоў болей. Ці даюць гэтыя факты падставы заявіць, што дагэтуль выбарчая кампанія праходзіць недэмакратычна? Ці пажадае ўлада зрабіць нешта, каб гэтыя прэзыдэнцкія выбары хаця б вонкава былі падобныя да сумленных і празрыстых? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.

Цыганкоў: Галоўная выснова маніторынгу палягае ў тым, што гэтая выбарчая кампанія ў інфармацыйнай сфэры нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. Усе дзяржаўныя СМІ пераважную большасьць часу прысьвячаюць толькі аднаму кандыдату — Лукашэнку, іншых зусім не заўважаюць. Ці можна ўжо цяпер казаць, што выбарчая кампанія праходзіць у недэмакратычных умовах?

Бастунец:
Сапраўды, што тычыцца галіны СМІ, ужо цяпер можна казаць, што гэтыя выбары праходзяць у недэмакратычных умовах. Бо выбары – гэта ня толькі той дзень, калі бюлетэні ўкідваюць у скрыні, гэта досыць доўгі працэс. І СМІ павінны данесьці аб'ектыўную інфармацыю і пра кандыдатаў, і пра іх праграмы — тады гэта называецца выбары.

Аднак пакуль нельга казаць, што БАЖ ужо правёў маніторынг выбараў – гэта будзе зарана. Свае высновы пра ўдзел СМІ і іхні кантэнт мы выклалі толькі за 10 першых дзён маніторынгу.

Цыганкоў: Ці пажадае ўлада неяк паправіць гэтую сытуацыю? Калі яна ставіць перад сабой мэту правесьці гэтыя выбары больш дэмакратычна і абяцае гэта заходнім палітыкам — што яна зробіць за астатні час, каб тыя ж заходнія структуры зрабілі высновы пра пэўны прагрэс?

Бастунец:
Па-першае, мой прагноз у тым, што ўлада будзе падзяляць СМІ і дзеяньні выбарчых камісіяў. Яны скажуць — мы за ўсялякую галоснасьць. Мы апублікавалі праграмы, правялі дэбаты, прагучалі іхнія выступы, — мы, маўляў, зрабілі, што маглі.

А што тычыцца СМІ, то гэта маўляў, іхняя рэдакцыйная палітыка, і мы ў яе ня ўмешваемся. Тое, што большасьць гэтых СМІ належыць дзяржаўным структурам, што кіраўнікі гэтых СМІ — гэта дзяржаўныя службоўцы, усё гэта будзе проста замоўчвацца. Ці будзе выпраўлена сытуацыя? Не, проста будзе павялічаная рыторыка пра тое, што выбары будуць дэмакратычнымі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG