Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў узяў удзел ва ўшанаваньні паўстанцаў 1863 году


У Сьвіслачы і Якушоўцы Гарадзенскай вобласьці актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі традыцыйна ў гэты дзень ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году. Сёньня тут, як ніколі раней, гучалі заклікі палітыкаў. Увесь час удзельнікаў акцыі фільмавалі людзі ў цывільным, але не перашкаджалі ім.

Каля магілы Віктара Каліноўскага.

Па традыцыі ўсе, хто прыехаў сёньня ў Сьвіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 году, найперш кіраваліся да магілы Віктара Каліноўскага, ускладалі кветкі, сьпявалі «Магутны Божа», прамаўлялі.

Затым па ходніках зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўдзельнікі акцыі прайшлі праз цэнтар Сьвіслачы да адзінага ў Беларусі невялічкага бюста Кастуся Каліноўскага.

Сяргей Мальчык прамаўляе побач з помнікам Кастусю Каліноўскаму.

Прамаўляючы тут, Сяргей Мальчык, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ, заўважыў, што сёлета падчас выбарчай кампаніі як ніколі шмат прэтэндэнтаў на лідэра нацыі і менавіта тут, побач з помнікам Каліноўскаму, прыйшлі думкі наконт таго, якім павінен быць сапраўдны лідэр Беларусі:

«Лідэр даказвае сваё лідэрства сваім жыцьцём і ня толькі жыцьцём, а нават і сваёй сьмерцю. Лідэр той, хто можа весьці, вядзе за сабой і стаіць на сваіх перакананьнях да канца, ахвяруючы ў тым ліку і жыцьцём».

Традыцыйна ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да помніка Рамуальду Траўгуту, які знаходзіцца побач з будынкам вядомай Сьвіслацкай гімназіі, сьпявалі тут песьні. А затым накіраваліся ў Якушоўку, дзе мясьцілася сядзіба Каліноўскіх.

Кветкі да помніка Рамуальду Траўгуту.

На мерапрыемстве прысутнічаў толькі адзін прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта — Рыгор Кастусёў. Прамаўляючы, ён адзначыў, што хацеў бы, каб для ўсіх беларусаў Каліноўскія сталі яркім прыкладам таго, як змагацца за сваю Радзіму. Не прамінуў узгадаць і пра сёньняшні дзень:

«Ёсьць шанец перамагчы, ёсьць надзея і надзею можна спраўдзіць, але дзеля гэтага трэба працаваць. Таму я, Рыгор Кастусёў, прашу ў вас падтрымкі, уключыцца ў нашу кампанію, працы будзе шмат, абяцаю».

Павал Севярынец, узгадваючы пра паўстанцаў, казаў, што і цяпер, як і тады, ёсьць неабходнасьць змагацца за сваю краіну і заклікаў усіх выйсьці на плошчу 24 лістапада:

«Гэта будзе першы дзень пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, калі стане вядома, што ўжо зарэгістравалі Лукашэнку, які ня мае права ўдзельнічаць у выбарах. Урэшце, гэта будзе гадавіна рэфэрэндуму 1996 году, падчас якога Лукашэнка страціў права называцца легітымным прэзыдэнтам. І мы заклікаем выйсьці на плошчу Каліноўскага і правесьці адпаведныя акцыі ў іншых гарадах Беларусі дзеля таго, каб сказаць Лукашэнку: сыходзь».

Традыцыйны здымак на памяць для усіх, хто быў сёньня ў Якушоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG