Цыганкоў: Размовы пра дырэктыву аб лібэралізацыі ходзяць ужо паўгода, у прэсу прасочваліся некалькі варыянтаў гэтага дакумэнту. Аднак ён дагэтуль не прыняты. Па-вашаму, ці можа ўлада пайсьці на прыняцьцё такога дакумэнту да прэзыдэнцкіх выбараў?
Залескі: Улада можа пайсьці на прыняцьцё такой дырэктывы, бо да лібэралізацыі яна мае вельмі ўскоснае дачыненьні, хіба толькі па назьве. Лібэралізацыя — гэта павелічэньне колькасьці асобаў, якія прымаюць самастойнае рашэньне. А тут асобаў не відаць.
Калі ўлада дазволіць вывесьці ценявыя капіталы зь ценю, то гэта будуць капіталы сваякоў тых, хто гэта дазволіў.
Што гэта дадасьць да нашай эканомікі? Толькі грошы. А патрэбная эканамічная свабода.
Цыганкоў: Дагэтуль усе спробы ўладаў вызваліць цэны не былі пасьпяховымі ў тым ліку таму, што гэтаму супраціўляліся шматлікія чыноўнікі, структуры ўлады. Ці магчымы ўвогуле свабодныя цэны пры сёньняшняй эканамічнай сыстэме? Ці, як сказана ў праекце дырэктывы, цэны свабодныя, але «за выключэньнем мінімальнага пераліку тавараў, што ўстанаўліваюцца прэзыдэнтам»?
Залескі: У Маякоўскага быў такі пэрсанаж — Главначпупс (галоўны начальнік па кіраваньні ўзгадненьнямі). Калі ёсьць галоўны, які ўзгадняе цэны, то будуць і меншыя, і меншыя за меншых.
Зь іншага боку, калі цяпер зрабіць цалкам вольныя цэны, то ўзровень жыцьця зваліцца працэнтаў на 60 уніз. Тут нельга каня ставіць ззаду воза, трэба наперадзе, каб конь цягнуў. І гэты конь — ініцыятыва, свабода, прадпрымальнасьць. Спачатку рукі разьвязаць людзям, а потым ужо цэны разьвязваць.