Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура — актывісту Жукоўскаму: ніхто вас не зьбіваў


Кастусь Жукоўскі пасьля адсідкі 10 сутак , цягам якіх ён трымаў галадоўку.
Кастусь Жукоўскі пасьля адсідкі 10 сутак , цягам якіх ён трымаў галадоўку.
Пракуратура Петрыкаўскага раёну адмовілася распачынаць крымінальную справу пра зьбіцьцё міліцыянтамі грамадзкага актывіста з Гомелю Кастуся Жукоўскага.

Выканаўца абавязкаў сьледчага раённай пракуратуры Дзьмітры Беліцкі паведаміў спадару Жукоўскаму, што ягоная «заява пра зьбіцьцё трыма супрацоўнікамі міліцыі не знайшла свайго пацьвярджэньня».

Як паведамлялася, 17 верасьня ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну, дзе праходзіў фэст «Покліч Палесься», Кастуся Жукоўскага затрымала міліцыя. Трымалі яго каля трох гадзін пад рознымі прычынамі: «то адзеты ён неахайна, то пашпарт у яго фальшывы, то да нейкага злодзея нібыта падобны, які скраў шыльду».

Калі Кастуся выпусьцілі, ён пасьпяшаўся на фэст, каб сустрэцца з кіраўніцай гомельскай культурніцкай суполкі «Талака» Ларысай Шчыраковай, але дарогу яму раптоўна перагарадзіў бамбіза ў цывільным — так, што тэлефон з рук вываліўся. Калі Кастусь стаў падымаць мабільнік, яго скруцілі, выварочвалі рукі. Актывіст крычаў: «Дапамажыце! Міліцыя!»

Паводле Кастуся Жукоўскага, яго завалаклі ў фае рэстарана, там надавалі каленьмі і пад дых, і па сьпіне, валялі па падлозе. Кастусь кажа, што ня раз стукнуўся галавой і нават страціў прытомнасьць, а калі апрытомнеў, рукі ў яго былі за сьпінаю ў кайданках.

Паводле в.а. следчага Беліцкага атрымлівалася, што Жукоўскі бег у напрамку «афіцыйнай дэлегацыі вышэйшых службовых асобаў, уключна з прэм’ер-міністрам Сідорскім», «штурхнуў двух мужчын», «нецэнзурна лаяўся». Тут яго нібыта й спыніў камандзір аддзяленьня палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня УУС Гомельскага аблвыканкаму Анатоль Грамакоў — «спыніў, назваў сябе й паказаў службовае пасьведчаньне». Але Кастусь «адштурхнуў Грамакова», «адрэагаваў нецэнзурнай лаянкай». Больш за тое, актывіст «вырываўся і некалькі разоў разам з Грамаковым А.А. упаў на тратуар». І толькі пасьля гэтага Грамакоў прымяніў прыём барацьбы «загіб рукі за сьпіну» і разам з напарнікам Дзьмітрыем Аўчыньнікавым вывеў актывіста з натоўпу. Але Жукоўскі нібыта «працягваў вырывацца, спрабаваў учыніць бойку» і «яшчэ раз упаў на тратуар, падняўся і спрабаваў некалькі разоў ударыць супрацоўнікаў рукамі». Тады тыя ўжылі спэцсродак — кайданкі.

Як падае далей в.а.сьледчага, калі Жукоўскага прывялі да рэстарана, «ён працягваў крычаць, нецэнзурна лаяцца, заклікаў да масавых беспарадкаў. У сувязі з гэтым яго завялі ў фае рэстарана, ён упаў на сьпіну і спрабаваў наносіць удары нагамі».

За ўсё пералічанае сп. Жукоўскі атрымаў ад раённага суду 10 сутак арышту: 5 за хуліганства і 5 — за супраціў міліцыі.

Кастусь Жукоўскі: «Сьледчы нават толкам ня зьверыў паказаньні міліцыянтаў у судзе і падчас пракурорскай праверкі. У судзе яны казалі, што я ня падаў, а зараз — ну, проста біўся галавой аб бардзюр. І тым больш незразумела, як я лаяўся па-беларуску „нецензурной бранью“, калі ў нашай мове няма такой бруднай лаянкі, якую мы нярэдка чуем на вуліцах ад маладзёнаў і міліцыянтаў».

Як лічыць спадар Жукоўскі, усе гэтыя «падзеньні на асфальт» патрэбныя былі, каб апраўдаць і траўму галавы, і вывіх рукі, і пашкоджаньне сьпіны, зафіксаваныя мэдыкамі.

Ня знойдзены й трэці ахоўнік, які нацягваў Кастусю капюшон курткі на галаву. І наагул дзіўна: актывіст так шмат абразіў у Ляскавічах людзей, а сьведчылі супраць яго тыя ж міліцыянты, чые дзеяньні ён абскарджваў.

Спадар Жукоўскі зьбіраецца аспрэчваць высновы выканаўцы абавязкаў сьледчага пракуратуры і зьвяртае ўвагу на непісьменнасьць ягонай пастановы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG