Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім выбаркаме паглядзелі відэа пра ініцыятыўную групу Лукашэнкі


Лідэры рухаў «Будучыня» Вячаслаў Дыянаў і «Вольнай моладзі» Мікіта Красноў
Лідэры рухаў «Будучыня» Вячаслаў Дыянаў і «Вольнай моладзі» Мікіта Красноў
У Цэнтравыбаркам паступаюць скаргі на дзейнасьць ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Адна з гэтых скаргаў разглядалася сёньня Менскай гарадзкой камісіяй. Альтэрнатыўныя кандыдаты, якія пераадолелі статысячную мяжу, працягваюць збор подпісаў. Пасьля сыходу з дыстанцыі Сяргея Рыжова прэтэндэнтаў у кандыдаты засталося 14.

Лідэры рухаў «Рух будучыні» Вячаслаў Дзіянаў і «Вольнай моладзі» Мікіта Красноў накіравалі скаргу зь відэаматэрыяламі ў Цэнтравыбаркам з просьбай прызнаць усе подпісы, якія сабралі сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі спадары Атаманаў і Хмыль несапраўднымі. І прыняць меры да ініцыятыўнай групы. Актывісты заявілі, што на пікетах, дзе зьбіралі подпісы за Лукашэнку, ніхто ня меў неабходных пасьведчаньняў. ЦВК перадаў гэтую скаргу ў Менскую гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта, якой кіруе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка. Сёньня гэтая камісія прыняла рашэньне азнаёміць раённыя камісіі Менску з інфармацыяй, якую падалі актывісты, а таксама з матэрыяламі разгляду іх звароту. Раённыя камісіі па выбарах прэзыдэнта павінны выкарыстаць гэтыя матэрыялы пры праверцы сапраўднасьці подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Сябра гарадзкога выбаркаму Галіна Сямдзянава таксама падтрымала гэтае рашэньне, але выказала заўвагу:

«Я лічу, паколькі гэтая заява Краснова была накіраваная у ЦВК, то ЦВК і павінна была яе разглядаць, а не перадаваць гэта нам. Я была вельмі зьдзіўлена таксама, што вывучэньне гэтага матэрыялу цягнулася дзесяць дзён, а ня тры, як патрабуецца. Бо там не было праблемаў, усе вядомыя, нікога ня трэба было шукаць. І гэтае рашэньне трэба было прымаць ня сёньня, а значна раней».

Галіна Сямдзянава
Паводле спадарыні Сямдзянавай, сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі парушылі закон:

«Па вялікім рахунку, гэтыя людзі наогул не павінны былі займацца гэтай працай. Бо збор подпісаў — гэта чыста тэхнічная справа. Адзін кандыдат навук, другі дэпутат Менгарсавету. Гэта ня царская справа. Атрымоўваецца, што мікраскопам цьвікі забіваюць. Яны наогул не павінны быць у складзе ініцыятыўнай групы. Але, калі яны ўвайшлі, то павінны займацца такім жа зборам, як займаюцца ўсе астатнія. Калі прытрымлівацца рэкамэндацый ЦВК, то ўсе гэтыя подпісы можна лічыць несапраўднымі.Таму гарадзкая камісія і прапануе раённым зьвярнуць увагу».

Мікіта Красноў і Вячаслаў Дыянаў лічаць, што іх скаргу павінна разгледзець Цэнтральная выбарчая камісія, бо гарадзкі выбаркам вынес неадназначнае рашэньне. Мікіта Красноў паведаміў, што мае новыя відэаматэрыялы пра парушэньні ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі:

«Сэнс у тым, што гэтыя подпісы зьбіраюцца не па законе. Падчас збору яны парушаюць 61-ы артыкул выбарчага кодэксу. Апроч гэтага мы маем дадатковыя матэрыялы на іншыя пікеты. Напрыклад, такая ж заява будзе пададзена на Дзьмітрыя Шаўцова, якога мы таксама злавілі за руку, калі подпісы зьбіралі невядомыя асобы, якія не зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы. І мы будзем працягваць гэтыя здымкі, нягледзячы на гэтыя рашэньні. Гэта ёсьць канкрэтны відэаматэрыял. Што тут незразумелага?»

Валянцін Стэфановіч
Таксама скаргу на дзейнасьць ініцыятыўнай групы Лукашэнкі падаў у ЦВК праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён спасылаецца на графік удзелу ў пікеце Лукашэнкі, складзены начальнікам аддзела ідэалягічнай і выхаваўчай працы ўпраўленьня адукацыі Ленінскага раёна Менску. Ідэоляг просіць кіраўнікоў навучальных установаў «забясьпечыць удзел маладых, ініцыятыўных супрацоўнікаў» у пікеце:

«Гэта яскравы прыклад адміністратыўнага рэсурсу. Я не кажу пра факты, якія мы зафіксавалі, калі выхавацелькі дзіцячых садкоў і школаў, ня будучы сябрамі ініцыятыўнай групы, зьбіраюць подпісы за вылучэньне Лукашэнкі, і што іх прымушаюць гэта рабіць. Гэта парушэньне 61-га артыкула выбарчага кодэксу. Цэнтральная камісія ўхіляецца ад разгляду такіх скаргаў і скіроўвае іх у ніжэйшыя камісіі. Яны іх разглядаюць, часам даючы вельмі сьмешныя адказы».
Цэнтральная камісія ўхіляецца ад разгляду такіх скаргаў і скіроўвае іх у ніжэйшыя камісіі.


На гэтым тыдні альтэрнатыўныя кандыдаты пачалі перадаваць падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя камісіі. Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саньнікаў і Віктар Цярэшчанка заявілі, што пераадолелі статысячную мяжу. Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі заяўляюць, што набліжаюцца да патрэбнай лічбы. Паводле спадара Статкевіча, за яго сабрана ўжо 93 тысячы подпісаў:

«Пачалася здача. Напрыклад, пазаўчора ў Магілёве здадзена тры тысячы подпісаў, тысяча ў Віцебску. Але пасьля здачы пачынаецца абзвон супрацоўнікамі гарвыканкамаў і гэта запалохвае людзей. Людзі пачынаюць расказваць, што ў іх нехта грубым голасам дапытваўся, ці праўда, што яны за апазыцыянэра падпісаліся. Таму далі магчымасьць самім выбіраць, калі здаваць — цяпер ці пазьней».

Сяргей Рыжоў
Пасьля таго, як на гэтым тыдні спыніла збор подпісаў ініцыятыўная група Сяргея Рыжова зь Віцебску, засталося 14 кандыдатаў.

Камэнтуючы сваю адмову ад удзелу ў выбарах спадар Рыжоў адзначыў:

«Народ у пэўнай сваёй немалой частцы проста баіцца ставіць подпісы за кандыдатаў, альтэрнатыўных дзейнаму цяпер прэзыдэнту. Асабліва выразна гэта прасочваецца на заводах, у дзяржаўных установах. Людзей папярэджваюць, што калі яны будуць ставіць свае подпісы, у іх могуць быць непрыемнасьці».

Таксама на гэтым тыдні пачалося вылучэньне кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG