Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы раяць быць уважлівымі да хлеба на стале


Чалавецтва ўжывае хлеб больш як 10 тысяч гадоў. Увесь гэты час за ім захоўвалася рэпутацыя вельмі карыснай ежы, ён лічыўся абсалютна неабходным арганізму.

У беларусаў, як і ў шмат якіх іншых народаў Эўропы, дражджавы хлеб традыцыйна быў адным з асноўных харчовых прадуктаў. Гэта невыпадкова. Зьвернем увагу на ягоны хімічны склад. Хлеб з мукі грубага памолу на хмелевай заквасцы (натуральныя дрожджы) утрымлівае ўсе незаменныя амінакіслоты, вугляводы, клятчатку, вітаміны Bl, B7, РР, мінэральныя рэчывы, а таксама мікраэлемэнты — золата, кобальт, медзь, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэньні так званых дыхальных фэрмэнтаў.

Такі хлеб, сьпечаны ў варыстай печы, мог ня чарсьцьвець і ня плесьнець некалькі месяцаў. Чалавек, які есьць яго, напаўняецца энэргіяй, перастае хварэць на прастуду, у яго добра функцыянуе страўнік, аднаўляецца імунітэт.


Ня тая мука


У Беларусі і ў большасьці рэспублік былога СССР хлеба па-ранейшаму ядуць шмат. Хоць яго даўно пякуць не па хатах, а на хлебазаводах, і рэцэптура істотна адрозьніваецца ад той, што была ў нашых бабуль. Адпаведна, розьніцца і хімічны склад.

Меркаваць пра гэта можна з таго, як выглядае заводзкі хлеб ужо праз тыдзень. Ён і чэрствы, і заплесьнелы. Айчынныя дыетолягі тлумачаць сытуацыю якасьцю мукі, якая ў заводзкіх умовах праходзіць працэс "тонкага памолу". Прамысловыя мукамольныя машыны гэтак грэюцца, што нішчаць усё вітаміны. Пасьля ж "ачысткі" ды рафінаваньня (каб была бялейшая) мука страчвае больш як 25 карысных рэчываў. І нават калі яе потым штучна "ўзбагачаюць", то вяртаецца толькі траціна ранейшай колькасьці жалеза і вітамінаў В1 і В3. Астатнія карысныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў збожжы, зьнікаюць беззваротна.

Аднак заводзкія машыны — гэта далёка не адзіная праблема. Плесьня бярэ свой пачатак яшчэ ў полі. Грыбкі, якія заводзяцца ў збожжы, калі ўраджай няправільна зьбіраюць ды захоўваюць, ня гінуць пры выпечцы цалкам: яны здольныя вытрымаць і 500 градусаў. Трапляючы ж у арганізм, яны размножваюцца, атакуюць флёру кішэчніка і нішчаць яе.

Адзін з найбольш небясьпечных хлебных таксінаў грыбковага паходжаньня — патулін. Трапіўшы ў страўнік, патулін можа справакаваць рост плесьні на самых розных участках страўнікава-кішэчнага тракту. Да таго ж у крыві падвышаецца колькасьць эрытрацытаў і, адпаведна, зьніжаецца колькасьць леўкацытаў.

Сёньня спажыўцы Нямеччыны ды іншых заходніх краін, убачыўшы на хлебе першыя прыкметы плесьні, вяртаюць яго ў крамы і атрымліваюць грашовую кампэнсацыю. Звычайна такое здараецца з хлебам, які набыты не ва ўлюбёных немцамі маленькіх крамах-пякарнях, а ў вялікіх супэрмаркетах.

У былым жа СССР людзі нярэдка зразаюць плесьню з псаванага хлеба і ядуць астатняе.


Ня тая закваска


Ня менш небясьпечны складнік хлеба, якія выпякаецца на хлебазаводах у краінах СНД, — тэрмафільныя дрожджы (або цукраміцэты). У СССР іх пачалі вырабляць яшчэ да 2-й сусьветнай вайны для сьпіртавой прамысловасьці, піваварэньня, хлебапячэньня. Паводле некаторых гістарычных дакумэнтаў, якія доўгі час захоўваліся ў савецкіх архівах пад грыфам "сакрэтна", першымі пра небясьпеку цукраміцэтаў заявілі лекары гітлераўскага войска: "Калі Расея не загіне ад вайны, то яна загіне ад дражджэй". Пякарскія дрожджы вырошчваюць у вадкіх пажыўных асяродзьдзях. Меласу (адкіды ад вытворчасьці цукру) разводзяць вадой, апрацоўваюць хлёрнай вапнай, падкісьляюць сернай кіслатой і г. д.

Навукоўцы ўсяго сьвету ўжо даўно забілі трывогу ў сувязі з узьдзеяньнем тэрмафільных дражджэй на арганізм чалавека.

Так, францускі навуковец Эт'ен Вольф 37 месяцаў культываваў злаякасную пухліну ў растворы з экстрактам дражджэй. Высьветлілася, што ў такім растворы памер пухліны падвойваецца і патройваецца за тыдзень. Але як толькі з раствору выдалялі экстракт, пухліна гінула. Была зробленая выснова, што ў экстракце дражджэй ёсьць рэчыва, якое стымулюе рост ракавых пухлін.


Не падсаджвайце на хлеб дзяцей


Як сьведчаць францускія навукоўцы, тэрмафільныя дрожджы размножваюцца ў арганізьме ў геамэтрычнай прагрэсіі, так што патагенная мікрафлёра прыгнятае нармальную. У выніку парушаецца дзейнасьць усіх органаў страваваньня, а таксама падстраўнікавай залозы, жоўцевага пухіра, пячонкі, кішэчніка.

Такія хлебапрадукты вельмі шкодныя для дзіцячага арганізму. Лекары адзначаюць у дзяцей крытычнае зьніжэньне ўзроўню кальцыю ў крыві. Яе біяхімічны склад мяняецца суцэльна. Адбываюцца зьмены касьцявой, нэрвовай, лімфатычнай сыстэмаў.

Абыякавасьць сучасных вытворцаў хлеба да канчатковага прадукту робіць хлеб небясьпечным.

Дыетолягі выступаюць за тое, каб, акрамя вялікіх дзяржаўных хлебазаводаў, існавалі міні-пякарні, дзе хлеб пяклі б з грубай мукі, на прыроднай заквасцы або ўвогуле без дражджэй.

Тым, хто дбае пра здароўе дзяцей, варта паспрабаваць пячы хлеб самім або ўвогуле ад яго адмовіцца, замяніўшы хоць бы той жа бульбай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG