Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч: Я назваў сябе гледачом на спэктаклі


Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч
Лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч перадаў заяву ў Цэнтравыбаркам на імя яе старшыні Лідзіі Ярмошынай аб тым, што здымае сваю кандыдатуру з вылучэньня ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

"Я сёньня прыйшоў у штаб у 8.30, убачыў 100 150 подпісаў, усіх павіншаваў, падзякаваў і пайшоў у Цэнтравыбаркам. Па-першае, я хацеў, каб усе пераканаліся, як ставяцца людзі да лідэра і да палітычнай партыі. Дзякуй Радыё Свабода за тое, што вы здымалі, як мы зьбіраем подпісы. Я ўдзячны Радыё Свабода за аб'ектыўнасьць. Мы задаволены і лічым, што наша рашэньне вельмі правільнае", — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Гайдукевіч.

Гаворачы аб прычынах свайго рашэньня, спадар Гайдукевіч адзначыў, што пра гэта, маўляў, няхай напішуць палітолягі.

"Партыя вырасла, і наш патэнцыял настолькі вялікі, што мы ў палітыцы надоўга і яшчэ сябе пакажам у многіх мерапрыемствах. Гайдукевіч даказаў, што ён салідны гулец на гэтым палітычным полі. І ў мяне вельмі вялікая будучыня".

Спадар Гайдукевіч адзначае, што ніякага ціску з боку ўладаў не было.

"Гайдукевіч, сур'ёзны кандыдат у прэзыдэнты, зрабіў свой крок. Гэты крок цяпер бачны ўсім. Хто разумее, няхай разумее. А вось раскрываць душу, распавядаць, ці ж гэта сур'ёзна? Я зрабіў крок, і гэта справа палітолягаў — няхай кожны напіша, што думае. Але я лічу, што мы зрабілі вельмі правільна".

Ці азначае гэта, што няма сэнсу браць удзел у выбарах, бо ўжо вырашаны іх вынік?

"Я зьняўся, і я гэтым усё сказаў. Я ўсім паказаў ініцыятыўную групу. Бачыце, ажно 40 чалавек выключылі з 10 з паловай тысяч сяброў ініцыятыўнай групы. У іх быў толькі від на жыхарства, а грамадзянства не было. Мы так напалохаліся, таму за пяць дзён і сабралі подпісы. І самае галоўнае — грошай нікому не давалі".

Ці зьбіраецеся вы перадаваць свае галасы іншаму кандыдату, агітаваць за некага іншага?

"Ну няўжо ў маёй партыі наёмнікі? У мяне ў партыі сябры партыі, і нікому ніякіх галасоў мы аддаваць ня будзем. І агітаваць ні за каго ня будзем. У нас ёсьць лідэр партыі, ёсьць ЛДП. І гэта партыя не гандлюе ні сваімі галасамі, ні сваімі сьцягамі. Мы зьняліся і не зьбіраемся некаму нешта перадаваць ці за некага заяўляць. Гэта ня ў нашых правілах, і тым больш, што я быў адным з мацнейшых кандыдатаў у прэзыдэнты. Каму я павінен саступаць? Я іх палову ў твар ня ведаю!".

У адным з інтэрвію Вы сказалі, што здымаецеся з выбараў, бо ня хочаце браць удзел у гэтым спэктаклі, як вы называеце выбары.

"Ну, я назваў сябе гледачом. Я — глядач на спэктаклі. Розныя спэктаклі паўтараюцца па пяць разоў, і я хачу цяпер пабыць гледачом. Я хачу паглядзець збоку, як гэта ўсё будзе".

Вы не выключаеце, што магла б быць праблема зь яго рэгістрацыяй кандыдатам. Ці, магчыма, што гэта і магло стаць прычынай цяперашняга рашэньня?

"Ну, што Вы, я так мелка буду плаваць? Навошта так? Потым, як тут некаторыя кандыдаты кажуць: “Ой, нас не зарэгіструюць”. Ну, калі ты гэта ведаеш, то рабі як Гайдукевіч. Пакажы, хто ты ёсьць, пакажы групу ініцыятыўную, подпісы — і рабі".

Ці будзе ЛДП браць удзел у выбарчай кампаніі?

"Партыя адпачывае. Цяпер каардынаты кажуць: адзін паедзе на рыбалку, другі яшчэ некуды. Мы гледачы, мы будзем назіраць, глядзець, як усё адбываецца. Там будзе вельмі цікава. А потым будзем паводзіць вынікі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG