Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: “Відэазварот Дз. Мядзьведзева: толькі асабістае – ніякага бізнэсу”


Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі
Відэазварот прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева і бягучы стан беларуска-расейскіх адносінаў камэнтуе расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі.

Радзіхоўскі: Гэты відэазварот - адваротны прынцыпу: толькі бізнэс - нічога асабістага. А тут толькі асабістае - ніякага бізнэсу. Узаемная агіда гэтых дзьвюх асобаў дайшла да такога пункту, што яны, напляваўшы на палітычныя разьлікі і прыстойнасьць, высьвятляюць адносіны. Лукашэнка, як заўжды хітрэйшы і разумнейшы, ён з гэтай справы мае асабісты профіт. Ён і душу адводзіць, бо ненавідзіць Мядзьведзева, як і Пуціна, дарэчы. Але ён ня толькі іх ненавідзіць, ён і выгаду з гэтага мае, бо на выбарах яму гэта дапаможа. Можа, кагосьці і адштурхне, але хутчэй дапаможа. А Мядзьведзеў ніякай выгады ня мае. Яму гэтая заява хутчэй у мінус пойдзе, але ён ужо ня можа гэта цярпець.

Аднак трэба аддаць яму належнае – ён у безвыходным становішчы. Пасьля таго, што Лукашэнка нагаварыў пару дзён таму, неяк рэагаваць трэба было. Іншая справа як.

Свайго часу ўзор паказала Кандаліза Райс. У ААН выступаў Чавэс і толькі што матам не абкладаў Буша. І калі Райс спыталі, што яна думае на гэты конт, яна сказала: "Гэта не камэнтуюць". Слова "гэта" адносілася і да прамоваў Чавэса і да самога Чавэса.

Дракахруст: А часткай якога сцэнару можа быць гэты відэазварот, ці праглядаецца ў дзеяньнях Крамля нейкі плян, ці ёсьць ён наагул?

Радзіхоўскі: Я у Крэмль не хаджу, таму ня ведаю, ці ёсьць там плян. Пэўна, крамлёўскія піяршчыкі нешта прыдумалі, ім жа бюджэты асвойваць трэба. Але па сутнасьці відавочна, што ніякага сапраўднага пляну ў Масквы няма. Няма з трох прычынаў.

Першая – тое, што па ўсіх прагнозах Лукашэнка выйграе, прычым выйграе пры сумленным падліку галасоў.

Другое – у Масквы няма адзінага кандыдата. Лукашэнка разумны чалавек, ён раскалоў гэтую вашу апазыцыю. Калі б Масква рабіла стаўку, то толькі на адзінага суперніка, якога няма.

Трэцяе і галоўнае – калі б Масква магла лічыць на крок наперад, дык тое, што яна атрымае, калі ўявіць неверагоднае – Лукашэнка прайграе выбары. І Масква мае дэмакратычнага прэзыдэнта Беларусі, які на другі дзень пабяжыць не ў Маскву, а на Захад. Беларусь дэмакратычная, бізнэсовая, інтэлігентная ня хоча інтэгравацца з Масквой, а хоча інтэгравацца з Захадам, яна дастаткова справядліва лічыць сябе эўрапейскай краінай.

Дракахруст: У беларускіх афіцыйных мэдыяў раз-пораз паўтараецца меркаваньне, што ў цяперашнім супрацьстаяньні паміж Масквой і Менскам расейская грамадзкая думка – на баку Лукашэнкі.

Радзіхоўскі: Згодны, грамадзкая думка Расеі ў асноўным на баку Лукашэнкі. Традыцыя. Столькі гадоў тлумачылі, як Лукашэнка вядзе кровапралітныя баі з натаўскімі танкавымі дывізіямі, якія рвуцца праз Беларусь у Расею. За што баролісь, на то і напаролісь.
Яшчэ да Пуціна расейская прапаганда стала рэзка антызаходняй. Захад – вораг, як у часы Аляксандра Неўскага, псы-рыцары, саюзьнік – вялікі славянін Лукашэнка, мы разам, як у 1941 годзе і г.д. Гэта глыбока ўкарэнена ў сьвядомасьці расейскага грамадзтва: антызаходняга, нацыяналістычнага, мілітарызаванага (псыхалягічна мілітарызаванага – бо ж рэальна ў армію ніхто ня рвецца). І што б ні казаў Мядзьведзеў, яму не па сілах павярнуць гэтую парадыгму, якая працуе на Лукашэнку.

А тыя групы ў Маскве, якія настроеныя празаходне і лібэральна, кепска ставяцца і да Пуціна, і да Мядзьведзева і для іх Лукашэнка – зло, але дакладна такое самае, як Пуцін і Мядзьведзеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG