Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год, як ня стала Альгерда Невяроўскага


Альгерд Невяроўскі
Альгерд Невяроўскі
1 кастрычніка споўніўся год, як ня стала нашага калегі Альгерда Невяроўскага. І сёньня ў катэдральным касьцёле ў Менску прайшла імша ў памяць пра журналіста, голас якога дзесяць гадоў гучаў на хвалях нашага радыё.

Летась 19 жніўня ён адсьвяткаваў саракагодзьдзе, а 1 кастрычніка Альгерда ня стала. Ягоны кароткі шлях можна ўпісаць у такую ж ляканічную фразу: «Любіў Беларусь». Прыгадвае калега па апошнім месцы працы Альгерда Невяроўскага супрацоўнік Радыё Рацыя паэт Алесь Аркуш:

«З Альгердам Невяроўскім я працаваў разам больш за год. За гэты час я пераканаўся, што ён быў чалавекам, які быў сапраўды закаханы вось у гэтую мару нашу агульную — у незалежную дэмакратычную Беларусь. З тых размоваў, якія ён звычайна на гэтую тэму пачынаў, і ягоных выказваньняў пра гэта, адчувалася, што гэтая праблема была ў ім штодзённа актуальная і сваё жыцьцё ён скіроўваў на набліжэньне гэтай мары».

Пасьля заканчэньня ў 1995 годзе гістарычнага аддзяленьня каталіцкага ўнівэрсытэту імя Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве ён працаваў у розных незалежных мэдыях — беларускіх газэтах «Наша слова» і «Свабода», супрацоўнічаў з расейскай газэтай «Коммерсант», працяглы час быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску. Ад 2007 году жыў у Беластоку і працаваў журналістам Радыё Рацыя.

Алесь Аркуш працягвае:

«У журналісцкай працы ён не баяўся праблемных тэмаў, заўсёды лёгка яго было накіраваць на асьвятленьне тых падзеяў, дзе журналістам было небясьпечна. І ў гэтым была ягоная журналісцкая місія».

У Беластоку імша ў памяць пра Альгерда Невяроўскага пройдзе 12 кастрычніка а 18-й гадзіне ў касьцёле Сэрца Ісуса, што на вуліцы Траўгута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG