Увесь верасень у эфіры ранішняй і Начной “Свабоды” гучалі песьні Лявона Вольскага з праекту “Саўка ды Грышка”. Сам праект распачаўся сёлета ўвесну і будзе працягвацца і надалей. Кожную сераду Саўка ды Грышка” на сайце “Свабоды” абмяркоўваюць розныя падзеі – ад выбарчай кампаніі да футболу і гей-параду. Стваральнік “Саўкі ды Грышкі” Лявон Вольскі сёньня госьць Начной Свабоды.
Соўсь: Лявон, паводле статыстыкі “Песьня праўды” Саўкі ды Грышкі” – з найбольш чытаных на нашым сайце. А ці нарадзіўшыся на “Свабодзе” не зажывуць Саўка ды Грышка надалей самастойным жыцьцём, напрыклад зьявяцца на тэлебачаньні, ў кіно, на канцэртах. Як вы ўяўляеце іх зьнешні выгляд?
Вольскі: Хто можа ведаць, што можа здарыцца? Нейкіх пэрсанажаў распрацуеш, пусьціш у сьвет, а потым глядзіш, яны ўжо і на вуліцах табе сустракаюцца, можа быць. Як яны выглядаюць? Ну , у вас жа ёсьць іхнія аватары на сайце. Яны такія мажныя, у поўным узросьце, ім за 40 абодвум.
Соўсь: Вашы сымпатыі часьцей на баку Грышкі ці Саўкі?
Вольскі: Ну вось я часта людзі ў студыі маюць сымпатыі на баку Савелія. Бо ён чалавек вельмі кепскі, але душэўны. А мае сымпатыі -- па-рознаму бывае. То адзін нешта трапнае скажа ў нейкай сытуацыі, то другі.
Соўсь: Цяпер адбываецца выбарчая кампанія. Вас не запрашалі патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта да сябе ў каманду? На канцэртах ў падтрымку якіх кандыдатаў вы пагадзіліся б сьпяваць?
Вольскі: Цяпер такая сытуацыя вельмі эксклюзыўная, вельмі заблытаная. Зараз людзі нейкія пасвараныя, і каманды кандыдатаў, як і мае героі, рэдка калі сыходзяцца ў меркаваньнях, таму я для сябе лічу за лепшае ў гэтым годзе ні за каго канкрэтна не гуляць, бо можна спаслаць на сябе праклён іншых. Лічу за лепшае ўстрымацца ад удзелу на чыімсьці баку. Калі раней ішлі адзіным фронтам, і калі запрашала (я ня буду называць імёнаў) нейкая адна кампанія, дык іншыя ставіліся да гэтага з разуменьнем -- "Ну ладна". Я цяпер, баюся, ня так будзе зразумета. Занадта шмат скрайнасьцяў у камандаў кандыдатаў.
Соўсь: Памятаеце некалькі гадоў таму на вас ды іншых музыкаў абрушылася крытыка з самых розных бакоў за тое, што вы хадзілі ў адміністрацыю прэзыдэнта да Праляскоўскага? Як цяпер глядзіце на той візыт і ягоныя вынікі, увогуле ці варта варта супрацоўнічаць з цяперашняй уладай?
Вольскі: З уладай ня варта ні ў якіх формах. А з дзяржавай варта, наколькі гэта мажліва. Напрыклад, калі ты хочаш зладзіць канцэрт у вялікай залі, якая належыць дзяржаве, дык ты мусіш пасупрацоўнічаць, мне падаецца... А з уладай -- ня бачу ніякага сэнсу супрацоўнічаць, ні ў якой краіне, прычым.
Соўсь: Хутка будзе 10 гадоў, як няма вашага бацькі. Які ягоны запавет, парада найбольш прыдаліся ў жыцьці?
Вольскі: Пра асабістыя парады ня буду казаць, а вось наконт творчасьці, асабліва празаічнай, у свой час ён даў мне такую істотную параду, яна простая, яе шмат хто ведае -- пішы пра тое, што добра ведаеш, калі гэта е фантастыка. І я часта з гэтай парады карыстаўся і ніводнага разу не памыліўся.
Соўсь: Мы прапанавалі наведнікам нашага сайту задаць вам пытаньне. Піша Ірына: “Паважаны Лявон! Вітаем на начной Свабодзе! Шчыра хачу падзякаваць за ўдзел у кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі!" Дзякуй вялізны, што далучыліся да кампаніі і падпісалі нашу пэтыцыю! “. “Пятровіч, Бялынічы Магілёўская вобл., Спадар Вольскі! Яшчэ ў мінулым годзе бачыў відэаролік на YouTube, дзе Вы выступаеце супраць сьмяротнага пакараньня і падпісваеце пэтыцыю. Цешыць, што мой улюбёны музыка мае такую гуманістычную пазыцыю па гэтым складаным для нашага грамадзтва пытаньні. Дарэчы, у мяне склалася ўражаньне, што, гледзячы на Вас, і Стынг падпісаў пэтыцыю! :) На жаль, з таго часу, як Вы падтрымалі кампанію супраць сьмяротнага пакараньня, у Беларусі расстралялі двух чалавек, і ўжо вынесеныя новыя сьмяротныя прысуды. Ці плянуеце Вы яшчэ якія-небудзь акцыі супраць сьмяротнага пакараньня? Калі так, то якія і дзе?
Вольскі: Калі мне прапануе тая ініцыятыва, якая займаецца скасаваньнем сьмяротнага пакараньня -- я б, безумоўна, згадзіўся на некаторыя акцыі...Бо гэта нецывілізавана, і гэта праява нейкіх помстаў у самым такім горшым варыянце. А што Стынг -- безумоўна, ён прыслухаўся да майго меркаваньня, я згодны тут, хутчэй за ўсё.