Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне за касьцёл Сьвятога Язэпа працягваецца


Касьцёл Сьвятога Язэпа.
Касьцёл Сьвятога Язэпа.
Стваральнікі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя заклікаюць актывістаў у рэгіёнах далучыцца да акцыі ў абарону менскага касьцёла Сьвятога Язэпа. БХД намерваецца таксама пашырыць змаганьне за вяртаньне вернікам іншых хрысьціянскіх сьвятыняў у розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Адзін зь першасных этапаў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, збор подпісаў, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы вылучэнца ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага намерваюцца спалучыць з пашырэньнем акцыі ў абарону менскага касьцёла Сьвятога Язэпа і іншых хрысьціянскіх сьвятыняў. З гэтай мэтай адбылася сустрэча з рэгіянальнымі прадстаўнікамі БХД, паведаміў Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
«Падчас выбарчай кампаніі мы будзем працягваць змаганьне за касьцёл. Апроч таго, ёсьць пляны пашырэньня гэтай кампаніі, бо ў Беларусі вернікам ня вернутыя вельмі шмат храмаў і праваслаўных, і каталіцкіх. Такія храмы ёсьць у кожным рэгіёне Беларусі, і будзем за гэта змагацца».

Шукаць новыя адрасы занядбаных беларускіх сьвятыняў няма патрэбы, бо яны даўно вядомыя. Пра адзін з такіх выпадкаў падчас сустрэчы распавёў жыхар Глыбокага Яўген Самсонаў:

«Касьцёл у вёсцы Селішчы прыйшоў у поўны заняпад. Я шмат пісаў пра гэта ў газэту „Вольнае Глыбокае“, што там ужо помнік вандалізму стаіць, а не касьцёл. Гэткім чынам зьнішчаецца наша апошняе сьвятое. І гэтую тэму абавязкова, абавязкова трэба ўздымаць, бо толькі праз духоўнасьць адродзіцца Беларусь».

Рэгіянальныя актывісты БХД таксама выказваюць гатоўнасьць падтрымаць змагароў за вяртаньне вернікам касьцёла ў Менску. Аднак старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мяркуе, што ініцыятыва БХД вартая іншага выкарыстаньня:

Антон Астаповіч
«Я разумею, што будынкі павінны належыць каталікам. Але ж касьцёлу нічога не пагражае — касьцёл як стаяў, так і будзе стаяць. Там знаходзяцца архівы — яны будуць знаходзіцца і надалей. Трэба зьвяртаць увагу на вуліцу Гандлёвую і на стратэгічнае пытаньне, што мы страчваем гістарычны цэнтар».

Паводле Антона Астаповіча, сёньня Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях аховы спадчыны пры Міністэрстве культуры РБ зацьвердзіла распрацаваны Менскпраектам праект забудовы вуліцы Гандлёвай, які парушае дзейнае заканадаўства і пагражае зьнішчэньню гістарычнай забудовы старога Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG