Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынца і Рымашэўскага вывезьлі і “выкінулі” далей ад кляштару


Чарговая акцыя ў абарону касьцёлу Сьвятога Язэпа і кляштару бэрнардынцаў у Менску пачалася з затрыманьняў. Як і напярэдадні, перад пачаткам акцыі на выхадзе з мэтро супрацоўнікі спэцслужбаў цывільным забралі і «запіхнулі» у службовую машыну сустаршыняў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага.

Затрымліваюць Віталя Рымашэўскага

Павал Севярынец расказаў, што іх амаль гадзіну «каталі» па горадзе, а потым гэтак жа нечакана адпусьцілі:

«Нас павазілі па горадзе і высадзілі дзесьці на вуліцы Багдановіча. То бок, адвезьлі за пару кілямэтраў ад Нямігі і выкінулі. Літаральна толькі што выпусьцілі. Пэўна, чакалі, пакуль скончыцца акцыя. У машыне Віталю вельмі моцна круцілі рукі, пагражалі нават зламаць руку».

Затрыманьне Паўла Севярынца


Учора напярэдадні аналягічнай акцыі ў абарону касьцёлу сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў у Менску з выкарыстаньнем сілы былі затрыманыя 12 чалавек, сярод іх дэмакратычныя актывісты Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Мікалай Дземідзенка, Зьміцер Яскевіч, Яўген Афнагель, Паліна Кур’яновіч ды іншыя. Бальшыню зь іх па дарозе ў міліцыю Цэнтральнага раёну моцна зьбілі.

Сёньня ганак касьцёлу быў заняты аўтамабілем.
Нягледзячы на затрыманьні, акцыя адбылася.

Актывісты апазыцыі ладзяць мірныя акцыі ля касьцёлу штодня, пачынаючы з 16 верасьня, заклікаючы вярнуць храм вернікам. Цяпер у будынку знаходзіцца частка Нацыянальнага архіву, але ў пэрспэктыве гарадзкія ўлады мяркуюць пераабсталяваць сьвятыню пад гатэль.

Увогуле барацьба за вяртаньне сьвятыні доўжыцца ўжо шэсьць гадоў. А 16 верасьня актывісты апазыцыі заявілі, што далучаюцца да змаганьня і штодня будуць ладзіць свае акцыі — ажно да таго часу, пакуль помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя — кляштар бэрнардынцаў з касьцёлам сьвятога Язэпа — ня будзе аддадзены ў распараджэньне вернікаў. У першы ж дзень міліцыя затрымала 18 чалавек.

Паплечнікі затрыманых актывістаў не выключаюць, што такім чынам улады адрэагавалі на абвешчаныя напярэдадні пляны маладафронтаўцаў узяць актыўны ўдзел у палітычнай кампаніі. У прыватнасьці, 19 верасьня сойм «Маладога фронту» заявіў пра пачатак грамадзянскай кампаніі «Сыходзь!», якая мусіць засьведчыць, што магчымае вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь незаконнае ў любым выпадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG